Вы тут

Веганства — найлепшы выбар для падтрымання здароўя і прыгажосці?


У харчаванні, як і ў любой іншай сферы чалавечага жыцця, трэба быць асабліва ўважлівым, каб не нашкодзіць. Толькі як высветліць, якая сістэма з'яўляецца найбольш правільнай? Выпускніца Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Вольга КУРАКОВА лічыць, што веганства — найлепшы выбар для падтрымання здароўя і прыгажосці.


Вольга Куракова.

Гэта найбольш строгая форма вегетарыянства, якая выключае спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання: мяса, рыбы, яек, сыру, малака і мёду. Таксама веганы не выкарыстоўваюць футра, скуру і поўсць жывёл, выступаюць супраць вопытаў на апошніх і іх выкарыстанні ў індустрыі забаў.

— З дзяцінства я была актыўным дзіцем: спартыўная гімнастыка, мадэльная школа, эстрадныя танцы. Бацькі кармілі як належыць: манная каша на сняданак, пюрэ з катлетамі на абед, рыба на вячэру. Да пераезду ў Мінск на вучобу (сама з Оршы) асаблівых ведаў у галіне харчавання ў мяне не было, у рацыёне прысутнічаў «стандартны набор беларуса»: малако, бульба, гародніна/садавіна, сыр, часам мяса/рыба. Аднак у 2015 годзе я натрапіла на блог адной беларускі, якая разам з мужам ужо сем гадоў былі вегетарыянцамі і дзяліліся сваім вопытам з чытачамі сайта. Мяне гэта зацікавіла, пачала вывучаць навуковыя артыкулы, глядзець відэаролікі па тэме. Так я стала вегетарыянкай, інакш кажучы, адмовілася ад мяса птушкі, рыбы, жывёлы, морапрадуктаў, — прыгадвае Вольга. — У 2016 годзе ў мяне пачалі з'яўляцца праблемы са здароўем, але гэта не было звязана з абранай сістэмай харчавання. Стрэсы і перажыванні адбіліся ў выглядзе хвароб, якія ні я сама, ні медыкі не маглі вылечыць. Тады вырашыла пачаць медытаваць і займацца ёгай. З часам навучылася канцэнтравацца на патрэбным, прыбіраць лішнія думкі з галавы, цалкам паглыбляцца ў атмасферу спакою і душэўнай раўнавагі.

Тады ж я даведалася пра лекара-натурапата, біяхіміка з 45-гадовым стажам Марве Аганян і пра яе лячэбнае галаданне. Пасля гэтага пераканалася, што трэба выключаць са свайго рацыёну не толькі мясныя прадукты, але і малочныя, і пераходзіць на веганства.

Бездражджавы хлеб.

Першым крокам быў Вялікі пост. Па яго заканчэнні дзяўчына зразумела, што цалкам гатовая да змяненняў у сваім жыцці.

— Варта сказаць, што вегетарыянцы дзеляцца на розныя тыпы і маюць розную пазіцыю: хтосьці адмаўляецца ад прадуктаў жывёльнага паходжання з-за этычных меркаванняў (шкада жывёл), нехта з-за стану здароўя, а іншыя з рэлігійных меркаванняў. Маёй асноўнай прычынай было здароўе. З часам стала заўважаць паляпшэнне стану валасоў, скуры, пазногцяў. Часу на сон патрабавалася менш, чым раней, а энергіі станавілася ўсё больш. Акрамя таго, змянілася стаўленне да людзей — я зрабілася больш ветлівай і добрай, зніклі такія рысы характару, як зайздрасць, злосць, — расказвае Вольга.

