Вы тут

На Ушаччыну – з сыноўскім паклонам


Піцерскі беларус Васіль Шалак выдаў і прэзентаваў на Бацькаўшчыне ўжо трэцюю кнігу, прысвечаную землякам з вёскі Матырына ды яе ваколіц

Васіль Шалак і артысткі з фальклорнага гурта “Матырынская спадчына”

Такія кнігі, як у Васіля Іванавіча, можна параўнаць з чароўнымі люстэркамі. Яны даюць магчымасць высвеціць, лепш разледзець малавядомыя, прыхаваныя рысы беларускага характару. Адна справа — літаратура мастацкая: там і дадумаць можна, выбудаваць вобраз, нешта ўзмацніць, штосьці прыхаваць. А тут — падагрэтая настальгічным агнём дакументалістыка (бо Піцер — не Матырына…). Гэткае народнае краязнаўства. У асцярожна- далікатнае сіло апісальніка трапляюць не толькі важныя “птушкі”, якія падалі ўжо голас на ўвесь свет ці хай сабе толькі ў Беларусі, але й непрыкметныя, на першы погляд, самыя простыя вясковыя людзі. Але ж таксама — з характарамі!.. Пра тое трохі далей будзе згадка.

“Роздумья”, з націскам на о — дыялектнае слова з Вушаччыны. Гэта ж і назва трэцяй ужо кнігі, якую Васіль Шалак напісаў і прэзентаваў на Бацькаўшчыне пад час нядаўняй літаратурнай вечарыны. Пра ранейшыя наша газета пісала: кніга “О тех, кто мне дороги” выйшла ў 2016‑м, зборнік на беларускай мове “Роздумы на вясковай лаўцы” — летась. Мы збіраліся й выехаць у Матырына прадэгуставаць знакамітыя клёцкі з душамі — пра якія наш няштатны аўтар вельмі душэўна пісаў у “Голасе Радзімы” ды ў ранейшай кнізе “Роздумы на вясковай лаўцы”. Запрасіў мяне ў Вушачы на прэзентацыю, што праходзіла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы 15 жніўня, і на гэты раз. Але ж — далекавата, рабочы дзень, графік, рэдакцыйны канвеер… Не склалася. Праз колькі дзён я тэлефанаваў яму ў Матырына. Палкоўнік запасу гаспадарыў на сядзібе ў сястры Аляксандры: зрабіў, казаў, драбіны (так лесвіцу там называюць — то можа яблыкі абіраць?), рамантаваў варотцы- калітку, а таксама плот і лаўку. А што за лаўка? “Ну каб дзе было пасядзець, — патлумачыў. — Тут аўталаўка ў вёску два разы на тыдзень прыязджае, то людзі абавязкова садзяцца, калі яе чакаюць — чалавек можа па 6–7”. За клопатамі не было часу й парыбаліць: хіба што здалёк на возера паглядзеў. Праўда, сусед карася такі спаймаў, і сястрыца працавітага брата-госця смажанай рыбкай частавала.

Кнігу Васіль Шалак выдаў немалую: 374 старонкі. Яна пра жыхароў вёскі, яе гісторыю, ранейшае жыццё-быццё — паводле аповедаў старажылаў. У размове казаў: выкарыстоўваў яшчэ як раённую кнігу “Памяць”, так і кнігу “Вяртанне” вядомага земляка Рыгора Барадуліна. Я потым знайшоў у нэце: там суаўтарам класіка быў вядомы фатограф Валянцін Ждановіч, выйшла кніга ў Мінску ў 1988‑м. На жаль, піцерцу не трапляў пакуль у рукі зборнік Рыгора Барадуліна “Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю. Песні матчыны з Вушаччыны” (Мінск, 2005), што выйшаў у серыі “Скарбы беларускай літаратуры й фальклору”. З анатацыі вынікае: гэта “нястомны праваднік па фальклоры роднай для народнага паэта Беларусі Вушаччыне. Абрадавыя песні, напеўкі, смяшынкі- казытушкі: шчымлівыя й гуллівыя, дасціпныя й каларытныя, сціплыя й скаромныя. Сабраныя за бяседным сталом — памяці ды ўдзякі маме паэта й крэўнікам, якія праз вякі пранеслі крывіцкае слова, неўміручае сваёй паганскай шчырасцю”.

