Вы тут

Краіна старых алей


Можа, нездарма адна з трох рэчаў, якія павінен зрабіць кожны мужчына, — гэта пасадзіць дрэва? Нядаўна гутарылі пра тое з адным знаёмым. Дрэва як сімвал тваёй эпохі. Як тое, што запачаткавана ўласнымі рукамі і застанецца калі не назаўжды, то вельмі надоўга.


Гаварылі мы і пра тое, што старажытныя алеі, якіх так шмат у Беларусі, — гэта помнікі. Свайго часу. Гаспадароў. Сядзіб, ля якіх іх пасадзілі. Мы не звяртаем на гэта ўвагі, але ж Беларусь — краіна не толькі замкаў. Нават у большай ступені яна — краіна старых алей. І тут, і там растуць яны, у пэўным сэнсе непрыкметныя, — на першы погляд звычайныя дрэвы, нават крыху занядбаныя. А з іншага боку, калі прыгледзецца, калі задумацца, — вось яны, шматгадовыя волаты, якія памятаюць столькі, што нам і ўявіць складана. Якія сняць салодкія сны пра мінуўшчыну.

«Сапраўдным цудам беларускай зямлі можна назваць дарожныя алеі, — піша Армен Сардараў у сваёй кнізе «Шляхастварэнне. Гісторыя і культура беларускіх дарог». — Як зводы фантастычных храмаў, яны вянчаюць нашы дарогі, ствараючы дзівосную карціну, быццам людзі знаходзяцца ўнутры, а не звонку, і зялёны калідор вядзе іх кудысьці ўдалечыню, да нечага далёкага і цудоўнага... Выбітныя і рамантычныя малыя алеі, якія яшчэ жывуць ля старажытных панскіх сядзіб, — сведкі таго жыцця, якое ўжо не вернецца ніколі».

Калі зноў успомніць пра тое, што Беларусь — краіна замкаў — то не так шмат (у параўнанні з былой раскошай) у нас іх захавалася, аднак замкі ўсё-такі ёсць. А вось пра страчанае часта сведчаць алеі. Стаяць яны, маўклівыя, і сваім шапаценнем аплакваюць веліч колішніх гаспадароў і іх маёнткаў. А, можа, чуецца ў гэтым няскоранасць і свабода — маўляў, многае было зруйнавана, але мы стаім і не здадзімся, да апошняга лісціка і галінкі...

Калі падлічыць усе ацалелыя да сёння алеі і ў пэўнай праграме намаляваць тыя пабудовы, што насамрэч стаялі каля іх калісьці, — мы атрымалі б зусім іншую Беларусь! Своеасаблівая паралельная рэальнасць — краіна, багатая на адметную архітэктуру і шляхецкую веліч.

У той жа час прыгадваюцца нейчыя словы: «Яны закатвалі нас асфальтам. Але не ведалі, што мы трава». І тут зусім не маюцца на ўвазе ніякія міфічныя «яны». Проста мы жывём у эпоху глабалізацыі, калі ўсё высакароднае быццам бы застаецца дзесьці ззаду... А свет імкліва імкнецца да ўніфікацыі і аднастайнасці ўсяго. На важныя падзеі, месцы, асобаў часам падае пыл забыцця. Таму задача гісторыкаў, папулярызатараў нашай спадчыны — не даць згінуць усяму гэтаму багаццю, нашаму ўсведамленню сябе вялікай і моцнай нацыяй, у якой за плячыма такая гісторыя, за якую не сорамна.

І вось пасярод ліхалеццяў і скразнякоў XXІ стагоддзя ў Беларусі па-ранейшаму каля дарог стаяць яны, старыя алеі. Вартуюць спакой жыхароў і мінакоў, затуляюць ад ветру, зялёнай лістотай разганяюць смугу руйнавання.

Кожнае такое месца — сведчанне моцных сям'і, роду. Напамін пра карані, і ў пераносным сэнсе, і ў прамым — хоць бы дрэвы за іх па-ранейшаму трымаюцца.

Дык чаму ж мужчынам так важна пасадзіць алею ці хоць бы дрэва?.. Вяртаюся да размовы са знаёмым. Бо тое як пакінуць памятку аб сабе на гэтай зямлі, кажа ён. І нават калі двор, участак прададуць, а дом знясуць і пабудуюць там сабе нешта зусім іншыя людзі... Твае дзеці, унукі змогуць прыйсці і прытуліцца хоць бы да старых дрэў. Падыхаць іх паветрам. Пару жалудоў ці каштанаў пакласці ў кішэню на памяць. Ці проста галінку сарваць і забраць з сабой. Як сведчанне еднасці з каранямі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.