Вы тут

Праект «Ветландс» дапамагае захаваць рэдкіх птушак


Заказнікі «Спораўскі» і «Званец» — амаль адзіныя ў Беларусі месцы, дзе захавалася большая частка сусветнай папуляцыі самай рэдкай у Еўропе пеўчай птушкі — вяртлявай чаротаўкі. Яшчэ два дзесяцігоддзі таму яна сустракалася не менш чым у 20 краінах, а цяпер яе колькасць скарацілася ажно на 95 %. Асноўная прычына такіх змен — зарастанне нізінных балот і паплаўных лугоў расліннасцю, упэўнены спецыялісты.


Калісьці балоты вельмі актыўна выкарыстоўваліся мясцовымі жыхарамі: яны пасвілі там скаціну, нарыхтоўвалі сена. Дапамагалі пазбавіцца ад «лішняй» расліннасці і дзікія жывёлы: ласі, казулі, алені і г. д. Аднак з цягам часу як людзі, так і жывёлы пакінулі балоты, і апошнія пачалі хутка зарастаць. Паскорылі працэс яшчэ і біягенныя элементы, якія сцякаюць сюды з найбліжэйшых вадаёмаў. У такіх умовах большая частка рэдкіх птушак, у тым ліку і вяртлявая чаротаўка, жыць не могуць. Таму супрацоўнікі заказнікаў «Спораўскі» і «Званец» узяліся за вырашэнне праблемы.

Актыўныя дзеянні па выдаленні расліннасці распачаліся яшчэ падчас праекта «Кліма-Іст», у рамках якога была закуплена неабходная тэхніка. Аднак, па словах дырэктара заказніка «Спораўскі» Вадзіма Пратасевіча, для работы ёсць не так шмат часу, пакуль не пачнецца сезон гнездавання — таму абсталявання вельмі часта не хапае.

— Каб забяспечыць птушкам камфортнае існаванне, толькі на тэрыторыі нашага заказніка неабходна ачысціць каля 2 тыс. га, і дзесьці 4,5 — у «Званцы», — дадаў спецыяліст.

Дапамагчы з гэтым павінен пяцігадовы праект «Устойлівае кіраванне ляснымі і водна-балотнымі экасістэмамі для дасягнення шматмэтавых пераваг» («Ветландс»), які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Па словах арганізатараў праекта, закупленая тэхніка абавязкова будзе лёгкая і з іншымі якасцямі, неабходнымі для работы менавіта на нізінных балотах.

Аднак «Чым касіць?» — не адзінае пытанне для супрацоўнікаў заказнікаў, ёсць яшчэ і іншае — «Куды дзець скошанае?».

— Штосьці мы выкарыстоўваем на сена, штосьці — на падсцілку, аднак гэта невялікая колькасць, большая частка застаецца. У нас з'явілася ідэя рабіць са скошанага біягумус пры дапамозе каліфарнійскага чарвяка, і ўжо ёсць пробная пляцоўка. Спадзяёмся, што заказы на ўгнаенне будуць. Мы глядзім на перспектыву, а не так: праект скончыўся, значыць, і работа таксама, — падзяліўся Вадзім Пратасевіч.

Акрамя перспектывы ў продажы арганічнага ўгнаення, дырэктар заказніка «Спораўскі» бачыць яе ў яшчэ адным кірунку — турыстычным. І для гэтага ёсць падстава: з кожным годам ахвотных паглядзець на птушак становіцца ўсё больш і больш. Асабліва любяць адпачываць у «Спораўскім» еўрапейскія турысты, але прыязджаюць бёрдвотчары і з Амерыкі, з Канады, а ў Шатландыі, напрыклад, ужо ёсць нават фан-клуб заказніка.

— Пакуль, на жаль, беларусаў вельмі мала. У асноўным гэта арнітолагі ці іншыя спецыялісты сумежных галін. Праўда, апошнім часам заглядваюць да нас і гарадскія школьнікі. Патрэбен час, у Еўропе бёрдвотчынг таксама не адразу з'явіўся, — падкрэсліў спецыяліст. — Што датычыцца замежных турыстаў, то ім абавязкова трэба даваць гарантыі. Скажаш, што на 99 % яны ўбачаць птушку — дакладна прыедуць, у астатніх выпадках — ужо не факт.

У «Спораўскім» можна паглядзець не толькі на вяртлявую чаротаўку — на гэтай тэрыторыі жыве каля 40 рэдкіх відаў птушак, насякомых, раслін. Сярод іх — вялікі арлец, дупель і г. д. Таму так важна падтрымліваць гэта балота і іншыя аналагічныя месцы ў добрым стане.

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Рамонт хатак для вяртлявай чаротаўкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».