Вы тут

Друкуецца ў «Маладосці»


Аляксей Кулакоў

Аляксей працуе гукарэжысёрам. А яшчэ ён крыху празаік, трохі паэт, у меншай ступені драматург, карацей — летуценнік. Заўсёды любіў казкі, таму спрабуе ператвараць усё рэальнае ў казачнае. Часам паспяхова.

Ветразь

Яны сплывалі на караблях. Збягалі.

Сутаргава хапалі квіткі на круізныя лайнеры і паромы, цягнулі з сабой грувасткія чамаданы. На востраве пачалася паніка. Экалагічная катастрофа застала людзей, як звычайна такое бывае, знянацку. Грузавыя судны, вывяргаючы клубы дыму, плылі далей і далей.

— Толькі б усё нажытае дабро не прапала!

Сярод людзей быў адзін дзівак. У той час, калі ўсе пакавалі валізкі, набівалі аўтамабілі сваім хатнім начыннем, ён узяў толькі заплечнік з самым неабходным. І сядзеў на беразе ды майстраваў човен з адным толькі ветразем. Усе смяяліся з яго. Разумнікі казалі: «Ну куды ў сваім няшчасным парусніку сплывеш? У моры можа здарыцца страшны шторм, ды і наогул, як ведаць, куды цябе панясе вецер?» Людзі рабілі стаўкі, які вецер мацнейшы: вецер у яго галаве, ці той, што загубіць яго лодку?

Але ён не слухаў.

Надышоў час, човен быў гатовы. Наш дзівак выйшаў у адкрытае мора. Яго насіла, матляла па бязмежных водных прасторах. Як і любога з нас, яго пастаянна наведвалі сумненні, але ветразь нёс усё далей і далей у супрацьлеглым напрамку ад астатніх караблёў.

І вось, здаецца, ён зусім адзін, і надзеі не засталося... Але раптам перад ім з'явіўся астравок, зялёны, чысты і пустэльны. А побач з ім гойдаўся на хвалях яшчэ адзін човен, чымсьці падобны да яго ўласнага. І стаяла дзяўчына — хутчэй за ўсё, яшчэ адна такая ж дзівачка.

Там, куды збеглі ўсе людзі, здарылася новая экалагічная катастрофа. А той маленькі востраў, дзе засталіся гэтыя двое, застаўся такім самым, зялёным і чыстым. Нейкая незразумелая логіка, так?

Дзівакі, што з іх узяць.

Злачынства

Выдаўся цяжкі, пахмурны дзень. Стаміўшыся пасля працы, я зайшоў у маленькую, але ўтульную краму, каб купіць сабе чаго-небудзь паесці. Стаяў каля касы, а прадавачка і кажа:

— З вас дзве ўсмешкі, калі ласка.

Я пакорліва ўсміхнуўся. Яна ўважліва паглядзела і адказала мне лёгкай усмешкай. Убачыўшы сваю рэшту, я, па-ранейшаму хмурны, пайшоў дадому.

Калі нешта здзівіла, растлумачу. Прайшло ўжо з сотню гадоў, як эмоцыі і пачуцці сталі «на вагу золата». Літаральна. Чалавецтва рухаецца наперад, гаджэты, дэвайсы, робаты, урбанізацыя, звышхуткасныя аўтамабілі, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. Усе заматаліся настолькі, што амаль развучыліся праяўляць эмоцыі, радавацца дробязям.

Людзі забыліся, як гэта — любіць ды кахаць. Пазней аўтарытэтныя навукоўцы канчаткова давялі, што кахання не існуе, і людзі зусім перасталі ўлюбляцца.

І тады было вырашана перайсці на новую валюту. Быў распрацаваны метад, у адпаведнасць з якім зарплату выдавалі моцнымі абдымкамі, а за выдатную працу часам гладзілі па жывоціку. Гэтага зарада хапала, каб расплачвацца за тавары, паслугі і наогул каб жыць.

На дварэ 29 жніўня 2500 года, на маім твары подых восені. Я зашпіліў паліто, якое, дарэчы, купіў за два поціскі рукі і адзін пацалунак у шчочку. Наміналаў гэтай цудоўнай валюты хапала: жуйку можна купіць за падміргванне, прадукты абыдуцца ў асноўным у парачку усмешак, новую машыну набыць можна за дзясятак моцных абдымашкаў, а кватэра абыдзецца, вядома, у тры сотні пацалункаў у шчочку, не менш.

Сутнасць у тым, што ў сучаснага чалавека шмат з сябе выдушыць не атрымаецца. Вядома, у такім грамадстве не абыходзіцца без фальшываманетчыкаў і жулікаў — яны крывадушна ўсміхаюцца. Ёсць і рабаўнікі, якія гатовыя вытрасці з банка пачуццяў усю пяшчоту. Існуе і спецыяльная эмацыянальная паліцыя, якая прадухіліць усе незаконныя праявы эмоцый.

