Вы тут

Узнёсласць выяў


У выдавецтве «Харвест» пабачыла свет невялікага памеру кніга альбомнага характару — «Welcome to Belarus!». Здавалася б, на першы погляд — чарговае выданне рэкламнага характару, складзенае ў дадзеным выпадку з адных толькі здымкаў... Так, тэкстаў пад вокладкай гэтай цёплай і ўражлівай кнігі амаль, лічы, няма: адны толькі подпісы да здымкаў. На розных мовах. На дзесяці мовах. І па-арабску, і па-кітайску, і на іўрыце — таксама.


Ёсць у кнігі невялікая анатацыя. Лаканічная і разам з тым досыць узнёслая: «Беларусь — неверагодна прыгожая краіна, багатая сваёй чароўнай прыродай. Нашая прырода разнастайная, а кожная паравіна года адметная і непаўторная. Лес і вада — наша найвялікшая каштоўнасць, якой мы ганарымся. Але, на жаль, не кожны можа ўбачыць гэтую красу, асабліва жыхары вялікіх гарадоў, якім будзе даспадобы наш альбом. Фатограф чулым і пільным позіркам углядаўся ў беларускія краявіды і здолеў па-майстэрску перадаць іх магію. Альбом адрасаваны беларусам і шаноўным гасцям нашай краіны».

І ўсё ж гэта кніга, якая запрашае ў вандроўку па Беларусі, — незвычайна прывабнае выданне. Гартаю старонкі — і пільна ўглядаюся ў здымкі Алеся Гуткоўскага «Дарога на вёску Слабодка (Браслаўскі р-н)», «Від на азёры Поцех і Недрава з вежы касцёла ў вёсцы Слабодка (Браслаўскі р-н)», «Від з гарадзішча ў Браславе на касцёл Раства Найсвяцейшай Панны Марыі», «Від з гары Маяк на возера Труста (Браслаўскі р-н)», «Дом у Стоўбцах»... Браслаў, Мядзель, Навагрудчына, Астравецкая старонка... Гартаю кнігу, углядаюся ў фатаграфіі — і быццам чытаю родныя краявіды. Велічнасці беларускай прыродзе, геаграфічнаму і архітэктурнаму ландшафту надае ўдалы выбар фатографа, яго высокае майстэрства выбраць той ці іншы ракурс. Такія фатаграфічныя зборы, вобразна кажучы, за адзін дзень не робяцца, не складаюцца. За здымкамі — дарогі і час, сустрэчы і адкрыцці.

Каменні, азёрныя абсягі, рачныя плыні, дарогі — усё гэта вабіць, прыцягвае, наталяе асалодай знаёмства з нязведанай Беларуссю. Уяўляю, як на гэтыя фотаздымкі будуць пазіраць праз 20—30 і болей гадоў!.. Хутары, руіны, звычайныя стажкі, саламяныя скірды, далячыні ўзвышшаў, старыя драўляныя крыжы, раскіданыя па ўсёй краіне, — колькі ў альбоме Алеся Гуткоўскага нас чакае ўнікальных сустрэч са спрадвечным, сакральным, з тым, што агулам фарміруе партрэт і Беларусі сённяшняй, што яднае часіны, збліжае стагоддзі!.. Здымкі сапраўднага майстра падаюцца надзіва гаваркімі, красамоўнымі. А само выданне нагадвае, што ў Беларусі і сёння складваецца, развіваецца выдатная школа краязнаўчай фатаграфіі. Веру, што пазначаны наклад выдання «Welcome to Belarus!» у 2000 асобнікаў разыдзецца досыць хутка.

З кнігай можна смела выпраўляцца ў любое падарожжа. Лепей за ўсё — пешшу. А выдавецтва «Харвест» застаецца толькі павіншаваць з добрай кніжнай падзеяй! Іншым выдавецтвам, у традыцыях якіх была ўвага да кніг, разлічаных на турыстаў, варта было б узяць вопыт з выданнем «Welcome to Belarus!» на ўзбраенне.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.