Вы тут

Савет Рэспублікі наведалі прадстаўнікі Чавускага раённага Савета дэпутатаў


У пачатку верасня Савет Рэспублікі наведалі прадстаўнікі маладзёжнага парламента Чавускага раённага Савета дэпутатаў. З маладымі людзьмі сустрэліся старшыня верхняй палаты Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ і старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір ПАНЦЮХОЎ. Такая высокая ўвага сведчыць пра значную ролю моладзі ў дзяржаўнай палітыцы. Мы распыталі члена Савета Рэспублікі ад Магілёўскай вобласці Уладзіміра Панцюхова пра чавускі маладзёжны парламент і чаканні ад яго дзейнасці.


— Уладзімір Іванавіч, што за людзі ўвайшлі ў маладзёжны парламент Чавускага раённага Савета дэпутатаў?

— Маладзёжныя парламенты з'явіліся ў нашай краіне, у тым ліку ў рэгіёнах, параўнальна нядаўна. Сёлета была створана Маладзёжная палата пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. У Чавусах досыць актыўная моладзь, і гэтаму садзейнічае пазіцыя старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатоля Мацюліна. Ён сур'ёзна задумаўся аб тым, хто прыйдзе на змену цяперашнім дэпутатам. Не сакрэт, што сёння ў краіне назіраецца пэўны кадравы голад. Моладзь адрозніваецца ад той, што была раней. Але ёсць і актыўная, якая хацела б займацца грамадскімі справамі, — яе трэба падтрымаць. Закласці цаглінку ў яе будучыню і ў будучыню раёна, краіны ў цэлым.

Менавіта такія маладыя людзі былі ў складзе дэлегацыі маладзёжнага парламента з Чавус. Гэта ўжо, дарэчы, другі візіт. Першы адбыўся прыкладна год таму. Трэба сказаць, што колькасць маладых парламентарыяў расце. А школа дэпутацтва — гэта школа жыцця, я ў гэтым цвёрда ўпэўнены. Такая школа пройдзена мной, і яна дапамагла мне сфарміравацца як асобе і палітыку.

— Вы сказалі, што ў Чавусах актыўная моладзь. Гэта абумоўлена яшчэ і нейкай асаблівасцю рэгіёна?

— Чавусы знаходзяцца блізка ад Магілёва. І гэта значыць, што калі моладзь не зацікавіць, яна з'едзе ў абласны цэнтр. Калі ў Чавусах будзе цікава жыць і працаваць, моладзь застанецца. Для гэтага там узводзяцца спартыўныя збудаванні, праводзяцца грамадскія мерапрыемствы, у тым ліку ў сельсаветах. Нездарма спартсмены родам з Чавус гучна заяўляюць пра сябе ў цяжкай атлетыцы, біятлоне. Алімпійская чэмпіёнка 2018 года Дзінара Алімбекава пачынала займацца лыжным спортам у Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Чавускага раёна, і цяпер не забывае яе. З гэтай жа ўстановы выйшлі сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2010 года Сяргей Новікаў, чэмпіён Еўропы сярод юніёраў 2014 года Раман Елятноў, іншыя выдатныя спартсмены. Чавускія выхаванцы і цяпер у лідарах на абласных спаборніцтвах.

Мне прыемна казаць пра гэты рэгіён, бо для мяне ён стаў другой малой радзімай. Я вырас на Чачэршчыне, у мясцінах, якія апынуліся ў зоне адсялення пасля аварыі на ЧАЭС, зараз там ніхто не жыве. А Чавусам аддаў амаль 9 гадоў свайго дэпутацкага служэння. Мае намаганні ўшанаваныя званнем «Ганаровы грамадзянін Чавускага раёна». Дарэчы, такіх людзей усяго пяць. Таму я заўсёды пра Чавускі раён памятаю і імкнуся нешта зрабіць для яго.

— Ці можна сказаць, што чавуская спартыўная школа ў шырокім сэнсе стала адметнай рысай рэгіёна?

— Увогуле ў раёне некалькі выдатных спартыўных устаноў. У Чавусах пасля вайны быў арганізаваны дзіцячы дом, потым ён стаў школай-інтэрнатам для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У свой час было прынятае правільнае рашэнне — уцягнуць такіх дзяцей у спорт. Поспехі ў гэтым кірунку прывялі да змены статусу школы — яна стала абласной. Цяпер туды едуць займацца дзеці з усёй краіны.

У Чавусах будуецца добрая лыжаролерная траса, да з'яўлення якой я, разам з іншымі, прыклаў шмат намаганняў. Гэта значыць, што яшчэ больш людзей знойдуць у рэгіёне для сябе нешта цікавае.

Сур'ёзны фундамент для ўсяго гэтага ў свой час заклаў Барыс Батура, колішні кіраўнік вобласці. З таго часу і на працягу гадоў пятнаццаці туды ездзім рэгулярна і я, і цяперашняе кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікі «Магілёўхімвалакна», іншыя папячыцелі.

