Вы тут

Лёзненскі раён становіцца адным з самых дагледжаных у Прыдзвінні


Навесці ідэальны парадак усюды — важна не толькі таму, што сёлета — Год малой радзімы. Восенню будзе святкавацца 75 гадоў з даты вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў. Лёзненшчына, дарэчы, стала першай з вызваленых на тэрыторыі Віцебшчыны. І адной з першых ва ўсёй рэспубліцы. Таму справа гонару зрабіць так, каб любы населены пункт, двор ці ферма былі ў ідэальным парадку.


Падчас пасяджэння і свята аграрнага гарадка.

Больш бы нераўнадушных...

На сумесным пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў і райвыканкама адбылася канструктыўная і шчырая размова на гэты конт, не без крытыкі.

Старшыня райсавета дэпутатаў Тамара Дрылёнак расказала пра стан спраў па навядзенні парадку на зямлі і пра неабыякавых людзей, якія на ўласным прыкладзе паказваюць, як можна зрабіць прыгажосць на сваім падворку. Цікава, што сярод іх ёсць бабуля, якой за 90.

А яшчэ адна зямлячка — сама добрая гаспадыня. Таму хоча, каб і вакол было прыгожа. Тэлефануе на прамую лінію ў райвыканкам, каб паўплывалі на суседзяў, якія не спяшаюцца навесці парадак каля дома. Ёсць і кіраўнікі, якія актыўна, не для справаздачы, бяруць удзел у добраўпарадкаванні. Старшыня сельгаспадаркі «Чкалаўскі» Дзмітрый Грыгаровіч арганізуе ўкос траў у населеных пунктах. І скошанае — на корм для скаціны тым, хто трымае прыватныя падсобныя гаспадаркі.

Начальнік РАНС Віталь Чайкін разам з падначаленымі добраўпарадкоўвае тэрыторыі не толькі падчас суботнікаў. Як дэпутат райсавета агітуе людзей самім ствараць нешта для дзяцей і ўнукаў на тэрыторыі каля ўстаноў адукацыі, у цэнтральным скверы. І ўжо многае зроблена. Маёр унутранай службы адзначыў, што народныя выбраннікі ў ліку іншага не шкадуюць асабістых грошай. Аб'яўляюць збор сродкаў, каб выкарыстаць на добраўпарадкаванне.

У Год малой радзімы юрыдычным асобам, землякам прапануюць, пры іх жаданні, зрабіць імянныя падарункі для Лёзна. А для аграгарадкоў — спрыяць у набыцці або вырабе гульнёвых дзіцячых пляцовак.

Улада, зрабі!?

На мерапрыемстве, дарэчы, было агучана, што трэба больш актыўна прыцягваць землякоў, прадпрыемствы, арганізацыі, прадпрымальнікаў да навядзення парадку.

І неабходна, па-добраму, мяняць менталітэт людзей. Многія, на жаль, жывуць па прынцыпе: «Улада мне павінна!» Трэба прывучаць людзей самім нешта рабіць, як кажуць беларусы, талакой.

Напрыклад, у заходніх раёнах вобласці традыцыйна значны ўклад у навядзенні парадку на могілках — ад сваякоў тых, хто там пахаваны. Клапоцяцца яны, каб спілавалі старыя дрэвы, зрэзалі кустоўе, адрамантавалі агароджы вакол усёй тэрыторыі. Такую практыку трэба ўкараняць. І ў цэлым, што датычыцца навядзення парадку, неабходна выкарыстоўваць новыя больш плённыя падыходы. А для гэтага трэба актыўна агітаваць людзей, каб яны па-іншаму ставіліся да добраўпарадкавання.

Тамара Дрылёнак расказала, што ў пытанні добраўпарадкавання тых жа могілак неабходна актывізаваць дзейнасць старэйшын. І вялікі патэнцыял у дзейнасці старэйшых па вуліцах, дамах, пад'ездах. А шэфы, якія адказваюць за вёскі, не толькі павінны часцей там бываць, але зрабіць нешта канкрэтнае і карыснае.

Таксама Тамара Дрылёнак акцэнтавала ўвагу на тым, каб быў парадак на ўсіх аб'ектах, якія знаходзяцца на балансе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Такую ж думку выказаў і старшыня райвыканкама Іван Лаўрыновіч. Парадак павінен быць, як у сваім доме. Трэба зрабіць прыватны выгляд на кожным машынным двары ці ферме. І не толькі з фасаднай часткі, а на ўсіх тэрыторыях.

Было вельмі карысна пачуць і тое, што хвалюе моладзь. Падлетак ад імя равеснікаў, такіх жа актывістаў мясцовага маладзёжнага парламента, звярнуў увагу прысутных, што неабходна, напрыклад, валейбольная пляцоўка каля вадаёма, дадатковае добраўпарадкаванне і развіццё парку райцэнтра. Хлопцы і дзяўчаты гатовыя браць удзел у работах і нават збіраць грошы. Такую шчырую ініцыятыву падтрымалі прысутныя ў зале. І, дарэчы, адразу пасля пасяджэння скрынку для добраахвотных ахвяраванняў разам напоўнілі больш за 400 рублёў!

На кантролі

У раёне сёлета правялі тры суботнікі. Заробленыя больш за 4,5 тысячы рублёў выдаткавалі на добраўпарадкаванне. Арганізавалі агляды-конкурсы на найлепшыя аб'екты. На больш чым 9,2 гектара правялі работы па знішчэнні баршчэўніку.

А раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя даследаваны каля 140 тэрыторый розных аб'ектаў. «Узялі на кантроль» каля 280 парушэнняў, сума штрафаў перавысіла 4,1 тысячы рублёў.

Вялікі «пласт» і па выніках нагляднай дзейнасці ўстановы дзяржаўнага санітарнага нагляду раёна. У прыватнасці, супрацоўнікі ведамства пабывалі ў 105 населеных пунктах. І ў прыкладна чвэрці выявілі парушэнні. Большасць — 43,6 % — наконт утрымання кантэйнерных пляцовак. Правялі 54 маніторынгі ўтрымання палос адводу аўтамабільных і чыгуначных шляхоў. І падчас 21 таксама выявілі парушэнні.

Старшыня райвыканкама патрабаваў канкрэтыкі ў тым, што будзе зроблена: хто і што павінны зрабіць, і ў якія тэрміны.

Лёзненшчына — радзіма сваякоў Марка Шагала. Раён мяжуе з Віцебскім раёнам — «уязнымі варотамі» абласнога цэнтра, праз яго тэрыторыю пралягае траса ў Смаленскую вобласць. Мясцовая ўлада ставіць задачу зрабіць край адным з самых дагледжаных у Прыдзвінні. І для гэтага часта не трэба вялікіх грошай, а галоўнае — жаданне і актыўны ўдзел кожнага жыхара.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Як у сваім доме

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».