Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Беларусь і Кітай сталі «жалезнымі братамі»


Пра гэта заявіў беларускі лідар на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратаром Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны Чжаа Лэцзы.


У пачатку Аляксандр Лукашэнка павітаў Чжаа Лэцзы ў Беларусі: "Асабліва прыемна, што менавіта ў нашу краіну Вы ажыццяўляеце першы візіт пасля абрання дзеючага складу кіраўніцтва Кампартыі Кітая", — адзначыў Прэзідэнт і павіншаваў яго з прызначэннем на высокія, адказныя партыйныя пасады.

Беларускі лідар нагадаў, што сёлета ў чэрвені ў горадзе Ціндаа ў рамках саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ён сустракаўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, дзе было абвешчана аб уступленні ў новы этап беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. "Беларусь і Кітай, як прынята сёння казаць, сталі" жалезнымі братамі", — адзначыў Прэзідэнт.

Дарэчы, у маі ў Мінску прымалі намесніка старшыні КНР Ван Цішаня. "Рады, што няспынны дыялог на вышэйшым узроўні працягваецца, захоўваючы глыбіню двухбаковых адносін. Кожная сустрэча дае новы імпульс у злучэнні развіцця нашых краін у імя пабудовы "супольнасці адзінага лёсу", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар таксама дадаў, што з пункту гледжання беларускага кіраўніцтва нашы адносіны — інтэнсіўныя і усёабдымныя, яны дынамічна развіваюцца. "Такой дынамікай беларускі бок задаволены. Натуральна, што на гэтым доўгім, вельмі складаным і цяжкім шляху заўсёды будуць нявырашаныя праблемы, задачы, якія трэба будзе рэалізоўваць", — канстатаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: для Беларусі важна пачуць меркаванне Чжаа Лэцзы па якасці двухбаковага ўзаемадзеяння і кірунках яго далейшага паглыблення.

У сваю чаргу, Чжаа Лэцзы адзначыў, што вельмі рады пабываць у прыгожай краіне, у Беларусі. Ён перадаў Аляксандру Лукашэнку "самыя цёплыя прывітанні і найлепшыя пажаданні ад добрага сябра Сі Цзіньпіна". На думку члена Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, беларускі лідар асабіста ўнёс вялізную лепту ў развіццё беларуска-кітайскіх адносін.

Ён дадаў, што Кітай і Беларусь — гэта добрыя сябры, якія могуць падзяліцца і радасцю, і нягодамі, таксама нашы дзяржавы — партнёры, якія заўсёды аказваюць дапамогу адзін аднаму. Па словах Чжаа Лэцзы, галоўная мэта яго візіту — "рэалізаваць кансэнсус, дасягнуты паміж кіраўнікамі дзяржаў на палях саміту ШАС у Ціндаа".

Дарэчы, рабочы візіт Чжаа Лэцзы ў Беларусь працягнецца да 22 верасня, ён праходзіць у рамках рэалізацыі Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі і Міжнародным аддзелам ЦК КПК.

Плануецца, што член Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай, а таксама старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам Мясніковічам.

Прадугледжана і культурная праграма: наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна".

Аб гандлі і інвестыцыях

За 2017 год тавараабарот Беларусі і мацерыковага Кітая склаў 3,11 мільярда долараў ЗША (120,5 % да 2016), аб'ём беларускага экспарту — 362,7 мільёна долараў (76,7 %), імпарту — 2,74 мільярда долараў (128,8 %). Сальда склалася адмоўнае ў памеры 2,38 мільярда долараў.

За студзень — ліпень 2018 года тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў 1,97 мільярда долараў (129 % да аналагічнага перыяду 2017 года), аб'ём беларускага экспарту — 241,2 мільёна долараў (137 %), імпарту — 1,73 мільярда долараў (128 % ). Сальда адмоўнае — мінус 1,49 мільярда долараў.

Асноўныя артыкулы экспарту: калійныя ўгнаенні, поліаміды, лён-сырэц або лён апрацаваны, малако і вяршкі згушчаныя і сухія, малочная сыроватка, рапсавы алей і электронныя інтэгральныя схемы.

Што датычыцца інвестыцыйнага супрацоўніцтва, то за 2017 год у Беларусь паступіла 275,5 мільёна долараў валавых інвестыцый з Кітая, з іх прамых — 113,6 мільёна долараў, на чыстай аснове — 39,1 мільёна долараў (за 2016 — адпаведна 251,2, 99,5 і 36,1 мільёна долараў).

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.