Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Сімвалы разнамоўя

Жнівень — час вельмі вабны. Калі прырода каляндарна сабралася завяршыць перыяд росквіту і наперадзе толькі буйства фарбаў, якім наканавана неўзабаве знікнуць, мастакі слова актывізуюць творчыя сілы, а літаратурныя часопісы напаўняюцца ўсё больш разнастайнымі творамі пісьменнікаў розных краін. Замежным гасцям Свята беларускага пісьменства прысвечана большая частка тэкстаў часопісаў «Маладосць» і «Нёман». Шмат зроблена і беларускімі творцамі, плённую перакладчыцкую дзейнасць якіх нельга абысці ўвагай.

У новым нумары «Маладосці» — цэлая скарбонка перакладных твораў. Паэзія Англіі прадстаўлена народнай паэзіяй — так званымі дзіцячымі вершыкамі — nursery rhymes, паводле якіх створаны савецкія мультфільмы «Цуды ў рэшаце» і «Дом, што збудаваў Джэк». Рэдакцыя зладзіла гульню з шасцю дзіцячымі вершаванымі творамі, а таксама з «Баладай пра каралеўскі бутэрброд», прадставіўшы арыгіналы і пераклады Самуіла Маршака, студэнтаў-перакладчыкаў БДЛУ ды паэтаў «Маладосці». Атрымалася вольная імправізацыя з прадстаўленнем дакладнага падрадкоўніка.

З паэзіяй Літвы беларускі чытач больш дэталёва пазнаёміцца дзякуючы публікацыі вершаў вядомага паэта Майроніса ў перакладзе Андрэя Дубровы. Рамантычныя творы «З’язджаючы», «Замак у Троках», «Дзе льецца Шышупе», «Мая радзіма», «Навошта сэрца даў Ты мне?», «Юраце і Касціціс» і «Зямля заснула» поўняцца замілаваннем прыродай і гісторыяй, моцным адчуваннем думак і ладу жыцця свайго народа, прагай да вяртання былой велічы краіны.

Нямецкі паэт Фрыдрых Гёльдэрлін у свой час стварыў вершы, мэта якіх — асэнсаванне і роздум пра асобу творцы ў адносінах з сусветам. Загадкавасць, насычанасць сімваламі, недасказанасць, але ў той жа час дакладнасць, ідэйная дасканаласць — асноўныя прыкметы твораў.

Вершы кітайскага паэта Ай Ціна ў перакладзе Міколы Мятліцкага — пра неадназначнасць гістарычнага руху з разнастайнасцю падзей і наступстваў, але і з пробліскам і верай у новае жыццё. Асноўны матыў аўтарскай паэзіі — нязгода з падпарадкаванасцю мастацтва ідэалогіі — увогуле, тое, праз што прыйшлося прайсці Ай Ціну.

У нумары надрукваны верш творцы з Бангладэш Казі Назруло Іслама, паэта-мяцежніка, які ўслаўляў барацьбу бенгальцаў за свае правы. Пераклад зрабіла Марыя Кобец. Гучная, магутная, напоўненая энергіяй паэзія стварае, безумоўна, вобраз самога паэта. Змешчаны ў «Маладосці» і пераклады на беларускую мову «Маёй залатой Бенгаліі» Рабіндраната Тагора ў трох варыянтах: Марыі Кобец, Міколы Мятліцкага і Навума Гальпяровіча.

 Да ўвагі чытачоў прадстаўлены адзін верш Петмат Абубакаравай з Чачэнскай Рэспублікі «Роднай мове» ў перакладзе Святланы Турынскай — просты структурна, але поўны цеплыні і пяшчоты да роднай мовы, пачуцці да якой у кожнага народа падобныя. Дагестанскі паэт Анварбек Култаеў прадстаўляе паэму «Размова з Нагайстанам», а таксама верш «Янку Купалу і Петрусю Броўку» (пер. Міколы Мятліцкага). Прэзентуе свае творы таксама Роберт Мінулін з Рэспублікі Татарстан, у якіх з павагай і добразычлівасцю звяртаецца да слынных сыноў Беларусі (пер. Міколы Мятліцкага). Надрукаваны ў нумары і твор «Ачаг» Зульфіі Хананавай з Башкартастана (пер. Марыі Кобец), у цэнтры якога — лёс чалавецтва і сямейнае шчасце.

