Вы тут

Разам кавалі Перамогу


Сябры суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса паўдзельнічалі ва ўрачыстасцях на Кургане Дружбы, дзе традыцыйна сустракаліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны


Беларусы Даўгаўпілса на ўрачыстасці

На рукатворным Кургане Дружбы, што высіцца на стыку межаў Беларусі, Расіі ды Латвіі, 1 ліпеня праходзіла 59-я сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху трох суседніх дзяржаў. У складзе вялікай дэлегацыі з Даўгаўпілса былі Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, сябры Беларускага культурна- асветніцкага таварыства “Уздым”.

Беларусы Даўгаўпілса бывалі ўжо там і ў мінулыя гады: гэта месца для нас усіх — святое. Курган Дружбы, як вядома, быў насыпаны яшчэ ў 1959-м у памяць пра баявое братэрства партызан Беларусі, Латвіі ды Расіі. Зямля для Кургана была ўзятая з магіл партызан і воінаў, якія загінулі ў барацьбе з нацызмам. На самай вяршыні там расце дуб: як сімвал непарушнай дружбы, добрасуседства трох народаў. А да яго вядуць каменныя прыступкі як працяг алей: з боку Расіі — кляновая алея, Латвіі — ліпавая, Беларусі — бярозавая. І на трох гранітных плітах Кургана ёсць мемарыяльныя надпісы на трох мовах.

Паводле традыцыі, праграма ўрачыстасцяў застаецца практычна нязменнай: сустрэча ветэранаў, урачыстае шэсце, памятны мітынг, ускладанне кветак да абеліска ў гонар себежскай партызанкі Марыі Пынты, да помнікаў латышскаму партызану Іманту Судмалісу і героям падпольнай маладзёжнай арганізацыі беларускай вёскі Прошкі. Далей — святочны канцэрт, партызанскае вогнішча дружбы. Сёлета на тэрыторыі Беларусі аднавілі яшчэ і партызанскі лагер з інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Помнік у вёсцы Прошкі

Сустрэча ветэранаў трох краін на Кургане Дружбы праходзіць штогод, пачынаючы з 1959-га, у першую нядзелю ліпеня. Да 1991-га свята рыхтавалі па чарзе Расія, Беларусь, Латвія. Цяпер падрыхтоўкай і правядзеннем свята займаюцца па чарзе Беларусь і Расія. Сёлета ў складзе вялікай і прадстаўнічай Даўгаўпілскай дэлегацыі былі сябры Беларускага культурна- асветніцкага таварыства “Уздым”: Валеры Амбросаў, Іна Валюшка, Таццяна Дзянісава, Марыя Памецька і Святлана Сталярова. Мы ўсклалі кветкі да помніка камсамольцам- падпольшчыкам, што ў вёсцы Прошкі Верхнядзвінскага раёна Віцебшчыны, паўдзельнічалі ў мітынгу, былі на святочным канцэрце, падпявалі песні пад гітару ля вогнішча дружбы.

І хоць надвор’ е ў той дзень было дажджлівым, хмурым, ды ўражанні, успаміны ад сустрэч засталіся самыя цёплыя, душэўныя і аптымістычныя. Мы памятаем, што ў трох суседніх народаў агульнае мінулае — наша гісторыя і вялікая вайна з нацызмам. Яны разам кавалі Перамогу. І мірны дзень сённяшні нашы дзяды, прадзеды заваявалі разам.

Марыя Памецька, Курган Дружбы — Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».