Вы тут

Пад аховаю святой Еўфрасінні


Беларусы Даўгаўпілса павіншавалі Карсаву з 90-гадовым юбілеем і наведалі драўляны храм, узведзены ў горадзе ў гонар знакамітай палачанкі


“Вонкавыя сцены храма — колеру старога мёда...”

Латгальскі горад Карсава знакаміты сярод іншага й тым, што яго ўпрыгожвае адзіны ў Латвіі праваслаўны Свята- Еўфрасіннеўскі храм, пабудаваны ў традыцыях драўлянага дойлідства. Ён прысвечаны святой Еўфрасінні Полацкай, нашай вялікай супляменніцы. У суботу, 25 жніўня, ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры быў запрошаны на святкаванне 90‑гадовага юбілею горада.

Карсава — невялікі зялёны гарадок (плошчай каля чатырох квадратных кіламетраў, жыхароў — каля 2000) побач з расійскай мяжой, у гістарычна- культурным рэгіёне Латгалія. Адміністрацыйны цэнтр Карсаўскага краю, у які, акрамя горада, уваходзіць пяць воласцяў- паветаў. Статус горада Карсава мае з 1928 года, і 90‑гадовы юбілей там адзначалі з размахам. Працаваў выязны гандаль, быў грандыёзны канцэрт у Доме культуры, на якім і ўшаноўвалі заслужаных гараджан. А потым вечаровае неба над горадам упрыгожыў святочны салют.

Званіца храма

На гала- канцэрце латышскія, латгальскі, рускія, польскія песні й танцы ў выкананні мясцовых артыстаў і запрошаных гасцей мяняліся, як у калейдаскопе. І свае яркія фарбы ў яго прыўнёс гурт беларускай народнай песні “Купалінка”, якім кіруе Вячаслаў Пятроў. Прыехалі беларусы на свята па запрашэнні гарадскога самакіравання. Спявалі як лірычныя, так і вясёлыя беларускія народныя песні: “Пойдзем лугам”, “Ой, ля дуба” (саліст Аляксандр Лапа), “Мы к вам прыехалі здалёк”.

Публіка была на рэдкасць добразычліваю, шчодрай на апладысменты. І ўдзельнікі “Купалінкі” адгукнуліся: спявалі з душой, за што й былі ўзнагароджаны бурнымі авацыямі.

Для артыстаў “Купалінкі” вельмі цікава было паглядзець славутасці Карсавы, асабліва Свята- Еўфрасіннеўскі храм, цалкам пабудаваны з дрэва. Царква лічыцца адной з найпрыгажэйшых у Латгаліі. Унутры яе — разьбяныя драўляныя калоны й сцены, ёсць ікона з часцінкай мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Пабывалі артысты “Купалінкі” таксама ў каталіцкім касцёле: збудаваны ён у 1932 годзе, вельмі прыгожы як звонку, так і ўнутры.

Алеся ДЗВІНСКАЯ

Фота Уладзіміра ТКАЧЭНКІ


Ад рэдакцыі.

Дасланая з Даўгаўпілса, з Цэнтра беларускай культуры нататка падахвоціла нас больш даведацца пра незвычайны храм у Латгаліі, названы ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай. З розных крыніц высветлілася: драўляная царква, упрыгожаная цяпер званіцай з пакрыццём асінавым лемехавым, перабудаваная была ў 1919 годзе з вялікай хаты- зруба, што раней належала мясцоваму святару. Стаіць храм на ўскрайку горада. Многія гады, з 1982‑га, у ім служыў айцец Віктар Мамантаў: раней манах, потым іераманах, ігумен, архімандрыт. Накіраваў яго ў Карсаву ды яшчэ тры прыходы мітрапаліт Рыжскі й Латвійскі Леанід (Палякоў). Айцец Віктар прыняў храм вельмі бедным, запушчаным, будынак меў патрэбу ў тэрміновай рэстаўрацыі, рамонце. І ў 1985‑м пачалося абнаўленне: быў нанова зроблены алтар, пабудаваны купал, зроблена званіца пры храме.

