Вы тут

На выстаўцы «Віцебшчына — за здаровы лад жыцця» было чаму здзіўляцца


На ХІ спецыялізаванай выстаўцы-кірмашы «Віцебшчына — за здаровы лад жыцця» было чаму здзіўляцца.


Напрыклад, наведвальнікі ў чаргу выстройваліся, каб ацаніць стан здароўя за некалькі хвілін з выкарыстаннем камп'ютарнай праграмы, распрацаванай для касманаўтаў. Напэўна, інтарэс «падагрэў» нядаўні мінскі касмічны форум.

Вытворцы ж прадставілі свае прадукты харчавання — не толькі смачныя, але і карысныя для здароўя. (Рэцэптура ўсё часцей узгадняецца з медыкамі.) Сярод прадпрыемстваў была заўважана інтэграцыйная аграрная структура — ААТ «Віцебскі мясакамбінат». Пра стварэнне холдынгаў сельскагаспадарчай накіраванасці на Віцебшчыне апошнім часам многае гавораць і пішуць у СМІ. Акрамя згаданага прадпрыемства, у холдынгу — гарадоцкая птушкафабрыка, віцебскі камбінат хлебапрадуктаў і лепельскі малочны. Асартымент прадукцыі багаты: каўбасныя вырабы, пельмені, яйкі курыныя ды перапяліныя, мяса індычкі, смятана і іншая «малочка», у тым ліку і марожанае...

Між тым, каля канцэртнай залы «Віцебск» падчас правядзення кірмашу запрашалі на «Вуліцу здароўя». Там рэкламавалі фітнес, армрэслінг, вулічны баскетбол, скандынаўскую хадзьбу, гіравы і іншыя віды фізкультуры і спорту. Майстар-класы паказалі спартыўныя клубы для дзяцей і падлеткаў і, што ўжо ў наш час стала нормай, пенсіянераў.

Сярод тых, хто павіншаваў удзельнікаў і гасцей, быў і начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач, які сказаў, што выстаўка спецыяльна праводзіцца столькі гадоў, каб навучыць усіх ахвотных захоўваць здароўе.

Дарэчы, сярод ганаровых гасцей на выстаўцы прысутнічалі і знакамітыя спартсмены. У прыватнасці, Ігар Каныгін, барэц класічнага (грэка-рымскага) стылю, двойчы чэмпіён свету, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіён Еўропы і СССР, які пажадаў юным землякам весці здаровы лад жыцця і быць актыўнымі не толькі на спартыўных пляцоўках.

Навінкі ў дыягностыцы і лячэнні — традыцыя кірмашу. Сёлета, у прыватнасці, усе ахвотныя змаглі праверыць амалоджвальны эфект ад заморскага слімака, які, поўзаючы па целе, робіць скуру гладкай, «як у дзіцяці»... Па-ранейшаму запатрабаванымі былі прапановы праверыць узровень цукру ў крыві, пракантраляваць артэрыяльны ціск, зрабіць кардыяграму.

Сотні наведвальнікаў узялі ўдзел у тэматычных віктарынах і гульнях.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: І слімак для аздараўлення

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.