Вы тут

Індыйскія песнаспевы і перуанская паэзія


Серыя кніг «Паэты планеты», якая друкуецца ў прыватным выдавецтве Зміцера Коласа, з’явілася ў 2016 годзе. Зручны кішэнны фармат, дэмакратычны кошт і лепшыя творы знакамітых паэтаў свету ў перакладзе на беларускую мову адразу прыцягнулі да сябе ўвагу айчынных кнігааматараў. Выходзяць зборнікі па прынцыпе «адна кніга — адзін аўтар», і за два гады існавання серыі выйшла больш як трыццаць кніг перакладаў геніяў сусветнай паэзіі. Гэтым разам побач з творчасцю Сапфо і Гарацыя, Ёгана Вольфганга Гётэ і Уільяма Шэкспіра, Генрыха Гейнэ і Гіёма Апалінэра, Поля Верлена і Шарля Бадлера на кніжныя паліцы прапануюць паставіць «Выбраныя творы» Сэсара Вальехі і «Гітанджалі. Ахвярныя песнаспевы» Рабіндраната Тагора, што былі прэзентаваныя на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».


Выдавец Зміцер Колас кажа, што цяпер знаходзіць перакладчыкаў для зборнікаў няцяжка, бо серыя «Паэты планеты» стала даволі вядомая. На старонках кніг можна ўбачыць творы аўтараў з розных эпох і куткоў свету, а таксама працу розных перакладчыкаў.

— У серыі «Паэты планеты» мы спрабуем ахапіць усе мовы і кантыненты, — тлумачыць выбар новых аўтараў Зміцер Колас. — Пакуль што ў нашых кнігах мала прадстаўленая Азія: дасюль выпусцілі толькі пераклады твораў Мацуа Басё (Японія) і Умара Хаяма (Іран). Такім чынам, Рабіндранат Тагор, які паходзіць з Індыі, стаў трэцім пісьменнікам ад гэтай часткі свету. Ад Лацінскай Амерыкі да выхаду ў свет зборніка Сэсара Вальехі ў серыі прысутнічала толькі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры чылійская паэтка Габрыэла Містраль.

«Выбраныя творы» Сэсара Вальехі прадстаўленыя ў перакладзе Рыгора Барадуліна. Сюды патрапілі вершы з асноўных зборнікаў — кніг «Чорныя геральды», «Гуманныя вершы», «Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую» і «Асалода». Нягледзячы на тое, што палову свайго жыцця Сэсар Вальеха правёў у Парыжы, яго называюць лепшым перуанскім паэтам, яркім прадстаўніком лацінаамерыканскага мадэрнізму. Для сучаснікаў ён заўсёды быў бунтаром і наватарам: творчасць літаратара арганічна спалучала індзейскі фальклор (жыццё гэтага француза пачалося ў перуанскіх Андах, а яго паходжанне мела індзейскія і іспанскія карані) і дзіўную вобразнасць сюррэалізму, да якой творца прыйшоў праз сяброўства з французскімі, іспанскімі і лацінаамерыканскімі сюррэалістамі. Акрамя лірычных твораў, Сэсар Вальеха пісаў прозу і нават драматургію, а таксама пакінуў пасля сябе шмат вершаў з грамадзянскімі і гуманістычнымі матывамі: паэт быў членам камуністычнай партыі Перу і аднойчы наведаў СССР.

Паміж дзвюх краін прайшло і жыццё Рабіндраната Тагора, чый беларускамоўны зборнік «Гітанджалі. Ахвярныя песнаспевы» (дарэчы, менавіта ён стаў нагодай да ўручэння літаратару Нобелеўскай прэміі ў 1913 годзе) з’явіўся ў серыі кніг «Паэты планеты». Назва серыі вельмі пасуе гэтаму аўтару: ён шмат падарожнічаў і шмат увагі ўдзяляў асобе чалавека. На радзіме яго вершы настолькі папулярныя ў простых людзей, што часта ўспрымаюцца як народныя: нездарма менавіта вершы Тагора зрабілі гімнамі. У той час, як індыйцы ўсхвалялі свайго Песняра, заходнія чытачы не маглі ў поўнай меры спасцігнуць яго творчасці: мноства ранніх работ паэта не пераклалі, а перапрацаваныя творы часам гублялі сэнс і прыгажосць з-за дрэннай працы перакладчыкаў. Хто ведае, які лёс меў бы найбольш вядомы зборнік духоўнай паэзіі «Гітанджалі», калі б Рабіндранат Тагор не перастварыў частку вершаў на англійскую мову самастойна?

Перад нашым стагоддзем такая праблема больш не паўстае: творчасць Рабіндраната Тагора перакладзеная не толькі на англійскую, але і на рускую, нямецкую, іспанскую ды іншыя еўрапейскія мовы. Перакладаць яго спадчыну для суайчыннікаў у розныя часы браліся і народны паэт Беларусі Якуб Колас, і вядомы чэшскі індолаг Вінцэнц Лесны, і французскі пісьменнік і нобелеўскі лаўрэат Андрэ Жыд, і расійская паэтэса Ганна Ахматава, і нават прэм’ер-міністр Турцыі Бюлент Эджэвіт. Дзякуючы працы айчыннага паэта Алеся Разанава, з сусветна вядомым зборнікам «Гітанджалі», які лічаць пярлінай творчасці выбітнага індыйца, цяпер можна пазнаёміцца і па-беларуску.

А праз пераклады такіх яркіх паэтаў узбагачаецца і родная літаратура.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?