Вы тут

У Беларусі праходзіць Еўрапейскі тыдзень мабільнасці


Не памылюся, калі скажу, што шмат абурэнняў насельніцтва выклікаюць праблемы з рухам на дарозе, а вострае пытанне затораў у мегаполісе наогул здаецца невырашальным... Тым не менш выйсце ёсць, трэба толькі пайсці насустрач новым экалагічным тэхналогіям і пераняць пэўны вопыт у заходніх краін.


Рухаюся — значыць, існую

З 16 па 22 верасня ў Беларусі праходзіць Еўрапейскі тыдзень мабільнасці (ЕТМ). Гарады Беларусі чацвёрты раз далучацца да гэтай агульнаеўрапейскай ініцыятывы.

З кожным годам яна набірае папулярнасць. 2018-ы стаў рэкордным па агульнай колькасці ўдзельнікаў — 2470 гарадоў і населеных пунктаў з 50 краін свету. Удзел нашай краіны ў кампаніі таксама ўражвае: усяго за тры гады колькасць гарадоў Беларусі, якія афіцыйна далучыліся да тыдня, вырасла з трох да сарака васьмі. Напярэдадні ў сталіцы прайшла сустрэча прадстаўнікоў адміністрацый гарадоў Беларусі, якія падтрымалі ініцыятыву (Мінск, Брэст, Полацк, Наваполацк, Пінск і інш.).

Мэта кампаніі — паўсюдна спрыяць мабільнасці гарадскога насельніцтва, а для гэтага трэба развіваць грамадскі транспарт і ствараць камфортныя і бяспечныя ўмовы для пешаходаў і веласіпедыстаў. (Недарэмна тыдзень завяршаецца акцыяй «Сусветны дзень без аўтамабіля».)

— Гарады і населеныя пункты, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у тыдні мабільнасці, становяцца больш прыкметнымі і на міжнародным узроўні, — лічыць старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў Сяргей Масляк. — Яны дэманструюць арыентацыю на дасягненне Мэт устойлівага развіцця, дзве з якіх найбольш цесна звязаныя з транспартам і мабільнасцю. Згодна з мэтай устойлівага развіцця № 3, сусветная супольнасць плануе ўдвая скараціць колькасць смерцяў і траўмаў ад дарожна-транспартных здарэнняў, а таксама значна павысіць на ўсіх відах транспарту асабістую бяспеку пасажыраў. Акрамя таго, устойлівыя транспартныя сістэмы гарантуюць харчовую бяспеку (мэта № 2), якасць аховы здароўя (мэта № 3), даступнасць школ (мэта № 4).

Сяргей Масляк таксама адзначыў, што ЕТМ — гэта не разавая, а доўгатэрміновая акцыя, якая будзе спрыяць паляпшэнню развіцця інфраструктуры і якасці жыцця:

— У Мінску 85 % выкідаў, што забруджваюць паветра, належыць транспартным сродкам і толькі 15 % — вытворчасці, таму асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць менавіта транспартнаму кірунку.

А Андрэй Піліпчук, намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дадае, што беларускія мерапрыемствы на ЕТМ адпавядаюць і 11-й мэце ўстойлівага развіцця:

— Забеспячэнне адкрытасці, жыццястойкасці і экалагічнай устойлівасці гарадоў і населеных пунктаў — мэта № 11 — накіравана на тое, каб да 2030 года гарантаваць доступ насельніцтва да бяспечных і ўстойлівых транспартных сістэм, палепшыць работу грамадскага транспарту, яго прыстасаванасць для людзей з інваліднасцю.

З коламі і без бальнічных

Сёння з улікам развіцця гарадской мабільнасці велізарнае значэнне набывае распаўсюджванне роварнага руху. Анастасія Янчэўская, дырэктар Мінскага роварнага таварыства, прывяла статыстыку супольнасці, якая кажа сама за сябе:

— За мінулы 2017 год 1,2 % людзей здзяйснялі працоўныя перамяшчэнні на ровары. У нашай краіне каля 800 000 ровараў, з іх 40 % — дарослых. Праект «Гарадскі веларух у Беларусі» пастаянна развіваецца і прымае ўсё больш актыўных людзей.