А я іду па сцежцы і падазрона азіраюся. Чаму?

Бо я — злачынец.

Справа ў тым, што насуперак меркаванням аўтарытэтных навукоўцаў, насуперак модзе і звычкам, я закахаўся. А значыць, я казачна багаты. Лічыце, падпольны мільянер.

Палавінкі

Дзіўна гэта.

Здараецца, мы абдымаем адно аднаго так моцна, што складана адліпнуць, быццам клеем запэцканыя. Нам складана развітацца, быццам бачымся апошні раз, сумуем і радуемся разам, быццам частка чагосьці цэлага.

Не ведаю, як уладкаваны гэты свет, але вось нам у дзяцінстве тлумачылі задачкі на яблыках там усялякіх, грушах і апельсінах. Дык вось, уявіце. У пана Бога кілаграм апельсінаў. І ён бярэ адзін, разразае на палавінкі і кідае ў гэты свет, каб яны знайшлі адна адну і сталі адным паўнавартасным, сакавітым, смачным апельсінам. І так адбываецца з усім кілаграмам.

Пан Бог як быццам правярае нас, ставіць свае эксперыменты, стварае лабірынт, у які кідае дзвюх мышак, каб даведацца, ці вартыя яны шчасця, калі знойдуць адно аднаго?

А калі багоў шмат? Тады, напэўна, гэта падобна на букмекерскую кантору, у якой багі ставяць свае стаўкі, «знойдуць — не знойдуць». Ім у небе таксама хочацца забаўляцца. А ўявіце, як ім пацешна, калі палавінкі знаходзяцца, але не свае... Скажам, было шмат кілаграмаў рознай садавіны і агародніны, ён парэзаў і перамяшаў усё гэта ў салату. І як тут знайсціся?

А людзі, па сутнасці, істоты дурныя, ім хочацца палавінку і не важна, што ты, напрыклад — ананас, а яна — авакада. І што гэта атрымаецца? Ананакада? Аваканас? Нават гучыць недарэчна. А ў жыцці так бывае, ёсць пары зусім адно аднаму не падыходзячыя, і ўсё ў іх не тое, і ўсё ў іх не так. А потым жэняцца і ўсё жыццё адно аднаго праклінаюць.

Яны, хутчэй за ўсё, абое добрыя, толькі выбралі не сваю палавінку.

А вы што за фрукт? Або ягада? А, можа, гародніна? Ці... пячэнька?


Дар'я Трайдэн

«Апавяданні, нанізаныя на адну нітку, як пацеркі, — так напісана ў прадмове да трох твораў гэтай маладой аўтаркі, змешчаных у адным нумары. І далей: «....адчуванне крохкасці шчасця, адчуванне самой сябе ў свеце, адчуванне свету — у сабе». Такія яны, творы Дар'і, такая ў іх мэта. Чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены» прапануецца адзін з гэтых твораў.

Нямая Лана

Лана доўга выбірала букет для гэтай незнаёмай дзяўчыны. Нязграбная ў словах, яна імкнулася звязаць тканіну адносін паднашэннямі — старадаўняя мова павагі была больш зразумелая і менш балючая за прамовы, якія перасякаліся ў паветры, нібы нажы.

Лана пакідала людзям столькі, колькі вымагала сітуацыя. Яна лічыла хабар самай натуральнай формай афіцыйных стасункаў, спакойным і мудрым шляхам да пажаданага. Падарунак быў яе вітальным словам, яе падзякай, яе цвёрдай любоўю, яе нерашучай надзеяй на блізкасць.

Старыя багі патрабавалі падарункаў і хабараў, каб пераканацца ў адданасці мэце, у чысціне малітвы. Рэч патрэбная для таго, каб зазірнуць у сэрца і ўпэўніцца: чалавек ведае, што жыццё — гэта бясконцы абмен. Рэч патрэбная для таго, каб праверыць, ці адрознівае чалавек сутнасць падарунка і хабару.

Сям'я Кахоцкіх многа пераязджала: Лана нарадзілася ў Германіі, праз чатыры гады яны пераехалі ў Ізраіль, праз тры вярнуліся ў Беларусь — і мовы ў ёй змяшаліся і заблыталіся, чужая і смешная для дзяцей Франкфурта і Хайфы, на новым месцы яна не хацела зноў цярпець насцярожаную грэблівасць. У Брэсце да Кахоцкіх, дарэчы, ставіліся з павагай — памяць пра «жалезную заслону» надае свабодным вандроўкам значнасці. Але Лана болей не спрабавала размаўляць — яна ведала, як лёгка несці пачуццё ў падарунках, жэстах, позірках, рытме рухаў і набліжэнняў. Дзеці лічылі Лану нецікавай дачкой багатых бацькоў, якой няма чаго паказаць, акрамя сваіх грошай. Толькі некаторыя разумелі, чаму яна маўкліва цягне рукі са скрынкай у хрумсткай прыгожай паперы. Звычайна ў іх не было чаго даць ёй, акрамя сваёй прысутнасці, дотыку, гарманічнага рытму хады, белай дарогі пасярод рудых дрэваў. Але гэта быў правільны адказ — яны давалі тое, што маглі, тое, чаго ў Ланы не было.