Маладзёжны парламент дазволіць больш шырокаму колу актыўных маладых людзей знайсці сферу прыкладання сваіх талентаў. З іншага боку, нам вельмі важна бачыць, што нехта прыйдзе пасля нас, і што той, хто прыйдзе, будзе здольны абараняць інтарэсы жыхароў рэгіёна, садзейнічаць яго развіццю.

— Наколькі гэта патрэбна самой моладзі?

— Калі раённы Савет дэпутатаў узначальвае такі чалавек, як Анатоль Мацюлін, тады і моладзь у парламент падбіраецца невыпадковая і ёсць шанц зрабіць крок наперад, задзел для дня заўтрашняга. Мы ў Савеце Рэспублікі бачылі, як яны слухалі, як гарэлі іх вочы, як ім было цікава.

Увогуле, у чавускі парламент увайшлі і настаўнікі, і сацыяльныя работнікі, і механізатары, і школьнікі...

— Моладзі шмат увагі будзе ўдзяляцца і на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

— І ўвага гэта не зменшыцца ў будучым. Улада павінна думаць пра маладое пакаленне. Бачыце, колькі маладых людзей з'язджае ў іншыя краіны на вучобу, колькі застаецца там жыць, колькі едзе за мяжу працаваць. Дабаўце да гэтага дэмаграфічныя пытанні...

Мы ў справе з маладзёжным парламентам пакуль на пачатку шляху. Тут патрэбна ідэя, якая ўдыхнула б энергію ў гэту структуру, напоўніла яе жывым рухам. Нам, парламентарыям, трэба больш адкрыцца для моладзі. Мы павінны выразна запрасіць маладых актывістаў да ўдзелу ў кіраванні краінай. Тэм у заканатворчасці для гэтага дастаткова: тая ж лічбавая эканоміка, дзяржаўна-прыватнае партнёрства, малы бізнес, адукацыя, жыллё, працаўладкаванне...

Для разумнага маладога чалавека сфер, дзе ён можа сябе праявіць, хопіць. Наша задача — дапамагчы. Мы не павінны шкадаваць для гэтага свой час.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ падчас размовы з дэлегацыяй маладзёжнага парламента Чавускага раённага Савета дэпутатаў заклікаў маладых людзей быць актыўнымі ў вырашэнні важных для грамадства і краіны пытанняў, выказваць свае ідэі і прапановы. Удзел у такім парламенце — гэта магчымасць праявіць свае лідарскія якасці, навучыцца працаваць у камандзе, вылучаць ідэі і адстойваць свой пункт гледжання, падкрэсліў кіраўнік верхняй палаты.

Міхаіл Мясніковіч расказаў таксама пра работу над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі. Савет Рэспублікі накіраваў у Савет Міністраў прапановы, якія датычацца забеспячэння ўзаемасувязі выхавання і навучання ў адукацыйным працэсе, развіцця сучаснага інфармацыйнага асяроддзя і сістэмы падтрымкі таленавітай моладзі, падрыхтоўкі кадраў для інавацыйных, экспартна арыентаваных прадпрыемстваў з улікам узмацнення практычнай накіраванасці навучання.

Яшчэ адной тэмай размовы стала падрыхтоўка да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе сёлета ў Магілёве 10—12 кастрычніка.

У тэму

Старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў Анатоль МАЦЮЛІН:

— Новы склад нашага маладзёжнага парламента абраўся сёлета ў маі, пасля выбараў у мясцовыя Саветы. Туды ўвайшлі прадстаўнікі чатырох буйных школ, працоўных калектываў горада і аграгарадкоў. Усяго 30 чалавек. Усе яны члены БРСМ, але не абавязкова старшыні пярвічак. Сярод іх ёсць і дзеючыя дэпутаты. Дарэчы, першы маладзёжны парламент мы абралі ў апошні год мінулага склікання мясцовых Саветаў. Тады мэта была падняць актыўнасць моладзі, і гэта нам удалося. Калі ў 27-м скліканні ў Чавускім рэгіёне было толькі тры маладыя дэпутаты, то цяпер — 29.

Мы сёння знаходзімся ў працэсе асэнсавання месца і ролі маладзёжнага парламента ў развіцці грамадства. Мы хочам, каб гэтыя маладыя людзі выносілі на ўзровень мясцовага кіравання пытанні, актуальныя ў іх працоўных калектывах. На пятым Усебеларускім народным сходзе адным з прыярытэтаў развіцця краіны была названа моладзь. Таму мы яе ўцягваем у дэпутацкі корпус.

Мы разглядаем маладзёжны парламент як орган самакіравання. Уручаем яго членам пасведчанні, як і старастам, членам таварыстваў шматкватэрных дамоў, вулічных камітэтаў. Гэта ўжо вылучае чалавека і падымае яго адказнасць перад равеснікамі і калегамі. А праблем у працоўных калектывах дастаткова. Трэба не толькі іх умець убачыць, але і прапанаваць шляхі вырашэння. Праз гэта мы заўважаем перспектыўных у плане кадравага рэзерву маладых людзей.

А візіт у Савет Рэспублікі паказаў маладым людзям, наколькі яны цікавыя для краіны.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Зачапіць маладых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».