Вы тут

Якім будзе вірус грыпу сёлета?


Згодна з прагнозам Нацыянальнага цэнтра па грыпе і іншых рэспіраторных захворваннях, у гэтым сезоне чакаецца сярэдні ўзровень эпідэміялагічнай актыўнасці вірусаў грыпу, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.


Ва ўзроставай групе захварэлых будуць пераважаць дзеці да 14 гадоў. У групы рызыкі ўключаюць таксама цяжарных жанчын і людзей ва ўзросце ад 65 гадоў, а таксама тых, хто мае хранічныя хваробы, асоб з імунадэфіцытам, медыцынскіх работнікаў, асоб ва ўстановах з кругласутачным знаходжаннем, работнікаў адукацыйных устаноў.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя, якая кіруецца данымі назірання за цыркуляцыяй вірусаў грыпу, у Паўночным паўшар'і рэкамендуе сёлета наступны склад трохвалентных сезонных вакцын:

  • вірус, падобны да A/Mіchіgan/45/2015 (H1N1)pdm09;
  • вірус, падобны да A/Sіngapore/ІNFІMH-16-0019/2016 (H3N2);
  • вірус, падобны да B/Colorado/06/2017 (лінія B/Vіctorіa/2/87).

Сёлета, як і раней, кампанія вакцынацыі супраць грыпу будзе ажыццяўляцца за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама за сродкі прадпрыемстваў, арганізацый і грамадзян. Групы рызыкі могуць атрымаць прышчэпкі бясплатна з выкарыстаннем вакцыны «Грыпол Плюс» расійскай вытворчасці. Для платнай вакцынацыі даступныя вакцыны іншых вытворцаў. Усе яны зарэгістраваны на тэрыторыі Беларусі, з'яўляюцца эфектыўнымі і ўтрымліваюць актуальныя штамы віруса, рэкамендаваныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў Паўночным паўшар'і ў 2018 годзе.

Неабходная колькасць вакцыны паступіла ўжо ў краіну. Зараз яна праходзіць кантроль якасці. Кампанія вакцынацыі распачнецца з 1 кастрычніка, завяршыць яе плануюць да 1 снежня. Высокаспецыфічны імунітэт фарміруецца праз 7—14 дзён пасля прышчэпкі і захоўваецца да 6—12 месяцаў.

Летась прышчэпкі ад грыпу атрымалі 40,5 % беларусаў. Дзякуючы гэтаму, як адзначаюць спецыялісты, эпідэміялагічная сітуацыя па грыпе падтрымліваецца ў краіне на стабільным узроўні. З лістапада 2017 года да сакавіка 2018-га дзякуючы праведзенай вакцынацыі было папярэджана больш за 135 тысяч выпадкаў грыпу (у тым ліку больш за 16,2 тысячы выпадкаў ускладненых формаў), больш за 182 тысячы выпадкаў вострых рэспіраторных інфекцый негрыпознай этыялогіі. Папярэджаны эканамічны ўрон спецыялісты ацэньваюць у 76,8 мільёна долараў, а кожны ўкладзены ў вакцынацыю долар прынёс эфект у эквіваленце 15,8 долара.

Ахапіць прафілактычнымі прышчэпкамі супраць грыпу сёлета плануецца не менш за 40 % насельніцтва, у тым ліку 75 % тых, хто адносіцца да груп рызыкі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Сітуацыя пад кантролем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».