Апавяданне «Калі я памру, я стану сабакам...» расійскай пісьменніцы Алены Тулушавай у перакладзе Уладзіміра Саламахі прысвечана тэме ўзаемаадносін непадобных між сабой людзей. Рэаліст і фантазёрка не могуць знайсці паразумення.

Аматарам рэлігійнай літаратуры будуць даспадобы вершы палякаў Марыі Ванды Пятшэлі і Элігіўша Дымоўскага (пер. Кацярыны Канчэўскай). Мадэрнісцкі кірунак маюць творы такіх паэтаў, як Філіп Людвік Чэх, Паўліна Мацеюк, Уршуля Гершан (пер. Алеся Емяльянава-Шыловіча), Марта Фатыга (пер. Кацярыны Канчэўскай). Апавяданне польскай пісьменніцы Зоф’і Кульгаўчук «Праз шлях залежнасці» — падрабязны і даволі рэалістычны аповед ад першай асобы ў выглядзе дзённікавых запісаў, у якім распавядаецца гісторыя дэструктыўнага шляху маці і дачкі пасля смерці мужа і бацькі. Ідэя не новая, але чытачу можа быць цікавая яшчэ адна варыяцыя на тэму наркатычнай залежнасці. Пераклад зрабіла Ірына Зімнева.

Малады пісьменнік з Туркменістана Максат прадстаўляе ў нумары прозу Туркменістана. Апавяданне «Свята» ў перакладзе Кастуся Лешніцы — успамін апавядальніка пра свята, якое стала незабыўным і... апошнім ў яго жыцці: пра сустрэчу з бацькам, асуджаным на пажыццёвае зняволенне. Паэзія Туркменістана будзе чытачам знаёмая дзякуючы публікацыі ў «Маладосці» Агулбіке Аразгельдыевай: гэта своеасаблівыя радкі пра душэўныя перажыванні маладой асобы, таго, што адбывалася ў жыцці паэтэсы ў перадваенны і ваенны часы (пер. Міколы Мятліцкага).

Паэт з Таджыкістана Лаік Шэралі адрозніваецца лёгкай, плывучай і няспешнай манерай аповеду. Каханне, радзіма, маці — галоўныя героі яго паэтычных твораў (пер. Навума Гальпяровіча). Літаратура Кыргызстана прадстаўлена творам Чынгіза Айтматава «Калі падаюць горы. Вечная нявеста» ў перакладзе Святланы Воцінавай.

(Не) наканаванасць выбару

 Прозу «Нёмана» адкрывае аповесць Алены Афанасьевай «О любви я молилась» — споведзь пра гісторыю кахання ад першай асобы. З самага пачатку аўтар заінтрыгоўвае размовамі пра важнасць прадбачання. Але што ў выніку? Найперш кідаюцца ў вочы непатрэбныя, як падаецца, шматслоўнасць і разважанні, якія паўтараюцца. Акрамя гэтага — невыразнасць фіналу: падрабязна апісаная гісторыя кахання не суправаджаецца ніякімі высновамі, роздумамі, філасофіяй ці павучальнасцю. Няма, здаецца, і жаданага для чытача развіцця характараў галоўных герояў. Такая значная, падкрэсленая нават у назве, малітва для галоўнай гераіні — толькі шлях да простага жаночага кахання: з малітвай звяртаеццаа да кахання як матэрыяльнай сілы. Можа, гэта і ёсць самамэта... Бясспрэчная асноўная думка гераіні: хто любіць, той і дапамагае, і ратуе, і кахае. Але знайсці пацвярджэння гіпотэзы ў аповесці не ўдалося.

Нізка вершаў Фёдара Гурыновіча «На подходе осень» аб’яднаная тэматыкай восені жыцця (аўтарскі пераклад). У творах — самота і цяжар гадоў, асэнсаванне зробленага, нявызначанасць на захадзе жыццёвага веку. Але ў той жа час вершы насычаны адчуваннем маладосці.

