Вы тут

Мастацтва, незаплямленае парушыннем рэчаіснасці


Калісьці ў рэцэнзіі на кнігу фэнтэзі Станіславы Умец «Сэрца Сакры» (прысвечанай дзевяцікласнікам) я адзначаў, што спадарыня Станіслава па натхненне лётала на тую дзівосна-ідэальную планету дзяцінства, якую прыдумалі ў свой час нашы класікі школьнай літаратуры Алесь Пальчэўскі, Уладзімір Дубоўка, Станіслаў Шушкевіч.


Такое адчуванне, што на гэтай планеце пабывала і Тамара Бунта, чыя новая кніга «Чароўны кошык» («Мастацкая літаратура») з’яўляецца яркім прыкладам чароўнай бесканфліктнасці. Трапіла туды пісьменніца выпадкова, палюючы за новымі сюжэтамі, агледзелася і нечакана для самой сябе зразумела, як тут добра, цёпла, па-сапраўнаму ўтульна.

Падобнае адчуванне было ў мяне, калі, стомлены ад бясконцай побытавай тузаніны Мінска, трапіў на Чырвонае мора з яго вялікімі каляровымі рыбамі, якія падплывалі да самага берага і казытлаі цябе хвастамі. Тады я зразумеў: вось ён — рай. Тут хочацца быць вечна.

Чытаю Бунту, і ўзнікае ілюзія, што я ізноў на беразе гэтага мора.

«Чароўны кошык» пачынаецца апавяданнем «Добры дзень!». Яно па-свойму знакавае і задае эмацыянальнапсіхалагічную танальнасць усёй кнізе. Галоўная гераіня — маленькая вясковая дзяўчынка Надзейка — зрабіла для сябе найвялікшае адкрыццё: хочаш мець заўсёдна-станоўчую энергетыку, каб суседзі дарылі табе ўсмешкі, казалі што-небудзь прыемнае, — дык выходзь у нядзельны ранак са свайго двара і ўсім-усім-усім паўтарай як мантру сонечна-нязменнае «Дзень добры!».

 На працягу апавядання Надзейка нястомна «дзеньдобрыць», пакуль яе не забірае ў хату мілая ўсмешлівая мама.

Спярша здзіўляешся з падманлівай прастаты гэтага твора і думаеш: «І што з таго? Дзе гэтак знаёмая вастрыня, іронія, падтэкст, якімі была багатая папярэдняя кніга пісьменніцы “Дзяўчынка з вішнёвага завулка”?»

А вось няма!

Перад намі псіхалагічна-аднамерны твор без аніякага другога плана.

Дзяўчынка вывучыла для сябе новае чароўнае слова, а шчаслівая мама і суседзі цешацца з падобнага кранальнага адкрыцця і нават пост у фэйсбук пра гэта не напішуць, бо ў прыдумана-міфалагічнай прасторы твора няма месца такім банальнасцям, як словасвет (альбо, іншымі словамі, інтэрнэт).

Пэўную глыбіню імкнецца надаць сваімі ілюстрацыямі Аксана Аракчэева.

На малюнку мы бачым усмешлівую Надзейку ў ярка-зялёнай спаднічцы, якая падняла левую руку і вітае дзвюх цётак. Жанчыны, плот без пачатку і канца, нейкі тоўсценькі коцік, сабака, які зацікаўлена нюхае батон у адной са спадарынь, патанаюць у аднолькава шэрым, асфальтным колеры. Такое адчуванне, быццам дзяўчынка ўзмахам рукі хоча разагнаць прыкрую шэрасць, з якой звыкліся дарослыя.

Намаляваная Надзейка больш дзейсная, чым у самой пісьменніцы, а ілюстрацыя валодае той драматургічнай вастрынёй, якой няма ў апавяданні. Відавочна, мастачцы, калі яна чытала твор, не хапіла ў ім пэўнага канфлікту, і яна, чыста па-рэжысёрску, дадумала яго сама.

Падобнае імкненне Аксаны Аракчэевай можна толькі вітаць, але не варта і ганіць падкрэслена-бесканфліктную эстэтыку апавядання.

Для таго, каб цяпер пісаць падобныя ідэалістычныя, нават фантомныя творы, патрабуецца пэўная смеласць. Тая смеласць, якой валодаў Марк Шагал, калі ствараў шматтысячныя варыяцыі старога Віцебска з інфантыльнымі каровамі і фіялетава-ружовымі каханкамі, якія нагадвалі салодкую вату, а не рэальных людзей. У позняга Шагала вы не знойдзеце нават намёку на нейкую складаную драматургію. Колер, кампазіцыя, ідэя — простыя, нават прымітыўныя ў сваёй свядомай адназначнасці.

Такой жа ўяўляецца эстэтыка згаданай намі дзіцячай планеты, якую прыдумалі класікі нашай школьнай літаратуры.

Калі чытаў іх гадоў дваццаць таму, многае раздражняла.

Гэтыя мудрыя бабулі, разважлівыя дзядулі, лагодныя таты і ўсмешлівыя мамы, выдатныя першыя настаўніцы, добрыя суседзі і суседкі — як яны не стасаваліся з той рэальнасцю, у якой я жыў!

Тады мне цяжка было адчуць хараство падобнай літаратуры.

Алесь Пальчэўскі, Уладзімір Дубоўка, Станіслаў Шушкевіч выдатна разумелі, што рэальнае жыццё, напоўненае болем, здрадай, страхам штодзённага арышту, разуменнем таго, што нікому нельга давяраць, а свет не перайначыш. І тады застаецца ці шлях, умоўна кажучы Аляксандра Салжаніцына, які з бухгалтарскай педантычнасцю выяўляў усе жахі таталітарнай сістэмы, ці дарога, па якой ішлі нашыя дзіцячыя пісьменнікі, калі пачынаеш глушыць у сабе трагічныя ўспаміны, збудаваўшы магутнае, як Мірскі замак, умацаванне, дзе можна схавацца ад перажытага, забыцца, стварыўшы свой маральна і фізічна чысты, абсалютна дыдактычны свет, дзе галоўнае — не зацікавіць юнага чытача нечаканым прыгодніцкім сюжэтам, а са святарскай фанатычнай самаадданасцю вучыць дабрыні, лагодзе, узаемаразуменню.

У «Дзяўчынцы з вішнёвага завулка» Тамара Бунта па-новаму перажыла многія вострыя моманты свайго дзяцінства, але, пераасэнсаваўшы іх, выявіўшы з усім бясспрэчным мастацкім талентам уласныя школьныя страхі, няспраўджаныя мары і спадзяванні, крыўды і здрады, зразумела, што больш кафмортна і ўтульна будзе сябе пачуваць на цудоўнай і заўсёдна-прыветнай планеце Алеся Пальчэўскага, Уладзіміра Дубоўкі, Станіслава Шушкевіча, дзе пануе стэрыльна чыстае, незаплямленае аніякім парушыннем рэчаіснасці, мастацтва.

«Чароўны кошык» — кніга не для дзяцей.

Яе хараство і паэзію ацэняць тыя, стомленыя ад бясконцай побытавай тузаніны дарослыя, што прапусцілі сваё Чырвонае мора з яго вялікімі каляровымі рыбамі, якія падплываць да самага берага і ласкава казычуць цябе хвастамі.

Прачытаўшы апавяданні «Мудры папугай Ара», «Цуда-майстры», «Далонькі з пушынкамі», узнікне страчанае і забытае адчуванне раю.

«Чароўны кошык» — кніга-мара. Кніга-сон.

Той цудоўны сон, у якім хочацца быць вечна.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.