Вы тут

Дэтэктыўныя прыгоды ў казачным горадзе


Ірына Токарава прапаноўвае дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту кнігу пад назвай «Прыгоды сышчыка Хомса і доктара Сладсана» («Приключения сыщика Хомса и доктора Сладсона», «Народная асвета» 2018). Гэта першая частка дзіцячага дэтэктыва, але выдавецтва плануе выпуск выданняў, якія працягнуць расповед аб прыгодах двух цікаўных і няўрымслівых герояў.


 

У невялічкім казачным горадзе Слондане ўсё маленькіх памераў: ад дрэў да людзей, нават хатнія жывёліны маленечкія. Дзесьці смешныя і забаўныя, а недзе даволі сур’ёзныя, аўтар стварае розныя сітуацыі, сведкамі якіх аказваюцца сышчык Хомс і доктар Сладсан. Яны ніколі не прамінуць з’явіцца ў патрэбны момант і хутка ўключаюцца ў працу — расследаванне злачынстваў у Слондане. Хтосьці крадзе кашалькі на галоўнай вуліцы, чамусьці перастаў працаваць галоўны гадзіннік горада, па замку, у які прыехаў спадчыннік, ноччу гуляе святлівы сабачка, нехта замест скрадзеных рэчаў пакідае на месцы жоўтае пяро... Нават паліцыя казачнага горада не заўсёды здольная знайсці вінаватых. Але сябры сышчык Хомс і доктар Сладсан бяруцца за любыя справы і дапамагаюць жыхарам аднавіць справядлівасць. Кожная з гісторый невялічкая па аб’ёме, таму чытач можа знаёміцца з адной або некалькімі прыгодамі сяброў паступова. Гаваркія імёны (гаспадыня місіс Кашкінс, уладарка ювелірнай крамы спадарыня Дыядэма, кандытар містар Чайнікс, паштальён спадар Бандэроліус, натарыус Уксус) складаюць красамоўныя характарыстыкі вобразаў таго ці іншага персанажа, а мастак А. Алёшына дапаможа акунуцца ў мініяцюрны казачны свет Слондана.

Кніга, прысвечаная дэтэктыўным вандроўкам, не можа абысціся без нейкай уводнай тэрміналогіі. Таму ў тэксце адмысловым шрыфтам выдзелены словы, напрыклад, матыў, версія, алібі, экспертыза і інш. А ў канцы выдання змешчаны слоўнічак гэтых паняццяў — найлепшая дапамога юнаму дэтэктыву. Акрамя таго, «Прыгоды сышчыка Хомса і доктара Сладсана» — гэта менавіта тое выданне, якое створана не толькі для развіцця ў дзіцяці мысленчых працэсаў і цікавага баўлення часу, але і для падрыхтоўкі да знаёмства з больш сур’ёзнымі мастацкімі творамі, выдатнымі кнігамі і кінастужкамі, якія лічацца класікай дэтэктыўнага жанру.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?