Анатоль Андрэеў з апавяданнямі пад агульнай назвай «Смерть как проект» запрашае да абмеркавання вечных праблем. Твор «Смерть как проект», без сумневу, навядзе на думкі аб тым, ці вырашае чалавек нешта ў сваім жыцці, ці можна ўдасканаліць і перарабіць свой лёс?

Нізку вершаў «Под мирным небом» прэзентуе Віктар Куц. Верш «Утро в деревне» — спроба стварэння вобраза неверагодна роднага і заўсёды аднолькавага, але такога непаўторнага вясковага ранку: з яго водарам парнога малака, выглядам старых стрэх, бліскучай расы, промнямі сонца.

Да 90-годдзя з дня нараджэння паэта, празаіка, перакладчыка Браніслава Спрынчана прымеркаваная публікацыя нізкі выбраных вершаў «На крутых изломах бытия». Увазе чытачоў прадстаўлена і аўтабіяграфія творцы, якая друкуецца ўпершыню.

У раздзеле «Сябрына»: літаратура гасцей Дня беларускага пісьменства» сабраны разнастайныя творы аўтараў розных краін. «Два рассказа» прэзентуе Бекбулат Шакераў з Казахстана. Яго творы, змешчаныя ў выданні, цалкам рознапалярныя па тэматыцы і ідэях: адно прысвечана праблемам бацькоў і дзяцей, нацыянальнай ідэнтычнасці, пошуку сябе — здаецца, традыцыйныя для літаратуры матывы; другое (фантастычнае) — тэме смерці, фаталістычнай прадвызначанасці. Юрый Шчарбакоў з Расіі прадстаўляе некалькі вершаў пад агульнай назвай «Была бы только Родина жива!», дзе выяўляе сваё адметнае бачанне гісторыі казацтва і Расіі ўвогуле. Сімвалічныя, напоўненыя тугой, радасцю, надзеяй і замілаваннем да роднага краю вершы Вячаслава АР-СЯРГІ з Удмурціі. Рыма Арцем’ева з Казахстана, вершы якой чытаюцца зверху ўніз і знізу ўверх (аўтарскі метад напісання парадковых паліндромаў), запрашае паразважаць пра адзіноцтва і расстанне. Дзякуючы такой асаблівасці напісання, вершы набываюць яшчэ большую шматзначнасць і сімвалізм. Алег Бандарэнка з Кыргызскай Рэспублікі прадстаўляе апавяданні «Три цвета будущего». Гэтыя творы будуць асабліва цікавыя тым, каму даспадобы антыўтопіі: тут можна знайсці і эксперыменты з часавымі рамкамі, і ўплыў тэхналогій на існаванне чалавецтва, і барацьбу з таталітарызмам, які непазбежны ў такіх выпадках. Таццяна Піскарова з Расіі прэзентую нізку вершаў «На кончике пера горит стихотворенье». Абстрактнасцю, філасафічнасцю і рамантызмам, роздумам пра пісьменніцтва вылучаюцца яе вершы. Сяргей Масквіцін з Рэспублікі Саха — пясняр лёсу і жанчын — прэзентуе два вершы пад агульнай назвай «Таёжный фарт». Андрэй Наскоў з Чукоткі з нізкай вершаў «Украшенье и свет белорусской земли» ўшаноўвае сінявокую Беларусь. Матывы паэтычнай падборкі «Тоска по соловьям» Роберта Мінуліна з Татарстана — любоў да роднага кутка і яго прыроды (пераклад з татарскай мовы Марата Ямалава).

Такая разнастайнасць прозы і паэзіі, шырыня ўзнятых пытанняў, тэматычная неаднароднасць дазволяць чытачу зрабіць уласныя высновы наконт прачытанага і, магчыма, выбраць тое, што больш даспадобы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Пачуй маю малітву... пачуй!

Як вогнішча, што напачатку зыркае, а, разгарэўшыся на поўную моц і адбушаваўшы, набывае самую высокую тэмпературу ў сваіх нетрах, так і летняя паэзія, прадстаўленая на старонках часопіса «Полымя» ў жніўні, парадавала асабліва: традыцыйная ў плане формы, але глыбокая па змесце і эмацыянальна. Айчынныя і замежныя аўтары, якія выступілі з вершамі, імкнуцца (імкнуліся) пражыць жыццё напоўніцу, як добрае віно, смакуючы кожнае яго імгненне.

