Вы тут

Камфортнае жыццё ў двух іпастасях


8 жніўня 2018 года ў 8 гадзін 8 хвілін ды 8 секунд раніцы ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося адкрыццё персанальнай выставы «Мая Беларусь» Уладзіміра Пракапцова — сябра Беларускага саюза мастакоў, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Прысвячалася выстава Году малой радзімы і 65‑годдзю мастака.


Гэтую карціну Уладзімір Пракапцоў завяршыў літаральна за некалькі гадзін да адкрыцця выставы беларусь.belarus

Уладзімір Пракапцоў — арыгінальны. Вось і апавясціў, што выстава ў музеі будзе доўжыцца 8 дзён, 8 гадзін, 8 хвілін, 8 секунд. З лічбай «восем» у яго асаблівыя адносіны. Усё таму, што нарадзіўся 8 жніўня (восьмы месяц года).

А калі па сутнасці, то на выставе дэманстраваліся жывапісныя працы рознага часу творчасці мастака, а таксама прайшла прэзентацыя альбома, дзе больш поўна прадстаўлена мастацкая палітра аўтара.

Выстава «Мая Беларусь» — гэта своеасаблівая творчая справаздача мастака. «У праект увайшлі мае творы, прысвечаныя малой радзіме. Адміністрацыйная праца забірае шмат часу, таму як мастак працую ў выхадныя ды святочныя дні. Паколькі я маю профільную адукацыю, для мяне вельмі важна пазіцыянаваць сябе як мастака », — сказаў Уладзімір Пракапцоў. Выстава складалася з 30 карцін, апошнюю з іх мастак скончыў пісаць літаральна ў ноч перад прэзентацыяй экспазіцыі. «Гэта карціна, прысвечаная супрацоўнікам музея розных пакаленняў. Мы таксама годна працягваем распачатую імі працу, пераўтвараючы нашу ўстанову культуры ў музейны квартал», — сказаў гендырэктар. Як заўважыў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, які прыйшоў павіншаваць юбіляра, ён даўно сябруе ды супрацоўнічае з Уладзімірам Пракапцовым. «Гэта вельмі харызматычны чалавек з неабыякавым стаўленнем да ўсіх падзей, не толькі са свету мастацтва. З яго дапамогай беларусы й госці краіны могуць адкрываць для сябе высокае мастацтва, бязмежныя таленты нашых людзей», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Уладзімір Пракапцоў працягвае традыцыі віцебскай мастацкай школы. Бо якраз у Віцебску ў 80‑х гадах ён і атрымаў мастацкую адукацыю. Сёння ж гэта мастак са сваім філасофскім бачаннем свету.

Уладзімір Пракапцоў — па-ранейшаму удзельнік многіх выставаў ды міжнародных пленэраў. Штогод яго творчыя набыткі павялічваюцца пасля наведвання памятных месцаў на малой радзіме: дзе нарадзіўся, зрабіў першыя крокі па бацькоўскім краі ды выйшаў у вялікае жыццё.

Сюжэты твораў мастака, прадстаўленыя на выставе, — розных часоў, але іх аб’ядноўвае любоў да роднага краю, да вёскі Жгунская Буда ў Гомельскай вобласці з бацькоўскай хатай ды садам, ракой, дрэвамі …

Сёння жывапісныя творы майстра знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у Нацыянальным мастацкім музеі Літвы, Нацыянальным мастацкім музеі Кітая, карпаратыўных ды прыватных калекцыях.

А яшчэ Уладзімір Пракапцоў на працягу двух дзесяцігоддзяў спалучае творчую працу мастака і адміністрацыйную дзейнасць на пасадзе генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Так, ён жыве як бы ў двух іпастасях: і дырэктар галоўнага музея краіны, і мастак. Але, як высветлілася, адно другому не перашкаджае, а хутчэй дапаўняе. Уладзімір Пракапцоў адчувае сябе ў такой якасці нават вельмі камфортна.

— Зразумела, што вы не адразу марылі пра кар’еру дырэктара музея. Сёння, калі гэтая праца займае шмат часу, занятак жывапісам для вас што ў большай ступені: хобі, адпачынак для душы?..

— Гэта сур’ёзны занятак. Калі ты пазіцыянуеш сябе як мастак, выстаўляеш працы, то да гэтага трэба падыходзіць вельмі сур’ёзна. Я разумею ўсё меру адказнасці. Калі ты, дырэктар музея, пазіцыянуеш сябе яшчэ і мастаком, у цябе будзе скіравана маса стрэл, перш за ўсё, ад калег-мастакоў. Чаму? Бо калі б гэта было маё хобі, то я б маляваў сабе ў задавальненне. Але гэта не хобі. Іншае пытанне, што ў мяне няма столькі часу. Я не магу пісаць з раніцы да вечара як вольны мастак. Я толькі вечарамі, начамі магу гэта рабіць. У выхадныя ды святочныя дні працую. Жыццё паказвае, што зрабіць адну геніяльную карціну ды ўвайсці з ёй у гісторыю як таленавіты мастак — гэта вельмі складана. Трэба зрабіць шмат карцін. Гэта не значыць, што будзе сто тваіх карцін, і ўсе яны знакавыя. Будзе нейкая адна, дзве карціны. У год зрабі адну карціну, але каб яна душу кранула. І каб іншы мастак сказаў: так, пісьменна выбудавана. Важна, каб прафесіянал яе зразумеў. А просты глядач прыняў як добрую кнігу. Для мяне такая ніша — гэта самаўдасканаленне. Другая — пераключэнне. Трэцяя — гэта спаборніцтва са сваімі калегамі. Мне потым лягчэй працаваць на экспертных камісіях, бо я не проста акадэмічны дырэктар. Я, дарэчы, і на эцюды выязджаю. У Нацыянальным мастацкім музеі — гэта ўжо трэцяя мая выстава. Я таксама выстаўляюся ў галерэі Саюза мастакоў — адной-дзвюма работамі да знакавых экспазіцый.