— Ад сваіх родных некаторы перыяд часу я хавала, што стала веганкай: ведала, якой рэакцыі можна чакаць. Дома казала, што проста не хачу есці. Прасцей рабіць так, чым даказваць і пераконваць блізкіх, што мяса і малочныя прадукты — непатрэбныя майму арганізму. Але калі яны даведаліся, як я харчуюся, быў скандал. Зараз сітуацыя крыху палепшылася. Калі прыязджаю дадому, адразу кажу, што з Оршы ў Мінск не павязу бабуліны катлеты і маміны піражкі, — працягвае дзяўчына. — Вегану складана знаходзіцца ў асяроддзі мясаедаў. Мой былы малады чалавек быў аматарам гэтых прадуктаў. Спачатку я спрабавала змірыцца, што ў нас розныя сістэмы харчавання, потым паказаць і даказаць яму, што такі рацыён дрэнна ўплывае на стан яго здароўя. Але калі гаспадыня ў доме я, і смажыць стэйк, напрыклад, з цяляціны, трэба мне, гэта маральна складана. Цяперашні мой хлопец — трэнер па пілатэсе, і ён веган. Сам Ілья кажа, што калі еў мяса, агульны стан здароўя быў горшы, чым цяпер. У выпадку з маёй найлепшай сяброўкай адрозненні ў смакавых перавагах ні на што не паўплывалі. Яна таксама мясаед, але, наведваючы кавярню або прыходзячы адна да адной у госці, мы не глядзім адно адной у талеркі і паважаем выбар кожнай з нас.

Знаходзячыся ў Мінску або адпачываючы за мяжой, я не шукаю спецыяльных месцаў для веганаў, падыдзе любое. Заўсёды можна папрасіць чай замест кавы (калі няма кавы на соевым малацэ), салату або пасту без сыру і яек, боршч без смятаны і мяса.

Вольга не любіць сядзець доўга на адным месцы, стараецца падарожнічаць. Летась, напрыклад, была ў Абхазіі, дзе патрапіла на дзень нараджэння незнаёмага хлопца. Усе ж ведаюць, якія там гасцінныя мясцовыя жыхары?

— Мяне частавалі смачнымі сырамі, напаілі духмяным салодкім віном, але я не шкадую пра гэта. Выязджаючы за мяжу, люблю песціць сябе круасанамі (вельмі іх люблю) і хлебам, але пасля прысмакаў пытаюся ў сябе: ці было смачна? Было. Гэта дало табе што-небудзь карыснае? Не. У такім выпадку, каб пазбавіцца ад лішніх шлакаў і таксінаў, галадаю некалькі дзён. Веганства — гэта сістэма для сябе, ніхто не мае права казаць: яна з'ела адну пячэньку, значыць, яна не веган, — дзеліцца дзяўчына. — Многія думаюць, што перайшоўшы на раслінную ежу, яны адразу ж набудуць моцнае здароўе і душэўную гармонію, схуднеюць, пазбавяцца ад выпадзення валасаў або ломкасці пазногцяў. Але веганства не панацэя. Праўда заключаецца ў тым, што ва ўсіх людзей арганізм розны, і ніхто не ведае, як ён адрэагуе на рэзкую перамену ў харчаванні. У маім выпадку вага з пераходам на веганства адразу зменшылася на тры кілаграмы (арганізм прыбраў лішняе), валасы спачатку выпадалі, але цяпер такога не назіраю, скура стала нашмат чысцейшай.

Сырнікі з тофу.

Станоўчы вынік ад расліннага харчавання, па словах Вольгі, можа быць толькі ў тым выпадку, калі выконваць усе правілы. «Без даволі шырокай базы ведаў, якія я атрымала з кніг, навуковых фільмаў, ад спецыялістаў у сферы харчавання, можна падарваць сваё здароўе. Адна з тыповых памылак веганаў-пачаткоўцаў — наляганне на салодкае, мучное і садавіну. Арганізму любога чалавека трэба разнастайнае харчаванне: крупы, бабовыя (добрая крыніца бялку), арэхі (тлушчы), алей, гародніна (клятчатка), арганічнае малако і г. д. Пры такім харчаванні не павінна быць праблем ні з самаадчуваннем, ні з дэфіцытам вітамінаў. Галадаць таксама трэба ўмець, нельга чысціць арганізм без ачышчэння галавы.

Напрыканцы нашай размовы Вольга сказала:

— Я не агітую ўсіх людзей быць веганамі, бо разумею, што гэта немагчыма. Калі вам хочацца есці мяса — ешце, хочацца хлеба або малака — калі ласка. Не трэба прытрымлівацца модных трэндаў і пры гэтым быць нешчаслівым чалавекам. Зразумейце, што ваш арганізм жывы, ён усё разумее і можа пакутаваць, калі яму штосьці не падабаецца. Усім хочацца жыць у прыемнай, утульнай абстаноўцы. Дык стварыце яе для сябе!