Некалі Уладзімір Караткевіч сказаў, што кожны носіць сваё неба з сабой... Вось Мікола Маляўка ідзе ў грыбы і сустракае... Коласа, які: «Баравікі нясе ў капелюшы, / Як свой апошні паэтычны вобраз». Вельмі кранае і лірыка кахання: «Не дацягнуцца да цябе рукою / Праз кіламетры і туман ружовы, / І я цябе ракою непакою, / Каб ты пачула іх, прызнання словы...» Уражвае, як проста праз добра вядомыя словы і ўжо створаныя вобразы паэт можа сказаць штосьці сваё, новае «Пра родны кут, які і мёртвым мілы».

Не менш кранае і лірыка Васіля Кузьміча, які па-свойму гаворыць пра знаёмае: «...Адчуваю, што дзень мой мудрэе / І глядзіць сонцам з-за аблачын...» У біяграфічных звестках пазначана, што вершы В. Кузьміча друкаваліся толькі ў «рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ». Паэт такога ўзроўню мог бы ўжо мець і зборнік (мяркуючы па творах, што мільгалі на старонках часопісаў і газет, у яго ёсць пра што і як сказаць).

Вершаваная падборка чатырохрадкоўяў Ганада Чарказяна «Добраму заўсёды цяжка йдзецца», пераствораная па-беларуску Казімірам Камейшам з курдскай мовы, — як вынік філасофскага назірання за жыццёвымі праявамі і спасціжэння прыроды чалавека. Гэта хутчэй драматычны вопыт, але ж ніхто не гарантаваў, што разумныя і чулыя будуць шчаслівейшымі за тых, каго роздумы асабліва не даймаюць... «Жорсткі я — твае мне кажуць кпіны. / І калі ўжо строга разважаць, / Чалавек жа створаны не з гліны... / Калі б знаць, дзе гібкасці мяжа...»

У рубрыцы «Галасы свету» гэтым разам выступілі два замежныя аўтары. Чытаючы творы нашага сучасніка і частага госця з Чарнагорыі Слабадана Вуканавіча ў перакладзе Івана Чароты, захапляешся тым, наколькі ярка ў яго творчасці прагучала тэма Беларусі. Існуе слушнае меркаванне, што народы збліжаюць не палітыкі, а культура. Тым больш што ёсць нешта агульнае ў гістарычным развіцці абедзвюх краін, хоць яны і не мяжуюць адна з адной. «Хто не слухае залатавустаў, паслухае гром», — малітва за Беларусь — твор, што адкрывае паэтычную падборку С. Вуканавіча, уражвае: «...Пачуй маю малітву... пачуй / Ты, які слухаеш і гаворыш, / Які хварэў і пакутаваў, / А вылечыўся воляй».

Творчасць Ніколаза Бараташвілі (1817—1845) прадстаўлена з прадмовай перакладчыка Юркі Голуба. Няспраўджанае каханне, якое засталося толькі ў радках, поўных пачуцця і пакуты, непрызнанне пры жыцці, заўчасная смерць ад хваробы — як шмат агульнага ў грузінскага класіка з нашым Багдановічам! «Адное толькі цешыць, мой каханы, / Што побач з нашым светам іншы ёсць: / Адумайся — адкуль мне мець заганы? — / Прыйдзі туды, і будзеш мой — не госць!» — чытаючы такое, забываеш пра час і прастору, бо якімі б рознымі і далёкімі ні былі людзі, перажываюць яны адно і тое ж...

З празаічнымі творамі прадстаўлены Мікола Чарняўскі і Васіль Ткачоў. Адметна, што ўсе іх сюжэты — з жыцця, а невялікія расповеды — сапраўдныя «замалёўкі з натуры»: часта з гумарам, часам — з прысмакам гаркоты. Таксама на старонах часопіса змешчаны працяг прыгодніцка-фантасмагарычнага рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара».

Яна БУДОВІЧ

Загаловак у газеце: Жнівеньскае аднаўленне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».