Дарэчы, прыхільнасць да гэтага віду транспарту ўплывае і на якасць жыцця: 30-хвілінная паездка на ровары пакрывае штодзённую патрэбу арганізма ў фізічнай актыўнасці, перашкаджаючы развіццю атлусцення і іншых захворванняў. Людзі, якія рэгулярна ездзяць на ровары, радзей бяруць бальнічны.

— А інвестыцыі ў развіццё велаінфраструктуры, — працягвае Анастасія Янчэўская, — сёння самыя апраўданыя дзякуючы мноству фактараў: росту кліентуры мясцовых крам (па звестках шэрагу замежных даследаванняў, веласіпедысты часцей становяцца пакупнікамі рознічнага гандлю і кліентамі сферы паслуг, прадпрыемстваў грамадскага харчавання), зніжэнню выдаткаў на ахову здароўя, скарачэнню колькасці затораў і выхлапаў.

Акрамя таго, ровар з'яўляецца самым хуткім відам транспарту пры паездках на адлегласць да 5 км, апярэджваючы па гэтым паказчыку як аўтамабіль, так і грамадскі транспарт. Акрамя таго, ровар яшчэ і самы экалагічны.

Даступнасць і камфорт

Што ж такое мабільнасць у шырокім сэнсе? Мабільнасць (рухомасць) — гэта здольнасць чалавека перасоўвацца самастойна або з дапамогай транспартных сродкаў. Яна вызначаецца адлегласцю, якую пераадольвае чалавек (група людзей) за адзін дзень (іншы каляндарны перыяд) у працоўных мэтах або для атрымання базавых паслуг. Паводле ацэнак еўрапейскіх экспертаў, умовы мабільнасці на адну траціну вызначаюць якасць жыцця. Валянціна Лявончык, намеснік старшыні праўлення РГА «Беларускі саюз транспартнікаў», адзначае, што ўстойлівая гарадская мабільнасць — гэта камфортнасць усіх відаў перамяшчэнняў, наладжаны доступ усіх грамадзян да неабходнага месца.

Сёння транспартнікі арыентуюцца на рэкамендацыі ААН, еўрапейскую транспартную палітыку і паспяховы вопыт гарадоў у галіне кіравання мабільнасцю:

— Мы імкнёмся да стварэння транспартнай сістэмы, якая гарантуе высокую якасць паслуг, бяспеку, а таксама абарону навакольнага асяроддзя. Да таго ж укладанні ў транспарт сёння адны з самых выгадных, паколькі адзін рубель, укладзены ў грамадскі транспарт, дае чатыры рублі ў спадарожных сферах. Гэта значыць — мае ярка выражаны пазагаліновы эфект.

У цэлым спецыялісты розных сфер ацэньваюць правядзенне Еўрапейскага тыдня мабільнасці вельмі станоўча — у першую чаргу як платформу для мэтанакіраванага інфармавання пра шкоду залішняга выкарыстання легкавых аўтамабіляў, іх негатыўны ўплыў на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе.

Розныя гарады і іншыя населеныя пункты Беларусі многае ўжо робяць у кірунку ўстойлівай мабільнасці, але маюць патрэбу ў сістэматычнай інфармацыйнай падтрымцы. Сёння яны маюць розную ступень гатоўнасці да ўдзелу ў міжнародных праектах і праграмах. Тым не менш мясцовыя гарадскія ўлады прыходзяць да разумення, што ўстойлівая мабільнасць — гэта не толькі транспартнае пытанне, а арганізацыя ўзаемадзеяння розных зацікаўленых бакоў.

Вольга ПРАЛЮК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Даеш мабільнасць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?