Вы тут

Падчас святкавання 890-годдзя горада ў Гродне адбыўся Другі фестываль кнігі


Выставачныя экспазіцыі, тэматычныя пляцоўкі, творчыя сустрэчы — усё гэта і многае іншае стала зместам кніжнага фестывалю, які сабраў таленавітых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, вядучыя выдавецтвы і друкарні краіны.


Прэзентаваць свае літаратурныя навінкі і мець прамы кантакт з чытачамі змаглі прадстаўнікі Выдавецкага дома «Звязда», выдавецтваў «Беларусь», Народная асвета», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура».

— Мы імкнёмся да папулярызацыі кнігі, — падкрэсліў дырэктар прадпрыемства «Гроднааблсаюздрук» Павел Скрабко. — Асаблівую ўвагу ўдзяляем беларускім аўтарам і літаратуры для дзяцей і падлеткаў. Вельмі важна закласці фундамент, каб дзеці з ранняга ўзросту абапіраліся на друкаваную кнігу і адчувалі яе хараство. Бо ніякі электронны аналаг не заменіць «жывую» кнігу.

Інтарэс да кнігі ёсць. Аб гэтым сведчыць і рост продажу. Павел Скрабко паведаміў, што кніга мяняецца дзякуючы выдавецкай дзейнасці. Яна становіцца больш маляўнічай, асабліва дзіцячая літаратура. Новага ўзроўню дасягнула за апошнія гады і якасць паліграфіі, што робіць кнігу яшчэ больш запатрабаванай. На фестывалі былі прадстаўлены магчымасці і выдавецтваў, і друкарняў.

— Першы фестываль летась быў прысвечаны 500-годдзю айчыннага кнігадрукавання, а сёлета мы праводзім яго ў рамках свята горада. Гродну — 980 гадоў, і гэта тэма таксама знайшла адлюстраванне ў праграме свята, — расказала намеснік дырэктара Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага Марына Ігнатовіч.

На галоўнай сцэне фестывалю паэты і празаікі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі выступілі з літаратурна-музычнай кампазіцыяй, якую прысвяцілі любімаму гораду.

З дапамогай артыстаў Гродзенскага тэатра лялек «ажылі» вядомыя казкі Пушкіна, якія трывала ўвайшлі ў рэпертуар тэатра. Дарэчы, «лялечная» тэма была прадстаўлена ў выстаўцы самаробных лялек — герояў казак і іншых літаратурных твораў. У конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Трэба сказаць, што першы фестываль летась сабраў удзельнікаў конкурсу на найлепшую самаробную кнігу.

Гэтым разам асобную экспазіцыю занялі факсімільныя выданні з фондаў абласной бібліятэкі. Некаторыя факты літаратурнага жыцця горада былі прадстаўлены на стэндах. Многія маглі даведацца, што праездам у Гродне пабывалі Лермантаў і Гогаль. Быў тут і Маякоўскі. Прыкметна, што фестываль кнігі адбыўся ў дзень бібліятэк, а першая бібліятэка была створана ў Гродне 188 гадоў таму. Зараз у вобласці іх больш за 300, з якіх 220 працуюць у сельскай мясцовасці. Раённыя бібліятэкі прадставілі экспазіцыі, прысвечаныя Году малой радзімы. Шмат цікавага прапанавалі інтэрактыўныя пляцоўкі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.