Вы тут

Маё і тваё свята


Правесці юбілейны — дваццаць пяты — Дзень беларускага пісьменства выпаў гонар гораду Іванава. Свята наша мае статус рэспубліканскага, і таму ўвага да яго вялікая і з боку рэспубліканскіх улад, міністэрстваў, мясцовых улад і творчых саюзаў.


Мае ўражанні могуць быть трохі эмацыянальна завышаныя, скажу, чаму. Па-першае, я ехаў у якасці лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2017 год, па-другое, планавалася ў канцэрце прэм’ера нашай з кампазітарам Эдуардам Ханком песні на мае словы «Чую голас дзяцінства далёкі». Прызнацца, я не лічу сябе паэтам, мне дастаткова быць празаікам, драматургам, казачнікам. Проста ад вялікай любові і па-дзякі людзям правінцыйных гарадкоў я складаю словы ў вершы, а кампазітары кладуць іх на ноты. Так нарадзіліся песні пра Давыд-Гарадок, Столін, Жыткавічы, Пінск. І яшчэ выконваць песню на свяце ўдастоена заслужаная артыстка Беларусі, вядомая спявачка Ірына Дарафеева. Можаце ўявіць стан маёй душы. Аднак, патрапіўшы ў надзвычай цёплую, святочную атмасферу горада, я адразу, як і ўсе нашы пісьменнікі (а іх было каля сотні) апынуўся ў вулічнай містэрыі свята, дзе насычаная цікавымі мерапрыемствамі атмасфера ўзяла ўладу і атуліла радасцю далучанасці да нечага значнага і светлага, роднага і блізкага сэрцу.

Часам мы саромемся падзякаваць уладзе, маўляў, усе чыноўнікі без натхнення выконваюць свае функцыі. Памыляемся. Трэба сказаць «вялікі дзякуй» і рэспубліканскім уладам, і абласным, і мясцовым. Само па сабе нічога не робіцца. Свята, на маю думку, адрасавана ўсім яго ўдзельнікам, а найбольш моладзі.

Здзівіў сваёй адметнасцю і арыгінальнасцю канцэрт. І нашу з Э. Ханком песню Ірына Дарафеева выканала вельмі пранікнёна і душэўна. Лічу, што тэма малой радзімы гучала ў кожным канцэртным нумары, і гэта добра, што сцэнарый быў насычаны гісторыяй і днём сённяшнім. Якія таленавітыя і галасістыя калектывы Брэстчыны, а якія гарэзлівыя дзеці ў танцах, нібыта і нас, старэйшае пакаленне, вяртаюць да школьных гурткоў песні ды танцы! Заўважыў, што госці былі не назіральнікамі, а ўдзельнікамі.

Багата чым смачным можна было і падсілкавацца. Але было шмат наведвальнікаў і каля нашых стэндаў з кнігамі. У такі час адчуваеш моцную еднасць са сваім чытачом. Не пашкодзіць і прапаганда беларускай кнігі, бо яна пакуль, на жаль, не так актыўна чытаецца, як хацелася б. Чуў у размовах, як самі местачкоўцы ганарацца сваім горадам. Іванава прыгожы. Я не быў у ім гадоў мо трыццаць. Змены вялікія. У лепшы бок. А з якім густам усе былі апрануты!

Сустрэў знаёмых са сваёй малой радзімы — Століна і Давыд-Гарадка. Яны таксама хвалілі свята. Адчувалася еднасць, душэўны ўздым... Дапамагалі настрою духавыя аркестры, якія я асабліва люблю. Жыхары Іванава ўважлівыя, гатовыя слухаць, нетаропкія, спагадныя, адным словам — сапраўдныя палешукі.

Прызнаюся, пакідаць свята было сумна.

Дзякуй табе, Іванава.

Твой далёкі зямляк Ф. Дастаеўскі казаў праўду, што «прыгажосць ратуе свет».

Георгій МАРЧУК

Фота Вікторыі АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.