Вы тут

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне


Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне. Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.


Вежа з гадзіннікам у цэнтры Дуброўна.

Сустрэнемся пад гадзіннікам

Нядаўна гораду споўнілася 625 гадоў. Юбілей урачыста адзначылі ў другой палове чэрвеня, у дні правядзення XXV Міжнароднага фестывалю «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне».

З нагоды «імянін» прэзентавалі і некалькі новых аб'ектаў культуры, якія адразу спадабаліся тутэйшым і гасцям. Напрыклад, вулічны гадзіннік, замацаваны на вежы ў гарадскім скверы. Ён стаў без перабольшвання знакавым месцам. Цяпер тут прызначаюць спатканні. А наваспечаныя сем'і адразу пасля рэгістрацыі шлюбу прыязджаюць сюды нават з Оршы, іншых гарадоў, вёсак. А некаторыя — нават са Смаленска.

Цікава, што на яго стварэнне не патрацілі ні рубля бюджэтных грошай: усе выдаткі ўзялі на сябе мецэнаты.

Менавіта гадзіннік устанавілі невыпадкова. Ён нагадвае пра тое, што ў Дуброўне князь Рыгор Пацёмкін пабудаваў адну з першых у Расіі (пасля Санкт-Пецярбурга і Масквы) гадзіннікавую фабрыку. Гэта адбылося пасля падзелу Рэчы Паспалітай, калі край увайшоў у склад Расійскай дзяржавы. Князь Пацёмкін набыў у Казіміра Сапегі Дубровеншчыну і, як бы сёння сказалі, стаў інвестарам будоўлі некалькіх фабрык. У тым ліку і па вырабе гадзіннікаў. Апошняя паспяхова канкуравала нават са швейцарскімі вытворцамі. Дарэчы, як упэўнены некаторыя даследчыкі, у Швейцарыю экспартаваліся ўнікальныя дубровенскія механізмы для гадзіннікаў.

Захоўваюцца ў Эрмітажы

Канешне, лагічным было б правядзенне ў Дуброўне, напрыклад, міжнароднага фэсту-кірмашу гадзіннікаў. Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта Алег ЛЫНДЗІН не выключае ў перспектыве такой магчымасці. А спачатку створаць экспазіцыю ў музеі...

Кіраўнік мясцовай улады не без гонару расказаў пра тое, што ў Эрмітажы ёсць сярэбраныя кішэнныя гадзіннікі, вырабленыя ў Дуброўне. Як і пра пастаўкі хранометраў для імператарскага двара.

А мясцовыя краязнаўцы літаральна гадзінамі гатовыя расказваць пра шведскага майстра па вырабе гадзіннікаў Пятра Нарштэйна. Гэты таленавіты чалавек арганізаваў іх вытворчасць у Дуброўне ў 1784 годзе, падрыхтаваўшы з ліку сялян больш за трыццаць спецыялістаў. На жаль, фабрыка, якая была вельмі прыбытковай, функцыянавала параўнальна нядоўга. Праз некалькі гадоў пасля смерці інвестара (ён памёр у 1791-м) станкі і майстроў перавезлі спачатку ў Маскву, потым у наваколлі.

Манапаліст па вырабе... талесаў

Лічыцца, што Пацёмкін заснаваў таксама суконную і пазументавую фабрыкі. Але, па некаторых звестах, першая з вытворчасцяў была наладжана да яго. Суконная фабрыка ў 1901 годзе стала «Дняпроўскай мануфактурай». У будынку былога фарбавальнага цэха нядаўна адкрылі музей. Гэта адбылося па ініцыятыве дырэктара ААТ «Дубровенскі льнозавод» Анатоля Басянкова, які сорак гадоў (!) узначальвае прадпрыемства, створанае ў 1932 годзе. Яно стала правапераемнікам мануфактуры.

Паводле слоў сённяшняга кіраўніка, які шмат працаваў у архівах, у 1900-м зацвердзілі статут будучай мануфактуры. Будавалі яе і працавалі на прадпрыемстве выключна яўрэйскія работнікі.

Дарэчы, выраблялі ў Дуброўне і талес — малітоўную шаль, якую носяць іўдзеі пасля дасягнення паўналецця. Сур'ёзных канкурэнтаў у вырабе гэтай прадукцыі тады не было.

Новы музей, прысвечаны «Дняпроўскай мануфактуры».

У музеі расказваюць, што пры фабрыцы была пажарная частка, бібліятэкі, лазні, прафесійнае вучылішча-інтэрнат, лагер адпачынку, крама і гэтак далей. Грамадскае жыццё віравала. Напрыклад, славіўся далёка за межамі гарадка фабрычны аркестр.

Да нашага часу захаваліся і камунікацыі былой помпавай станцыі. Як сцвярджае спадар Басянкоў, трубы з дарэвалюцыйнага часу не мянялі. Вада ў іх, дзякуючы прадуманай апрацоўцы паверхні, і ў наш час па сваёй чысціні адна з найлепшых на Дубровеншчыне і суседняй Аршаншчыне.

Шмат экспанатаў — пра льнозавод. Яны ёсць нават пад адкрытым небам — абсталяванне, якое калісьці выкарыстоўвалі. На тэрыторыі музейнага комплексу можна зразумець, як вырошчваюць лён, як збіраюць яго, апрацоўваюць, вырабляюць адзенне і іншае.

На другім паверсе будынка, якому літаральна надалі «другое жыццё», стварылі абрадавую і банкетную залы.

Не забыць, адкуль ты

З тым, што зроблена ў Дуброўне, нядаўна пазнаёміліся дэпутаты Віцебскага аблсавета, якія ўзяліся абмеркаваць пытанні аховы гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны ў вобласці. Як заўважыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, Дубровеншчына — добры прыклад таго, як пасля правядзення абласных дажынак мясцовыя ўлады працягваюць развіваць горад: адкрываюць новыя гандлёвыя пункты, месцы для адпачынку і турызму. І пры гэтым стараюцца эканоміць бюджэтныя сродкі.

Сярод іншага народным выбраннікам паказалі і новы гісторыка-краязнаўчы музей — раней, як ні дзіўна, у райцэнтры такой установы не было. Усе работы ў аднапавярховым будынку, які пэўны час не выкарыстоўваўся, яшчэ не завершаны. Але выставачная зала ўжо ёсць і працуе. Дарэчы, музей ствараецца дзякуючы фінансавай падтрымцы земляка, сенатара Мікалая Мартынава — член Савета Рэспублікі, кіраўнік холдынга «Марко» не забывае малую радзіму і шмат карыснага ўжо зрабіў для таго, каб жыццё ў глыбінцы падцягнуць да гарадскога ўзроўню.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: У памяць аб спадчыне

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.