Вы тут

Найлепшых прафесіяналаў паштовай справы вызначылі пад Мінскам


На базу адпачынку «Дружба», што знаходзіцца паблізу Астрашыцкага Гарадка, на мінулым тыдні з'ехаліся некалькі дзясяткаў начальнікаў і намеснікаў начальнікаў аб'ектаў паштовай сувязі. На працягу трох дзён там праходзіў рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства. Знаўцы паштовай справы, якія паспяхова прайшлі адборачныя этапы спаборніцтва ў абласных філіялах, сабраліся там дваццаць другі раз. Сёлета конкурс быў прысвечаны Сусветнаму дню пошты і Году малой радзімы.


Конкурс прафесійнага майстэрства — даўно ўсталяваная традыцыя РУП «Белпошта». Ён павышае прафесійны ўзровень паштовых супрацоўнікаў, якія дзеляцца сумеснымі напрацоўкамі, абменьваюцца назапашаным досведам, і ўмацоўвае карпарацыйны дух. Што і не дзіўна: беларуская пошта сёння — гэта шматтысячны калектыў высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія адданыя сваёй прафесіі. Паміж мільёнамі кліентаў яна ва ўсе часы застаецца важным і надзейным звяном.

— Такая сістэма па павышэнні прафесійнага майстэрства, якая наладжана ў нашай арганізацыі, вельмі важная, — зазначыў у прывітальным слове генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Уладзімір Матусевіч. — Ад вашай працы, дакладнасці, прафесіяналізму, адказнасці, нераўнадушных адносін да людзей, якія даўно сталі візітоўкай Белпошты, залежыць далейшая перспектыва развіцця нашага прадпрыемства. Сённяшняя пошта — гэта комплексны цэнтр аказання насельніцтву не толькі паштовых, але і іншых найважнейшых сацыяльных паслуг — ад банкаўскіх і фінансавых да гандлёвых. Апошнім часам пачалося і развіццё дзяржаўных электронных паслуг. Пошта адыгрывае вельмі вялікую ролю і ў рэгіёнах дзякуючы забеспячэнню сацыяльна важнай прадукцыяй, застаючыся часам адзінай кропкай у населеным пункце, дзе гэтыя тавары можна набыць. Мы ідзём у нагу з сучаснымі тэхналогіямі. У найбліжэйшы час запусцім шэраг праектаў, дзякуючы якім кожны супрацоўнік, кіраўнік паштовага аддзялення адчуе на сабе, што праца стала крыху лягчэйшай, больш аператыўнай, што зробіць нас яшчэ больш запатрабаванымі. Але якія б сучасныя тэхналогіі і сэрвісы не прыходзілі б на нашу пошту, як і раней, ключавы фактар пры рабоце з кліентамі — гэта кваліфікаванае і хуткае абслугоўванне, а таксама ветлівыя адносіны.

Атмасфера духу спаборніцтваў вітала з самага пачатку конкурса. Каманды не толькі паказвалі творчы нумар, але адначасова прэзентавалі і фірменны касцюм. Затым канкурсанты сабраліся на праверку дамашняга задання «Інфармуй. Прапаноўвай. Прадавай». Паколькі пошта адносіцца да сферы паслуг, то адзін з ключавых момантаў — абслужыць кліента так, каб ён прыйшоў сюды яшчэ не адзін раз. Як жа гэта зрабіць правільна? Напрыклад, каманда сталічных паштавікоў стварыла спецыяльны відэаролік, у якім дасканала былі разабраны ўсе магчымыя памылкі з боку аператара. За гэта яны і атрымалі першае месца. Каманды ж з рэгіёнаў паказалі тэатралізаваныя сцэнкі і нават зладзілі «Паштовы батл».

Тэме Года малой радзімы было прысвечана асобнае заданне. Каманды павінны былі прэзентаваць малыя архітэктурныя формы, якія б адлюстроўвалі асаблівасці рэгіёнаў, што яны прадстаўляюць. Гэта было іх дамашнім заданнем. Прадстаўнікі Віцебскай вобласці, напрыклад, прывезлі металічнае дрэва, у выглядзе лісточкаў якога выступалі «кропелькі» з назвамі гарадоў краю. З Брэсцкай вобласці прыбыла цэлая архітэктурная інсталяцыя — вялікая лаўка, плеценая біклажка, кошык з гароднінай, садавіной і сноп. Мінчане ўсталявалі вялікі макет цэнтра беларускай пошты — будынка Галоўпаштамта.

Выявіць пераможцу ў гэтай намінацыі для журы было няпростай задачай, паколькі кожная каманда праявіла творчы падыход і індывідуальнасць пры прэзентацыі малой архітэктурнай формы. Таму журы прынята аднагалоснае рашэнне прызнаць пераможцамі і ўзнагародзіць усе каманды.

Агульным жа пераможцам стала каманда Мінскага філіяла, якая атрымала дыплом і ганаровы кубак. Адна з яе ўдзельнікаў — Таццяна Шруб, начальнік аб'екта паштовай сувязі «Барысаў-5». Яна заняла першае месца сярод начальнікаў гарадскіх аб'ектаў паштовай сувязі.

— Самае складанае для мяне — гэта праверка тэарэтычных і практычных ведаў. На другі дзень конкурсу трэба было адказаць на 20 пытанняў у спецыяльным тэсце. І вось як быццам бы ўсё ведаеш, а сфармуляваць на паперы нават крыху і нязвыкла.

Цікава, што найлепшай сярод кіраўнікоў сельскіх аб'ектаў паштовай сувязі стала таксама прадстаўніца Барысаўскага раёна. Іна Жылко кіруе аддзяленнем, якое знаходзіцца ў вёсцы Ніўкі.

— Падрыхтоўка да конкурсу была працяглая, аб'ёмная. Штудзіравалі тэорыю нанова, каб ведаць кожную дробязь у абслугоўванні. Што казаць — нялёгкая наша прафесія, але вельмі адказная, патрэбная і незаменная.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.

Грамадства

Як у калоніі жывуць мамы з дзецьмі

Як у калоніі жывуць мамы з дзецьмі

Як гэта — бачыцца з дзецьмі па раскладзе.

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».