Дык вось, пра характары вяскоўцаў з Вушаччыны… Якраз у гэтым барадулінскім зборніку, што ёсць і ў нэце, знайшоў я тонкае назіранне пад назвай “Гонар даражэй”. Не ўтрымацца — працытую з захаваннем усяго каларыту аўтарскае мовы: “Вушацкім рыбакам зь невялікае арцелі прапанавалі разводзіць і лавіць люгашак. Самалёт мусіў адвозіць жывы далікатэс аж у Францыю. У мокрым мосе. Сьвежанькіх. Цана была прапанавана добрая. Здавалася, што тыя, хто прапановы такое ня меў, пазелянеюць ад зайздрасьці зеляней за люгашак. Ды рыбакі сказалі савецкае “не”, як тым падпальшчыкам вайны. Яшчэ аракаў куды ні йшло. І дзяды й прадзеды былі рыбакамі, а не жабаловамі. Гонар даражэй”. Характар!

У 2013‑м пабачыў свет і “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна” — яго ўклала Наталля Давыдзенка. Самыя найлепшыя пра яго водгукі ў нэце: “Гэта не проста дыялектычны слоўнік з радзімы Рыгора Барадуліна. Гэта па сутнасці поўнае апісанне жывых традыцый цэлага беларускага раёна з асобнай “вушацкай”, як кажа дзядзька Рыгор, культурай. У кнізе сабрана амаль усё: пачынаючы ад традыцыйных “вушацкіх” імёнаў, заканчваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных святаў. Адметная рыса кнігі — поўная адсутнасць цэнзуры, што робіць мову яшчэ больш жывою. Сам паэт казаў, што гэта самая галоўная кніга ўсяго яго жыцця, пісаць якую ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве”.

Спадзяюся, і Васіль Іванавіч атрымае немалую асалоду, паслухаўшы, пачытаўшы земляка Рыгора Іванавіча. Сам жа піцерац, казаў, быў вельмі ўсхваляваны, калі фальклорны гурт “Матырынская спадчына” (а ім кіруе, у ім спявае Аляксандра Рудзёнак, ягоная сястра) спяваў на прэзентацыі песні з роднай старонкі, у тым ліку і “У полі тры садочкі”. “Потым я кажу: а давайце заспяваем ваенную песню, прысвечаную перамозе, — згадвае цёплы момант з прэзентацыі Васіль Іванавіч. — Я ж яе распяваў, калі быў курсантам у Ленінградзе, у ваенным вучылішчы. Аляксандра Іванаўна мая то адразу здагадалася: гэта “Солнце скрылось за горою”. Пачынаецца вось так: “Солнце скрылось за горою,/ Затуманились речные перекаты,/ А дорогою степною/ Шли с войны домой советские солдаты”. Сястрыца запявала, я ж вёў партыю бэк- вакала… І вельмі хораша ў нас атрымалася!”

