Вы тут

Дачка Альманскіх балот


Малая радзіма для паляшучкі Праскоўі ПАЛУКОШКІ — гэта найперш яе вёска Альманы — старажытнае паселішча на краі балота, найвялікшага ў Еўропе. Тут яна нарадзілася, скончыла школу, стварыла сям'ю. Стала не толькі ўмелай гаспадыняй, але і сапраўдным майстрам па лозапляценні, удзельнічае ў вясковых, раённых і абласных святах. Таму ў паняцці малой радзімы для Праскоўі тоіцца яшчэ і крыніца яе натхнення. Працавітая жанчына пераняла найлепшае ад самабытных альманцаў, якія стагоддзямі вучыліся не толькі выжываць у неспрыяльных умовах прыроды, але і стварылі непаўторную палеска-альманскую культуру, захавалі спрадвечныя звычаі і традыцыі, рамёствы і промыслы, карыстаюцца сваім непаўторным дыялектам і асаблівасцямі мовы, не забываюць фальклор — песні, казкі, легенды і балады. Жанчыны-альманкі і да сёння носяць святочныя строі. На гэтым фотаздымку дачка альманскіх балот дэманструе і свае мастацка-побытавыя вырабы: кашы, карзіны і тарабан — вялікі кош з сасновай дранкі (шчапы), і альманскі строй, у які ўваходзяць традыцыйныя кашуля-вышыванка (з шоўку), камізэлька, спадніца з коснікамі (стужкамі), фартушок з кветкамі, вышытымі крыжыкам.


Альманскія балоты — таксама малая радзіма Праскоўі. І нездарма фонам для фота сталі купіны і балотныя трыснягі. Балота, на якое з маленства хадзіла збіраць ягады — летам чарніцы, восенню — журавіны, Праскоўя, як ніхто, ведае. Ведае і часта распавядае, што на дзясяткі кіламетраў балотнай прасторы не сустрэнеш ніводнай жывой душы. Толькі некранутая прырода!

Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.