У наш час храм выглядае такім чынам: “Вонкавыя сцены храма — колеру старога мёду. Інтэр’ ер таксама незвычайны, у ім усё драўлянае: сцены з часаных бярвенняў, разьбяныя калоны, разьбяны свячны столік, такія ж аналой, дубовыя лавы ўздоўж сцен, падлога з нефарбаваных дошак. Дзівосныя дзверы з каванымі навесамі ды такімі ж дзвярнымі ручкамі. Вельмі прыгожая каваная дзвярная рашотка ля ўнутраных дзвярэй, каваныя ўзорыстыя аконныя рашоткі ды падсвечнікі працы пскоўскіх майстроў. Сярод іх вядомы Усевалад Смірноў, які каваў крыж на магілу Ганны Ахматавай на Камароўскіх могілках пад Санкт-Пецярбургам. У алтары Карсаўскага храма знаходзяцца карункавыя парцалянавыя лампады працы дачкі Усевалада Смірнова, Лідзіі. Ва ўсім строі храма адчуваецца густ руплівага гаспадара, які клапоціцца аб прыгажосці й выгодзе Дома Божага”.

Новы святар праводзіў набажэнствы па строгіх манастырскіх канонах. Пры ім гарадок стаў месцам паломніцтва шматлікіх вернікаў з розных куткоў былога СССР. А духоўнае кіраўніцтва святара, ёсць сведчанні, было без прамых указанняў, і айцец Віктар казаў неяк, што Бог дзейнічае з адлегласці двух свабод: Боскай і чалавечай. Тыя, хто чакаў ад святара прамых адказаў на свае пытанні, спачатку былі ў разгубленасці, аднак “потым адказы знаходзіліся самі, нібы прарасталі з гутарак з айцом Віктарам, з кніг, ім падораных”. Ён, дарэчы, па адукацыі быў філолагам, кандыдатам навук, і да таго, як выбраў шлях святара, выкладаў літаратуру ў званні дацэнта ў Маскоўскім дзяржаўным педінстытуце. Сам напісаў кнігі, якія выйшлі ў Маскве: “Сердце пустыни” (2001), “Таинство детства”, “Таинство жизни”, “Господь — Пастырь мой” (ёсць у інтэрнэце). Дарэчы, апавяданне з назвай “Сердце пустыни” ёсць і ў Аляксандра Грына, пісьменніка з беларускімі родавымі каранямі.

У апошнія гады жыцця айцец Віктар толькі служыў, ні з кім не зносіўся. Кажуць, такім чынам ён прывучваў сваіх духоўных дзяцей да самастойнасці. Яны ж ехалі — толькі б разам з ім пабыць, памаліцца. “І ў Карсаве можна было сустрэць манахіню з грэчаскага манастыра ў Італіі, духоўных дзяцей, што эмігравалі ў Нью-Ёрк, але не пакінулі абшчыну, масквічоў, піцерцаў, екацерынбуржцаў, жыхароў розных куткоў Латвіі,” — чытаем ва ўспамінах пра айца, які адышоў да Госпада ў лістападзе 2016‑га. Ён меў вялікую духоўную сілу, воблікам нагадваў “ікону, якая ажыла”, быў “увасобленым дабраславеннем”, а таксама “міласцю Божаю, звернутай да цябе асабіста”.

Свой вялікі духоўны подзвіг светлы чалавек, родам з Амурскай вобласці (нарадзіўся 10 верасня 1938 года ў сяле Новы Ямполь Зейскага раёна), здзяйсняў больш за 20 гадоў пад аховай святой Еўфрасінні Полацкай: у карсаўскім храме. І ў веру хрысціянскую айцец Віктар прыйшоў праз святара- беларуса Дзмітрыя Дудко. Вось як ён пісаў пра тое ў кнізе “Сердце пустыни”: “Я стал христианином в 1971 году. Меня крестил в Москве у себя на дому священник о. Дмитрий Дудко. Незадолго до его смерти я побывал у него, и он подарил мне свою книгу “Подарок от Бога”, сделав надпись: “архимандриту Виктору с любовью. Спасибо Вам за память. Священник Дмитрий Дудко. 27 сентября 2000 года”. Прыхаджанка Карсаўскага храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай Яўгенія Скуратава пісала: храм гэты прыцягвае тым, што тут пануе дух любові й служэння адзін аднаму. Айцец кажа, што царква — гэта жывы арганізм, сусветная духоўная сям’я, што існуе ў розных месцах, але мае адзіны дух. Адна з паломніц казала: айцец Віктар, нават будучы далёка ад нас, збліжае нас, робіць бліжэй і радней адзін другому.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.