Вы тут

Быхаўскія карані Антона Шкаплерава


У вядомага касманаўта, Героя Расіі, родавыя карані — на Быхаўшчыне, што ў Магілёўскай вобласці Беларусі


Беларусы Антон Шкаплераў і Алег Арцем’еў дэманструюць на арбіце... зручныя касмічныя шкарпэткі

Беларусь гэтымі днямі сустракае ўдзельнікаў XXXІ Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў: ён праходзіць у Мінску 9–15 верасня. З прэс-рэлізаў, дасланых у рэдакцыю, вядома: працуе на кангрэсе выстава касмічных тэхналогій, праходзяць адна тэматычная і чатыры тэхнічныя сесіі. Удзельнікі кангрэса выступаюць перад прадстаўнікамі розных арганізацый, вышэйшых навучальных устаноў, знаёмяцца з культурна- гістарычнай спадчынай Беларусі. У кангрэсе ўдзельнічае больш за 80 астранаўтаў, касманаўтаў і тайканаўтаў з усяго свету.

Калі рыхтуюцца гэтыя нататкі, то вядома, што ў кангрэсе ўдзельнічаюць касманаўты- ўраджэнцы Беларусі: Пётр Клімук, двойчы Герой Савецкага Саюза, старшыня Федэрацыі касманаўтыкі Расіі, двойчы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Кавалёнак і лётчык- касманаўт, герой Расіі Алег Навіцкі. Есць у Мінску сярод удзельнікаў кангрэсу наш супляменнік, Герой Расіі Антон Шкаплераў. І падзея такога маштабу, як і паспяховае вяртанне Антона Мікалаевіча на Зямлю з чарговага — трэцяга! — касмічнага палёту — добрая нагода, каб расказаць пра яго чытачам газеты ў чарговы раз.

Чаму, аднак, у чарговы раз? Бо мы да гэтай тэмы звярталіся. Памятаеце невялічкую нататку “Высокая арбіта. Беларускія родавыя карані маюць расійскія касманаўты Алег Арцем’ еў і Антон Шкаплераў”, змешчаную сёлета ў газеце (ГР, № 12, 29.03.2018)? Тады на Міжнародную касмічную станцыю на пілатуемым караблі “Союз МС‑08” адправіўся разам з астранаўтамі NASA і Алег Арцем’ еў. Стыкоўка на арабіце паспяхова прайшла 23 сакавіка. Мы нагадалі, што бацька Арцем’ ева родам з пасёлка Друя Браслаўскага раёна, і што яго сям’я ў 1992‑м пераехала жыць у Віцебск: бліжэй да родных мясцін галавы сям’і. У тую сакавіцкую пару мы знайшлі ў нэце здымак: “Союз МС‑08” 23 сакавіка прыстыкоўваецца да МКС. Здымаў тую падзею касманаўт Антон Шкаплераў — таксама чалавек з беларускімі родавымі каранямі. Пра тое, дарэчы, нам у рэдакцыю гадоў пяць таму паведамілі беларусы Севастопаля. І была ў нас публікацыя “З Быхаўшчыны — у космас” — ГР, 25.04.2013.

Родная цётка ў Быхаве жыве

Яшчэ раней пра родавыя повязі Антона Шкаплерава з Беларуссю напісаў у быхаўскай раёнцы настаўнік фізікі Генадзь Косцін — тэкст “Быховские корни российского космонавта” (11.05.2012). З тае публікацыі вынікае: у Быхаве жыве Ніна Іванаўна Хмяльніцкая — гэта цётка родная Антона. Яна й патлумачыла, што раней у вёсцы Кіпячы жыла сям’я Шкапляравых: пэўна, з націскам на я, калі прытрымлівацца беларускага правапісу. Іван Сцяпанавіч працаваў лесніком, ягоная жонка, Ніна Андрэеўна, — таксама ў лясніцтве. Цяпер з іх чацвярых дзяцей двое — Ніна і Люся — жывуць у Быхаве, старэйшы сын Іван працаваў там жа ў міліцыі — памёр ужо, як і бацькі. А сын Мікалай пайшоў на флот, быў мічманам- падводнікам. Яшчэ мы даведваемся, што з жонкай, Тамарай Віктараўнай, ён шмат паездзіў па Саюзе, пакуль не трапіў служыць у крымскую Балаклаву. Там і пусціў карані, там і нарадзіўся Антон Шкаплераў (у анкетах: 20 лютага 1972, Севастопаль), які, як і бацька, пайшоў “у ваенныя”.

Анкету касманаўта прыводзіць не будзем: яе лёгка знайсці ў нэце. У атрадзе касманаўтаў Антон Шкаплераў з 2003‑га: 15 гадоў. Быў на арбіце тройчы, прычым — камандзірам касмічных караблёў. Трэці палёт доўжыўся амаль паўгода: з 17 снежня 2017‑га да 3 чэрвеня 2018‑га.