— Стылістыка вашых работ — яна розная. Гэта залежыць ад чаго?

— Залежыць ад настрою, пачуцця эксперыменту. Раней у мяне быў рэалізм з імпрэсіянізмам. Апошнія працы больш дэкаратыўныя. Гэта напэўна прыходзіць з узростам, з вопытам. І нават — з іншым светаадчуваннем сённяшняга дня. Хочацца хутка ўсё выплюхнуць. Рытм аказвае ўплыў. Ты ў калясніцы ды не можаш спыніцца. І свае пачуцці выкідваеш на палатно.

— Творчасць беларускіх мастакоў цікавая для замежнага гледача?

— Пра што гаворка! Беларуская школа, і асабліва рэалістычная, старэйшага пакалення, вельмі высока цяпер каціруецца. Сёння ў Еўропе такога ўзроўню няма.

— На вашу думку, ці павінен музей фармаваць густ у наведнікаў?

— Абавязкова. Музей не можа быць проста так. Місія музея — навуковаадукацыйная або адукацыйнапедагагічная. Гэта, калі хочаце, адукацыйны цэнтр. Музей сёння набывае зусім іншую форму. Ён павінен быць актыўным, павінен выходзіць за сцены. Усё для таго, каб фармаваць густы людзей. Асабліва цяпер, у часы глабалізацыі. Калі чалавек заходзіць у музей — яму павінна быць тут цікава. Павінны быць лекцыі, экскурсіі. Місія музея, і я ў гэтым катэгарычна упэўнены, адукацыйная. Іншага не дадзена.

— Робіце стаўку на развіццё інфраструктуры музея?

— Абавязкова. Спадзяюся, што ў хуткім часе павінны скончыць музейны квартал.

— Ці выкарыстоўваеце ў дырэктарскай працы замежны вопыт?

— Я калі прыязджаю ў іншую краіну, у музеі, гляджу спачатку не на карціны, а як яны мацуюцца. Якое асвятленне, які паркет. У першую чаргу, гляджу вачыма гаспадарніка. Потым ужо на карціны.

— За тыя 20 гадоў, што дырэктарам у музеі, вы пераканаліся, што глядач стаў больш падрыхтаваным, больш разборлівым?

— Вядома. Сёння ёсць інтэрнэт. І глядач можа віртуальна пахадзіць па Траццякоўцы. Ці чалавек сеў у самалёт Белавія, праз дзве гадзіны ён у Парыжы — і можа «ўжывую пагутарыць » з Монай Лізай. Сёння яго нічым не здзівіш. Глядач стаў гурманам, больш патрабавальным. І да гэтага трэба быць гатовым. Каб мы не адставалі: у тэхналогіях, у выставах, у методыцы, у кадрах. Я ўвесь час трымаю ў напрузе калектыў. Можа камусьці гэта не падабаецца. У 60‑я– 70‑я гады музей быў ціхай гаванню, а сёння ён павінен зарабляць грошы. Павінен падтрымліваць імідж сваёй краіны. І павінен рабіць міжнародныя праекты. Чаго просіць і патрабуе наведнік? Давай яму выставу Марка Шагала, давай выставу з Траццякоўскай галерэі. Сёння супрацоўнікі павінны быць з веданнем замежных моў. Адным словам, трэба пашырыць фармат музея.

— Значыць, «барацьба за гледача» па-ранейшаму актуальная?

— Наадварот, цяпер мы павінны змагацца за кожнага наведніка. Толькі цікавымі выстаўкамі, змястоўнымі праграмамі зможам прыцягнуць гледача да сябе. Сёння музей у ідэале — гэта вялікая культурная індустрыя.

— Дырэктар музею — гэта больш менеджар або навуковец?

— Усе разам. Сёння я не ўяўляю сабе, што дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея — не мастак, не мастацтвазнаўца, а толькі эканамістменеджар. Вы можаце сабе ўявіць на чале Эрмітажу эканаміста? Або на чале Траццякоўскай галерэі? Я — не. Так, у іх ёсць менеджэры, але ўсё ж такі на чале павінен быць спецыяліст. Вось калі б я пайшоў па сельскагаспадарчым шляху, стаў бы аграномам, то быў бы кіраўніком агракамбінату. Але я пайшоў іншым шляхам. Сёння фігура дырэктара музея — універсальная. Ён павінен быць і менеджарам, і эканамістам, і мастацтвазнаўцам. Тым больш дырэктар музею такога профілю.

Веніямін Міхееў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?