Каментарый спецыяліста

Вікторыя БОЛБАТ, урач-дыетолаг:

— Пры правільна спланаваным веганскім рацыёне можна атрымаць практычна поўны набор неабходных пажыўных рэчываў, за выключэннем вітаміна В12. Жалеза з расліннай ежы засвойваецца горш, вітамін А таксама не ўтрымліваецца ў раслінах, але ў чырвонай і аранжавай гародніне і садавіне змяшчаецца яго папярэднік —- бэта-карацін. Трэба сачыць за тым, каб было дастаткова і вітаміна D: пабольш знаходзіцца на свежым паветры, нават у зімовы час. Каб атрымліваць ёд, варта ўключаць у харчаванне марскія водарасці, хурму, фейхоа. Веганы, акрамя расліннай ежы, звычайна ўжываюць дабаўкі да ежы (вітамін B12 — як мінімум, вітамін D або вітамінныя комплексы). Наконт таго, лепш быць мясаедам або веганам, сказаць нешта цяжка. Усё добра ў меру. Так, лішак жывёльнай ежы ў харчаванні можа адбіцца на здароўі вельмі негатыўна, асабліва ў людзей, схільных да захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, анкалогіі і інш. І калі вы баіцеся такога эфекту ад тлустых мясных страў, можна выбіраць замест іх рыбу альбо дазволіць сабе іншыя прадукты жывёльнага паходжання: яйкі, малочныя. Калі ж веганства прадыктавана нейкімі ўнутранымі перакананнямі, то тут не абысціся без дадатковых ведаў у сферы харчавання. Беларусь у летні і восеньскі перыяд — проста рай для вегетарыянцаў. Цяпер селекцыянеры выводзяць шмат экзатычных сартоў агародніны і садавіны, якія добра прыжываюцца ў нашай краіне. Так, у іх будзе больш «хіміі», але гэта не значыць, што там няма неабходных нам вітамінаў і мінералаў. Але я ніколі не буду раіць выключна раслінную дыету, калі для гэтага не будзе якіх-небудзь медыцынскіх паказанняў.

Незалежна ад таго, веган ты ці не, варта рэгулярна рабіць медыцынскія абследаванні. Наш арганізм здольны да самарэгуляцыі, ён будзе імкнуцца папоўніць дэфіцыт неабходных нутрыентаў пры любым тыпе харчавання. Але парушэнні самарэгуляцыі сустракаюцца як у веганаў, так і ў мясаедаў. Чалавеку проста павінна быць камфортна харчавацца пэўным чынам увесь час. А вось бацькі-веганы, якія прывучаюць дзіцей да веганства з ранніх гадоў, бяруць на сябе вельмі вялікую адказнасць за іх жыццё і здароўе. Акрамя рэгулярнага прыёму біялагічна актыўных дабавак, такое дзіця павінна гэтак жа рэгулярна праходзіць медыцынскае абследаванне.

Самае важнае, на мой погляд, што мы атрымліваем з расліннай ежай, — гэта вялікая колькасць клятчаткі, якая павялічвае аб'ём з'едзенага, падаўжаючы пачуццё насычэння, запавольваючы ўсмоктванне вугляводаў, яна абсарбіруе і выводзіць лішнія тлушчы, халестэрын, таксіны, спрыяе добрай рабоце страўнікава-кішачнага тракту і прафілактыцы анкалагічных, сардэчна-сасудзістых захворванняў. Ну і, вядома, вітаміны, карысныя тлушчы алеяў — усё гэта вельмі важныя кампаненты расліннай ежы. Аднак нельга з упэўненасцю сцвярджаць, што веганы жывуць даўжэй за мясаедаў, ад цяжкіх захворванняў пакутуюць людзі, якія прытрымліваюцца розных сістэм харчавання. Так, ёсць сувязь паміж залішкам мяса ў рацыёне і ракам кішэчніка. Таму вялікая колькасць клятчаткі ў рацыёне з'яўляецца галоўнай прафілактыкай для гэтага віду раку. Па статыстыцы, чым больш расліннай ежы ў рацыёне, тым больш здаровы чалавек у плане сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў. Але гэта не азначае, што трэба цалкам адмаўляцца ад мяса і іншых прадуктаў жывёльнага паходжання. Паўтаруся, усё добра ў меру. А сачыць за сваім харчаваннем варта незалежна ад таго, веган вы або мясаед.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Што ў вегана ў галаве і на талерцы?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.