Ёсць “Официальная публичная страница космонавта Роскосмоса Шкаплерова Антона Николаевича” ў сацсетцы “Вконтакте” (https://vk.com/): там звыш 11 тысяч падпісчыкаў. Ёсць акаўнты ў Twіtter ды Іnstagram. Касманаўт размясціў спасылку на тэкст “Антон Шкаплеров о своём третьем путешествии в космос” 30 ліпеня. З яе вынікае, што Аляксандр Місуркін і Антон Шкаплераў 3 лютага, заменьваючы прыёмную апаратуру антэны ў адкрытым космасе, прабылі там 8 гадзін і 13 мінут — на сем мінут больш, чым тое рабілі Алег Котаў і Сяргей Разанскі ў снежні 2013‑га. Расійскі рэкорд. Салідная й такая лічба: 533. Столькі сутак за тры палёты правёў Шкаплераў у космасе. І, дарэчы, там яму падабаецца: “Я атрымліваю задавальненне ад сваёй працы, ад таго, што там бачу й адчуваю. Бязважкасць — невымоўнае адчуванне: ты як рыбка ў акварыуме плаваеш. Самае прыгожае, што відаць з МКС — гэта, вядома, наша планета. Няхай хоць пяцьсот, хоць тысячу сутак будзеш глядзець на яе — і не надакучыць, бо яна заўсёды розная: іншы вугал падзення прамянёў Сонца, неба, покрыва…”

Касманаўт з жонкай і дочкамі

Яшчэ цікавы факт: аказваецца, у родным касманаўту- беларусу Севастопалі працуе яго перасоўная “касмічная” выстава, якую возяць па розных імпрэзах. Вось бы напісалі нам пра яе беларусы з горада рускіх маракоў! Антон і пасля трэцяга палёту мяркуе зладзіць фотавыставы: шмат здымае, і здымкі — унікальныя. У ягоных планах і кніга пра космас для дзяцей: прапанова яму паступіла з Музея касманаўтыкі. Дарэчы, Антон казаў, што яе можа й пакажуць у верасні на Маскоўскім кніжным кірмашы. І я прасіў землякоў, што туды ехалі: прыгледзьцеся, дзе там наш Антон Мікалаевіч з ягонай кнігай?

Шкаплер носяць не толькі кармэліты

А цяпер паглыбімся крыху ў царкоўную гісторыю. Ці чулі вы пра шкаплернае набажэнства? У нэце сустракаем пра адзін з касцёлаў на Астравеччыне: “Гудагайскі касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі славіцца абразом Маці Божай Гудагайскай, памерам усяго 31,2 х 27,7 см, культ ушанавання якога звязаны са шкаплерным набажэнствам. Галоўная ўрачыстасць — 16 ліпеня”. Гудагай, дарэчы, называюць шкаплернай сталіцай Беларусі — там праходзяць вялікія набажэнствы. У католікаў ушаноўваецца і Маці Божая Шкаплерная — першапачаткова тое было ў ордэне кармелітаў, якія ў ХІІІ стагоддзі яшчэ жылі на гары Кармэль у Палестыне, а пасля заваявання Святой Зямлі мусульманамі вымушаны былі перабрацца ў Еўропу. Ім даводзілася вельмі цяжка. Кармэліты называюць сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі, і ў яе найперш просяць аб дапамозе ў цяжкую пару. Дык вось, кажуць, што святы Сымон Сток, генерал ордэна кармэлітаў, няспынна молячыся з братамі, пачуў такія словы Божай Маці 16 ліпеня 1251 года: “Прымі, найдаражэйшы сыне, гэты шкаплер. Ён будзе прывілеем для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто памрэ ў ім, той не спазнае агню пякельнага”. Маці Божая, калі аб’явілася Сымону Стоку, указала на ягоны шкаплер: верхнюю частку законнага адзення, якая апранаецца пад час працы, і ўчыніла яго знакам своеасаблівага запавету: кожны, хто будзе насіць пабожна шкаплер, не спазнае пекла. Марыя ж абяцала апеку й дапамогу, чакаючы ўзамен ад кармэлітаў вернасці ў законным жыцці, сімвалам чаго павінна было стаць нашэнне шкаплера. Браты станоўча адказалі на заклік Марыі, цалкам давяраючы Богу і сваёй Маці: ордэн вытрымаў выпрабаванні, цяжкасці й пачаў дынамічна развівацца.

Вось які — духоўны — сэнс у слова “шкаплер”, нязвычнага цяпер для нас. А між тым у свой час было пабудавана шмат кляштараў і касцёлаў пад тытулам Маці Божай Шкаплернай, пры якіх пачалі ўзнікаць і шкаплерныя брацтвы. Кармэліты, прыбываючы на новае месца, намагаліся як мага хутчэй паведаміць вернікам пра вялікі дар, які дала ім Марыя як паратунак. Шкаплер каталікі называюць адным з сакрамэнталіяў (таемстваў) Касцёла. Праз яго, кажуць, Марыя дала вернікам дапамогу, вельмі патрэбную на штодзённым шляху да вечнага жыцця: “Ён з’яўляецца знакам апекі й заступніцтва нашай Каралевы”.

Старшакласнік Антон Шкаплераў з бацькамі і сястрой

Але як выглядае сам шкаплер? Гэта два невялікія кавалкі сукна карычневага колеру, якія носяцца на шыі — як знак палатнянага шкаплера, які носяць законнікі. Можна, кажуць вернікі, насіць і медалік, на якім ёсць выявы Сэрца Ісуса і Маці Божай Шкаплернай. Але толькі нашэнне шкаплера як талісману не дае нам вялікай духоўнай карысці. Яшчэ ў касцёле шкаплер называецца шатаю Марыі, Яе адзеннем. Апрананне яго на шыю ўводзіць нас у вялікую сімволіку і духоўнасць. У адной са шкаплерных песняў гаворыцца таксама пра абарону Дзевы Марыі ў зямных справах: “Марыя пад час вайны кулямі кіруе, а хто ў Яе шкаплеры, таму жыццё даруе”. Мы ж прыводзім гэтыя цікавыя весткі пра шкаплер, бо да іх прозвішча Шкаплераў, магчыма, таксама нейкае дачыненне мае.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.