Вы тут

У дызайн банкнотаў унясуць касметычныя змены


Праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб правядзенні мадыфікацыі банкнотаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні, пры захаванні асноўных малюнкаў на пярэднім і адваротным баках, а таксама іх каляровай гамы і памеру.


Што будзе? Нацбанк у 2019 годзе выпусціць абноўленыя банкноты наміналам 5 і 10 рублёў, а ў 2020 годзе — 20 і 50 рублёў.

Што зменіцца ў рублях? Выявы архітэктурных збудаванняў на пярэдніх баках мадыфікаваных банкнотаў будуць прыведзены ў адпаведнасць з актуальным знешнім выглядам з указаннем назвы намаляваных архітэктурных збудаванняў. Таксама на мадыфікаваных банкнотах знікне подпіс былога старшыні НБ Пятра Пракаповіча.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі на банкноце наміналам 50 рублёў надпіс «ПЯЦЬДЗЕСЯТ» будзе выпраўлены на «пяцьдзясят».

У сувязі з тым, што на банкнотах будзе паказвацца год іх фактычнага выпуску, спатрэбілася ўнясенне змяненняў ва Указ Прэзідэнта ад 4 лістапада 2015 года № 450 «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь».

Цяпер Нацыянальны банк прыступіў да правядзення падрыхтоўчых мерапрыемстваў па выбары прадпрыемства-вытворцы і выпуску ў абарачэнне мадыфікаваных банкнотаў. Перад выпускам у абарачэнне банкнотаў новых гадоў выпуску Нацыянальны банк дасць падрабязную інфармацыю аб іх знешнім выглядзе і прыкметах сапраўднасці. Раней уведзеныя ў абарачэнне банкноты ўзору 2009 года будуць заставацца законным плацежным сродкам.

Патрэба ў заказе грашовай наяўнасці звязана перш за ўсё з невялікімі тэрмінамі службы банкнотаў дробных наміналаў, заканамерным павелічэннем колькасці старых банкнотаў і неабходнасцю іх замены, удакладняе прэс-служба Нацбанка. Так, пачынаючы з кастрычніка 2017 года паступленне старых банкнотаў наміналамі 5 і 10 рублёў узрасло ў 3 і 2 разы адпаведна. Са снежня мінулага года павялічылася больш чым у 2 разы паступленне старых банкнотаў наміналам 20 рублёў. Што датычыцца манет, то манеты дробных наміналаў, перш за ўсё 1 і 2 капейкі, з'яўляюцца самымі запатрабаванымі і не вяртаюцца ў касы галоўнага банка краіны. Пры гэтым іх выдача з кас Нацыянальнага банка пастаянна расце.

Сярэдні тэрмін службы банкнотаў дробных і сярэдніх наміналаў складае ад аднаго года да трох гадоў. Менавіта таму Нацыянальны банк на пастаяннай аснове ажыццяўляе заказ банкнотаў і манет, што з'яўляецца звычайнай практыкай цэнтральных (нацыянальных) банкаў па выкананні функцыі забеспячэння эканомікі наяўнымі грашыма.

У сусветнай практыцы дробныя банкноты ў большай ступені выкарыстоўваюцца як разменныя, маюць непрацяглыя тэрміны службы і таму патрабуюць пастаяннай замены. Так, сярэдні тэрмін службы банкнота наміналам 5 еўра складае 13 месяцаў, банкнота наміналам 1 долар ЗША — 22 месяцы, банкнота наміналам 50 расійскіх рублёў — 8,3 месяца.

Варта адзначыць, што дадатковы выраб наяўных грошай не азначае павелічэнне грашовай масы, паколькі іх выпуск у абарачэнне прыводзіць да пераходу грашовых сродкаў з безнаяўнай формы ў наяўную, бо банкі за атрыманыя грашовыя знакі пералічваюць Нацыянальнаму банку іх безнаяўны эквівалент.

Сяргей КУРКАЧ

Інфаграфіка БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.