З тымі, хто ружавеў і прымаў падарункі ў хваляванні, хто абяцаў вачыма помніць яе і лашчыць гэтую рэч, такую прыгожую, патрэбную, — з тымі Лана была шчаслівая.

«Ігнат, што з ёй рабіць? Яна набывае сяброў за грошы, дзічыцца, слова не выцягнуць. Што з яе будзе, калі працягне так тыркаць усім банцікі і каробачкі?» — маці клапацілася пра Лану, як клапоцяцца ўсё жанчыны, расчараваныя знешнасцю ці здольнасцямі любімых дзяцей.

«Нічога, усё зразумее», — Кахоцкі паціснуў плячыма. Бізнес без лёгкіх стымуляцый і сімуляцый не працуе, таму Лана, можа, і не дурніца. Ён развіваў у дачцэ іншыя навыкі забяспечанага жыцця: замежныя мовы, усмешку без жадання ўсміхнуцца, матэматычны падлік карыснасці знаёмства... А яна маўчала, яна шукала стужкі для падарункаў, дыхала плебейскім паветрам кухняў бабуліных сябровак і хавала паштоўкі, якія пакуль няма каму падпісаць.

Кахоцкія неяк «убілі» ў яе кепскаватую польскую і выправілі вучыцца ў Варшаву.

Калі Лана кінула там гістфак, бацькі параілі ёй знайсці працу (і пажадана ў сталіцы, каб яна глядзела на шчаслівых мінскіх студэнтаў — і адчувала сорам, і рыхтавалася да іспытаў, і сніла сябе першакурсніцай, пажадана факультэта міжнародных адносін).

Але Лана ўладкавалася фларысткай, працавала ноччу, палову дзён тыдня спала, а другую палову бавіла без шчаслівых студэнтаў і іншых герояў чужых фантазій. Спачатку яна жыла ў кватэры бацькоўскіх сяброў — сямейнай пары навукоўцаў, якія ў той час паехалі нешта вывучаць у Швецыі. Калі тыя вярнуліся, Ланіна адзінота якраз пералівалася цераз край усіх кубкаў, і рукі стаміліся ад дотыкаў да нежывых непатрэбных падарункаў, і пах кветак, якія пойдуць да чужых каханак, пазбаўляў прытомнасці.

Лана пачала шукаць новы дом.

Знаёмы даў Лане нумар дзяўчыны, ад якой з'ехала суседка. Яны дамовіліся на сустрэчу праз «Фэйсбук» і, здаецца, паразумеліся, але ўсё роўна было страшна, і сэрца кожную ноч атрымлівала назад нераскрытыя пакункі, і сны поўніліся шапаценнем паперы для падарункаў, і гэты шум зліваўся ў словы без сэнсу — яна прачыналася ў жаху ад таго, што страціла разуменне чалавечай мовы і назаўсёды застанецца адна.

Лана абрала сціплыя светла-фіялетавыя кветкі.

Была ранняя вясна. Снег пачаў сыходзіць, але пакуль лянотна. Ён гулліва пакідаў сваю бялізну пад вокнамі і дрэвамі, ціха падаў раніцай, каб адразу растаць — на тварах (белых-белых), на каўнярах (мяккіх, мёртвых), на вейках (цвёрдых, сонных, жывых).

У думках Лана адразу пачала зваць яе Суседкай. Лана паспела столькі сказаць гэтым фіялетавым кветкам, так выкшталцона вылічыла будучыню па падабенстве яе вачэй і пялёсткаў, што здавалася: яны ўжо даўно знаёмыя.

Суседка ўзяла букет. Перад тым як адвесці руку назад да цела, дзяўчына патрымала яе ў паветры, быццам спрабавала прызвычаіцца да вагі фіялетавых кветак, вывучыць перахрыст сцяблін. А пасля рука з букетам прыціснулася да грудзей, і гэты парывісты жэст азначаў ціхае «дзякуй».

Лана насіла кветкі штотыдзень.

Ставіла букеты ў высокую крыштальную вазу з краю стала, і пах прахалодных лісцяў і пялёсткаў абводзіў заплюшчаныя вочы, сціснутыя вусны, раскіданыя ў снах валасы. Празрыстасць вады і крышталю прыцягвала першыя ранішнія промні, якія адбіваліся на суседчынай шчацэ. Тая прачыналася ад дотыку святла, бачыла букет з белай атласнай стужкай — і ён быў для яе кнігай, размовай, пажаданнем, бутонам новага дня, што распускаўся дзеля яе адной.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?