Публікацыі ў нэце пасля прэзентацыі кнігі “Роздумья” нагадваюць, што Васіль Іванавіч працуе ў Санкт- Пецярбургскай грамадскай арганізацыі ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў працы, узброеных сіл і праваахоўных органаў. Дзмітры Раманоўскі, галоўны рэдактар мясцовай газеты “Патрыёт”, падаў цёплы артыкул пра падзею ў нумары за 24 жніўня. Калега мой, дарэчы быў на ўсіх трох прэзентацыях: першая праходзіла ў Матырынскім сельскім Доме культуры, другая ўжо ў райцэнтры, як і трэцяя. Дзмітры адзначае, што якраз сёлетняя прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы, а пісьменніка віншавалі адразу два намеснікі старшыні райвыканкама: Алена Пашковіч і Валянціна Хамёнак. Апошняя, дарэчы, сама жыхарка Матырына, і пра яе пішацца ў кнізе, “бо ў ёй адлюстравана жыццё некалькіх пакаленняў землякоў на працягу стагоддзя”. Валянціна дзякавала Васілю Іванавічу за цудоўны падарунак землякам, жадала далейшых творчых поспехаў. Да таго ж намеснікі старшыні ўручылі аўтару падарункі ад імя раённых улад і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Пра тое, што Васіль Іванавіч, хоць і жыве цяпер у Санкт- Пецярбурзе, ды вельмі глыбока пусціў карані на роднай зямлі, казала на прэзентацыі Алена Пашковіч: “Калі чытаеш “Роздумы на вясковай лаўцы”, то разумееш: нічога з падзей дзяцінства не прайшло міма аўтара. Цяпер жа, з вышыні гадоў, калі чалавек можа рабіць і філасофскія высновы, яны знаходзяць адлюстраванне ў прозе, простай і зразумелай — як самі яго землякі, героі твораў Васіля Шалака”. Зямлячка заўважыла, што ў некаторых тэкстах Васіля Іванавіча ёсць глыбокія развагі аб вечных каштоўнасцях, і што кнігі яго папулярныя на Вушаччыне. Пра тое, дарэчы, узгадала і Галіна Кашненка, якая да нядаўняга часу працавала ў Плінскай бібліятэцы: з моманту паступлення “Роздумаў на вясковай лаўцы”, казала, кнігу нават не паспелі паставіць на паліцу для навінак. Яе забралі чытачы адразу са стала! І потым доўгі час яна проста пераходзіла з рук у рукі. Яно ж і нядзіўна, бо гэтая кніга, падсумавала бібліятэкарка, ёсць своеасаблівая хроніка мсяцовага сялянскага жыцця. А ў вобразах былых аднавяскоўцаў, якія выпісаў Васіль Іванавіч, матырынцы й жыхары іншых вёсак могуць пазнаць сябе, суседзяў, знаёмых.

Сам Васіль Іванавіч расказаў на прэзентацыяі, што падштурхнуў яго пісаць трэцюю кнігу помнік землякам, якія загінулі пад час Вялікай Айчыннай вайны. На ім выбіты прозвішчы, ініцыялы сямі дзясяткаў людзей. “Хто яны? Людзі майго, ужо немаладога пакалення, і то ўспомняць добра калі палову — сваіх родных, бацькоў, суседзяў… — разважаў аўтар. — А моладзь? На жаль, мясцовы хлопцы й дзяўчаты ведаюць можа двух-трох са спісу герояў, бо, па маім разуменні, кожны, хто аддаў жыццё за Радзіму — здзейсніў подзвіг. Гэтым словам, дарэчы, можна ж назваць і працу пасляваенных гадоў, калі тыя, хто застаўся жыць у пекле вайны, падымалі гаспадарку. Да таго подзвігу далучыліся жанчыны, дзеці ваеннага пакалення, мае равеснікі, якія замест таго, каб ісці вучыцца, дапамагалі дарослым. А колькі талентаў магло б раскрыцца, калі б у іх была матэрыяльная магчымасць крочыць далей…”

Вось і стараўся Васіль Іванавіч, пішучы свае роздумы, прыгадаць, “пакінуць для гісторыі” як мага больш вяскоўцаў. Так своеасаблівая “Кніга памяці” Матырына ўрэшце атрымалася: пра тое казалі на прэзентацыі старшыня сельвыканкама Міхаіл Хоміч, настаўнік гісторыі Уладзімір Хамёнак, старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Марыя Шаўчэнка. Ды і сяброўкі, родныя Васіля Шалака з гурта “Матырынская спадчына”. Пра значнасць працы аўтара для гісторыі вось што казаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віктар Котаў: “Гэтая кніга — ужо гатовая схема краязнаўчых даследаванняў для іншых. У ёй паказаны быт канкрэтных людзей”. Васіль Іванавіч, казаў супрацоўнік райвыканкама, пакінуў вечны след аб сваёй малой радзіме: пройдуць гады, разбурацца будынкі, адыдуць пакаленні, — а кнігі, як і песні “Матырынскай спадчыны”, застануцца на вякі. Як помнік землякам, як духоўная каштоўнасць не толькі Матырына — усёй Вушаччыны.

Іван ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.