Вы тут

У Полацкім раёне аб'ядналі гарадскую і раённую тэрыторыі


У Полацкім раёне пяць гадоў таму ў адну адміністрацыйную адзінку аб'ядналі гарадскую і раённую тэрыторыі. Як адбілася аптымізацыя на жыцці гараджан і вясковых жыхароў?


Спачатку не ўсе разумелі

Канешне, статус горада пасля аптымізацыі змяніўся, але неабходнасць у ёй была выклікана жыццёвымі рэаліямі. Чым вяскоўцы горшыя ў пытаннях магчымасці атрымліваць, напрыклад, медыцынскія і іншыя паслугі? Пра тое, што трэба падцягнуць узровень жыцця ў вёсках да гарадскога, не раз гаварыў і кіраўнік дзяржавы. Не сакрэт, што напачатку хапае незадаволеных аптымізацыяй гараджан.

На думку старшыні Полацкага раённага Савета дэпутатаў Іосіфа Грыбовіча, аб'яднанне пайшло рэгіёну на карысць.

— Спачатку былі, канешне, такія, хто не разумеў, навошта аб'ядноўваць «горад з раёнам». Але ў пераважнай большасці людзі не адчулі нічога дрэннага. Нараканняў няма. Горад дапамагае сялу і наадварот. У выніку аптымізацыі сельсаветаў іх стала на тры менш. Гэта звязана ў ліку іншага і з тым, што колькасць насельніцтва зменшылася, — кажа ён.

Як заўважыў намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Пётр Пяткевіч, раён не быў першым у краіне, дзе правялі аб'яднанне. Першапраходцам стала Мінская вобласць. Практычна паралельна праводзілася падрыхтоўчая работа да аб'яднання органаў улады на Аршаншчыне.

— Гэта ўзбуйненне дало магчымасць скараціць апараты кіравання. Новы штатны расклад быў аптымізаваны. Засталіся працаваць найлепшыя спецыялісты, прафесіяналы з гарвыканкама і райвыканкама, — успамінае ён.

Чэргаў няма

Наконт трывогі гараджан напярэдадні аптымізацыі. Напрыклад, людзі турбаваліся, што з'явяцца чэргі па талоны да ўрачоў і іншыя нязручнасці.

Галоўны ўрач Полацкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Гудкоў нагадаў, што аб'яднанне гарадской і раённай структур адбылося задоўга да аналагічнага на ўзроўні ўлады.

— І гэта станоўча паўплывала на даступнасць медыцынскай дапамогі для насельніцтва. У першую чаргу — для вяскоўцаў, якім стала прасцей атрымаць кансультацыі так званых вузкіх спецыялістаў. Лягчэй стала вырашаць пытанні паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, у прыватнасці, набыцця абсталявання, — адзначыў суразмоўнік.

Дарэчы, усе ФАПы па-ранейшаму працуюць.

Што датычыцца адукацыі, дык і тут нічога кардынальнага не адбылося. Начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Ірына Драздова кажа, што аб'яднаны станоўчы вопыт горада і раёна пайшоў усім на карысць.

— Інтэграванне дазволіла больш эканомна выкарыстоўваць рэсурсы, стварыць больш спрыяльныя ўмовы для арганізацыі вучэбнага працэсу, — паведаміла яна.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Касьянава расказала пра ўнікальнасць рэгіёна:

— У нас па два аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і людзей з абмежаванымі магчымасцямі — у горадзе і гарадскім пасёлку Ветрына. Добра наладжана работа выязных сацыяльных пунктаў, якія дапамагаюць вырашаць розныя жыццёвыя праблемы па месцы жыхарства — толькі за мінулы год зарэгістравана больш за 1000 зваротаў. Шмат робіцца для комплекснага надомнага абслугоўвання — пры падтрымцы мясцовай улады ва ўсіх больш чым 400 вёсках вядзецца такая работа.

Паветраны шар... над сельсаветам

Пагутарыў і са старшынёй Палатоўскага сельскага Савета дэпутатаў Інгай Казловай. У склад яго ўвайшоў Юравіцкі сельсавет. Колькасць вяскоўцаў, пра жыццезабеспячэнне якіх яна як кіраўнік мясцовай улады клапоціцца, павялічылася прыкладна з 800 да 1380. А вёсак — з 12 да 30.

— Скаргаў ад насельніцтва няма. Напрыклад, тут добрае транспартнае забеспячэнне. І гэта прытым, што тэрыторыя вельмі расцягнутая. У Захарнічах па-ранейшаму працуе дзіцячы садок. У Палаце аказваецца медыцынскае абслугоўванне. У прыватнасці, ёсць бальніца сястрынскага догляду з паліклінікай, — кажа старшыня сельскага Савета.

Аб'яднанне дазволіла актывізаваць і турыстычную дзейнасць у раёне. Тут функцыянуе больш за трыццаць аграсядзіб, распрацавана каля дваццаці турыстычных маршрутаў. Прасцей стала арганізаваць комплексны адпачынак: спачатку паказаць старажытны горад, а потым прапанаваць перамясціцца бліжэй да прыроды...

Адной з новых цікавінак стала магчымасць адправіцца ў падарожжа на паветраным шары. Баравухскі сельсавет атрымаў «паветранае судна» ў рамках аднаго з праектаў ЕС па падтрымцы развіцця тэрыторый. Экскурсіі арганізуюць, калі ёсць калектыўныя заяўкі. Агляд горада і наваколляў з вышыні птушынага палёту — гэта насамрэч нешта неардынарнае. Такое мала дзе прапануюць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Вяскоўцы задаволены, гараджане не пакрыўджаны

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.