Вы тут

Няма межаў для любові


Артысты з Беларусі Алена і Аляксандр Віслаўскія выступалі ў Ніцкай воласці Латвіі з дзвюма музычнымі праграмамі

Фота Мікалая Грынюка

Тыя, хто цікавіўся творчасцю, складам ансамбля “Песняры” ў той час, калі яшчэ кіраваў ім Уладзімір Мулявін, могуць ведаць гэтае імя: Аляксандр Віслаўскі. Ён — музыка і кампазітар, былы ўдзельнік “Песняроў”. Алена — ягоная жонка, скрыпачка. Нам, сябрам беларускай суполкі “Мара” з Ліепаі, сёлета ў ліпені пашанцавала разам з прадстаўнікамі Ліепайскай месіянскай супольнасці “Шамашим” паслухаць прыгожыя песні, музыку таленавітых гасцей з Мінска ў гасцявым доме “Янчи”, што ў Ніцкай воласці Латвіі.

Аляксандр і Алена выступалі на евангелізацыйных канцэртах з дзвюма музычнымі праграмамі: гэта “Маленне за Беларусь” і “Толькі б яўрэі былі”. Гучалі ў іх выкананні песні на беларускай мове, іўрыце ды ідыш пад музыку, якую напісаў Аляксандр Віслаўскі (гралі клавішныя інструменты і скрыпка), на вершы розных аўтараў, у тым ліку й Рыгора Барадуліна. Выступаючы, Аляксандр Віслаўскі распавёў пра сваё яўрэйскае паходжанне, а таксама паездкі ў Ізраіль. Пры тым адзначыў, што яўрэйства — гэта неад’ емная частка гісторыі, культуры Беларусі. Бо, як вядома, яўрэі жывуць на беларускай зямлі з ХІV стагоддзя.

На канцэртах, што праходзілі ў зале загараднага гасцявога дома, былі й дзеці з хрысціянскага лагера: яго на працягу 10 дзён Алена і Аляксандр Віслаўскія праводзілі для дзяцей з Латвіі, Літвы і Беларусі.

Анжэла Фаміна, Латвія


Ад рэдакцыі. Да таго, што напісала нам аўтарка з Ліепаі, варта дадаць: Аляксандр Віслаўскі родам з Мінска, вучыўся ў спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай кансерваторыі, у Інстытуце культуры. Пачаў творчы шлях у моладзевай студыі “Песняроў” (1985), потым уваходзіў у асноўны склад ансамбля пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна: быў клавішнікам, аранжыроўшчыкам, вакалістам (1987-91). Далей працаваў у эстрадным аркестры Белдзяржтэлерадыё , Дзяржаўным эстрадна- сімфанічным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, у розных групах. Летам 2014- га па ініцыятыве Аляксандра ўтварыўся праект “STUDІO NEMAN” — на базе ягонай аднайменнай студыі гуказапісу. Выпушчана два CD-альбомы: рускамоўны “Жизнь с избытком” і беларускамоўны “Маленне за Беларусь” на вершы Рыгора Барадуліна. Хрысціянская паэзія Рыгора Барадуліна, гаворыць музыка, спявак і кампазітар, акрэсліла кірунак ягонай далейшай дзейнасці. Асноўная ж мэта праекта — пашырэнне беларускай нацыянальнай хрысціянскай паэзіі, песні, музыкі. Да таго Аляксандр Віслаўскі — выкладчык па вакале, джазавай ігры на фартэпіяна, кампазіцыі. Праводзіць музычныя вечары, майстар- класы.

Што да працы ў ансамблі “Песняры”, то ў нэце ёсць звесткі: Аляксандр — аўтар музыкі песні “Новый год”, быў салістам пры выкананні знакамітых песень “Александрына” і “Слуцкія ткачыхі”. Ён — і аранжыроўшчык такіх хітоў ансамбля, як “Вераніка”, “Максім і Магдалена”.

Мы расшукалі, што адна з музычных праграм Аляксандра Віслаўскага паўтарае назву кнігі Рыгора Барадуліна “Толькі б яўрэі былі!..” (Мінск, 2011). Яе склалі артыкулы і ўспаміны майстра пра вядомых дзеячаў яўрэйскай культуры, пераклады паэзіі Х.-Н. Бяліка, М. Надзіра, М. Шагала, І. Харыка, Х. Мальцінскага, Р. Рэлеса і многіх іншых. Як вынікае з анатацыі, аснову апошняга раздзела склалі вершы, прысвечаныя яўрэйскім святыням, а таксама вершы й дарчыя надпісы Рыгора Іванавіча, што захаваліся ў рабочых блакнотах, творцам, блізкім сябрам і калегам.

Цікавы яшчэ адзін творчы праект: “Вяровіца Алеся Камоцкага, складзеная з вершаў Рыгора Барадуліна і фотаздымкаў Кунстадтэра пры музычным аздабленні Аляксандра Віслаўскага” (2011). Аказваецца, “вяровіцай” гэтай Алесь Камоцкі, вядомы спявак і музыка, займаўся 12 гадоў. Там пад адной вокладкай змяшчаюцца дыск з 12-ю псальмамі, праспяванымі Алесем Камоцкім, і кніжка па фармаце дыска, дзе спляліся разам тэксты псальмаў і фотаздымкі Джона Кунстадтэра, амерыканскага фотамастака, улюбёнага ў Беларусь. У кніжцы пададзены здымкі, прысвечаныя рэлігійным і абрадавым святам беларусаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».