Вы тут

Дыханне Залесся праз творы Алега Драбышэўскага


...На высокіх дрэвах, пасаджаных ці не ў часы Міхала Клеафаса Агінскага, трымаецца неба над Залессем. Яшчэ ўсе амаль зялёныя. І толькі на некаторых сям-там з’явіліся жоўтыя пасмы лістоў, якія нагадваюць, што восень ужо набліжаецца. І яна будзе залатой.


Кругом поўна кветак. Над імі кружацца, збіраючы мёд, пчолы і чмялі. У іх гудзенні чуецца музыка ХІХ стагоддзя...

У возеры — неба. І аблокі — як нотныя аркушы, якія былі скамечаны і выкінуты, бо Агінскага не задаволіла тое, што ён напісаў... У прыродзе спакой і ціхамірнасць, а таксама можна пачуць дыханне гісторыі, — як і на карцінах мастака Алега Драбышэўскага... Таму нядзіўна, што адкрыццё яго персанальнай выстаўкі «Водар Радзімы», прысвечанай Году малой радзімы, адбылося менавіта ў Музеі-сядзібе М. К. Агінскага.

Гучалі вершы, песні і музыка. На фартэпіяна іграла дырэктар Залескай дзіцячай музычнай школы мастацтва Вераніка Дранковіч, а песні спявала выкладчыца харавых дысцыплін Вера Міхайлава.

На карцінах Алега Драбышэўскага — Беларусь. Мястэчкі, вуліцы, неба, сонца, лясы, палі, рэкі, азёры, дарогі, сцяжыны, хаты...

...І ў мяне над маім ложкам вісіць яго карціна, на якой намалявана родная хата. У агародчыку цвітуць кветкі, у садзе — у белай квецені яблыні. На вуліцы нікога. Але бацькі дома. Яны жывуць у намаляванай хаце і час ад часу глядзяць на мяне з акна. Я гэта адчуваю. І мне добра. Я не сірата.

Адам Мальдзіс пісаў: «Творчасць Алега Драбышэўскага прасякнута аптымізмам, святлом, сонечнасцю, празрыстасцю, цеплынёй. І колеры ў яго нясуць дабро і супакаенне, што вельмі важна ў наш крызісна-дыскамфортны час. І колеры-фарбы мастак пераважна бярэ з канкрэтных мясцін — сваёй малой радзімы Астравеччыны, агульнай для нас абодвух. І таму гэта — увасабленне патрыятычных пачуццяў». Што гэта так, я пераканаўся, гледзячы на карціны Алега Драбышэўскага. Любоў да роднага куточка, беларускай зямлі знайшла сваё адлюстраванне на палотнах «Родны кут. Гудагай. Табарышкі», «Астравец. Лоша», «Чубэйка 50-х», «Завадзь», «Сонечнасць Траецкага...», «Паўночныя Афіны Агінскага», «Над Нёманам...», «Водар радзімы...» і іншых.

Седзячы ў кавярні, што ў будынку музея, мы пілі каву з печывам, прыгатаваным тут, а не прывезена з Маладзечна ці з Мінска. Максім Іўкін парадаваў нас песнямі. Я падарыў гаспадарам музея кнігі, а выданне «Заўтра была адліга» падпісаў спявачцы Веры Міхайлавай.

Увесь час, што мы былі ў Музеі-сядзібе М. К. Агінскага, праводзіліся экскурсіі. На вуліцы рыхтаваліся крэслы і сталы для вяселля. Калі мы развітваліся з гасціннымі гаспадарамі музея, прыйшла чарговая група экскурсантаў, у якой запыталіся: «Як будзем праводзіць экскурсію: па-беларуску, ці па-руску?» І тут жа два мужчыны гадоў па сорак адзін за адным адказалі: «Па-беларуску!»

Дамоў прывёз яблыкі з саду Агінскага. У іх, калі прыкладзеш да вуха, як у ракавінках, чуецца музыка гэтага кампазітара...

Віктар ШНІП, фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.