Вы тут

З юбілеем, “Уздым”!


Беларуская суполка ў Даўгаўпілсе — гэта стваральны рух прыгожых душаў нашых супляменнікаў на карысць Бацькаўшчыны


Калі гэты нумар газеты рыхтаваўся да друку, мы атрымалі ад сяброў з Даўгаўпілса па электроннай пошце чарговае паведамленне. А таксама й запрашэнне на святочную імпрэзу: 25‑годдзе Беларускага культурна- асветніцкага таварыства “Уздым”. Свята прызначалася на суботу, 8 верасня 2018 года — пачыналася ўрачыстасць у 14 гадзін у канцэртнай зале Дома Адзінства па адрасе: г. Даўгаўпілс, вул. Рыгас, 22а. Спадзяемся, больш падрабязна пра тое яшчэ раскажуць нашы няштатныя аўтары. Святкуюць жа беларусы Даўгаўпілса юбілей суполкі ў плыні чарговых Дзён беларускай культуры ў Латвіі.

Прыміце нашы віншаванні, шаноўныя супляменнікі з горада на Дзвіне- Даўгаве! Вашае падзвіжніцтва, вашае багатае, разнастайнае, шматаблічнае жыццё ў плыні роднай культуры — многім беларусам свету ў прыклад. Вось і прапанова пра стварэнне Кнігі ўспамінаў — вельмі каштоўная. Дарэчы, сучасныя тэхналогіі, распрацаваныя беларускімі ІТ-спецыялістамі, дазваляюць зрабіць яе мультымедыйнай: уключыць не толькі тэксты, але й відэа- і аўдыёфайлы, фотаздымкі.

Асаблівай павагі заслугоўвае тое, што каштоўным досведам творчай, крэатыўнай працы вы, паважаныя супляменнікі, дзеліцеся з іншымі, дасылаючы артыкулы, інфармацыйныя паведамленні ў нашу газету. І што робіце сваю газету “Уздым” — таксама. Мяркуем, у немалой ступені гэта — заслуга нашай калегі- журналісткі Жанны Раманоўскай, якая цяпер кіруе як Цэнтрам беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, так і беларускай суполкай “Уздым”. Сімвалічна, дарэчы, што спадарыня Жанна якраз сёлета была прынята ў Беларускі саюз журналістаў — і мы палічылі за гонар даць ёй для таго станоўчую характарыстыку. Словы вялікай падзякі за плённую супрацу мы адрасуем гэтай нашай няштатнай аўтарцы, а таксама іншым актывістам беларускага руху ў Даўгаўпілсе, хто дасылае ці раней дасылаў нам свае артыкулы: гэта Марыя Памецька, Станіслаў Валодзька, Людміла Сінякова, Вольга й Мікола Паўловічы, Галіна Сантоцкая, Таццяна Бучэль. Столькі няштатных аўтараў, ды ў адным горадзе, “Голас Радзімы” не мае больш нідзе ў свеце!

На памяць пра ваш юбілей, пра нашу плённую супрацу, паважаныя сябры, прыміце кароткі верш.

Заўсёды будзе маладым,

Хто сэрцам падтрымаў “Уздым”.

І ўсё, што зроблена з “Уздымам” —

Не пойдзе дымам.

Хай будзе вечна маладым,

Бадзёрым, родным і сваім

Прыгожых душаў рух: “Уздым”!

Іван Ждановіч, галоўны рэдактар газеты “Голас Радзімы”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?