Вы тут

Расце ў Нарве наш дубок


У Гаі народаў Эстоніі, што быў закладзены нядаўна, ёсць і беларускае дрэўца


Тыя, хто цікавіцца кантактамі Беларусі з краінамі Еўрасаюза, ведаюць: у Эстоніі цяпер новы Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Беларусі. Гэта Вячаслаў Георгіевіч Качанаў. Нам, беларусам Нарвы, прыемна было, калі свой першы рабочы візіт ён здзейсніў якраз у наш горад. Тое адбылося 24 жніўня: у Нарве ладзілася ўрачыстасць з нагоды адкрыцця Гаю народаў Эстоніі. У інтэрнацыянальным гаі 37 розных дрэваў сімвалізуюць 37 самых значных нацыянальных груп, што жывуць у рэгіёне. Там ёсць дубкі, бярозкі, альха, нават акацыя. У гонар Беларусі пасаджаны дубок. Прычым пры кожным дрэўцы ёсць шыльдачка, на якой пазначана краіна, назва дрэва, што сімвалізуе цяпер у Нарве пэўную нацыянальную групу. А наш дубок ідзе пад №1!

Вядома ж, у закладцы гаю ёсць глыбокі сэнс. “Мы тым самым жадаем паказаць, што ў Нарве, якая знаходзіцца на мяжы Еўрасаюза, могуць мірна жыць – і на самой справе так жывуць! – прадстаўнікі розных нацыянальных груп”, – гаварыў пад час урачыстасці аўтар ідэі стварэння Гаю народаў у Нарве, кіраўнік Круглага стала нацыянальна-культурных таварыстваў Аляксандр Дусман. Ад імя ганаровых гасцей з вітальным словам перад удзельнікамі цырымоніі выступіў Амбасадар Беларусі Вячаслаў Качанаў. Затым прадстаўнікі нацыянальна- культурных таварыстваў павета Іда-Вірумаа, кіраўніцтва Нарвы, прадстаўнікі Міністэрства культуры, а таксама дыпламаты з Беларусі, Малдовы, Расіі, Фінляндыі перарэзалі стужку ў колерах нацыянальнага сцяга Эстоніі: Гай народаў Эстоніі адкрыты!

Пасля цырымоніі Вячаслаў Качанаў з жонкаю, прадстаўнікамі Амбасады накіраваўся ў нарвскі Дом Народаў. Там і сустракалі яго мы, актывісты Нарвскай беларускай суполкі “Сябры”. Вячаслаў Георгіевіч знаёміўся з намі, удзельнікамі ансамбля таварыства. Мы, дарэчы, расказалі яму пра нашае плённае супрацоўніцтва з рэдакцыяй газеты “Голас Радзiмы”, а жонцы Амбасадара падарылі некалькі нумароў “ГР”, далі спасылкі на цікавыя публікацыі з газеты ў інтэрнэце, на сайце выдання. (Звяртаем увагу чытачоў, і дыпламатаў у тым ліку: вялікі архіў матэрыялаў газеты “Голас Радзімы” (з 2007 года) па-ранейшаму застаецца на партале Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” па адрасе https://www.sb.by/golas/archive/ . А 25-ы сёлета і 3577-ы ад часу заснавання нумар газеты “Голас Радзімы” пабачыў свет 19 ліпеня пад дахам Выдавецкага дома “Звязда” – на партале http://zviazda.by/be/edition/ golas-radzimy і шукайце больш познія нумары выдання. – Рэд.)

Мы прапанавалі нашым ганаровым гасцям пакаштаваць нацыянальныя беларускія стравы: гэта нашы “сяброўкі” самі гатавалі. Яны і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны памятаюць, выкарыстоўваюць матчыны-бабуліны кулінарныя рэцэпты. За святочным сталом Вячаслаў Качанаў вёў з намі цёплую гаворку, адказаў на пытанні супляменнікаў. Да таго ж Амбасадар і яго жонка разам з намі спявалі беларускія песні, расказвалі пра свае родныя мясціны. Сюрпрызам для нас было, калі супрацоўнік Амбасады Ігар Валуеў сеў за піяніна і даў невялікі канцэрт. Усе былі ўражаныя: прыемны голас, цудоўная ігра. Мы нават падумваем цяпер: як бы гэта падключаць шаноўнага Ігара Фёдаравіча да нашых канцэртаў? Мяркую, мы яшчэ спяём разам і не раз!

Дзве гадзіны доўжалася наша сяброўская бяседа, і праляцела непрыкметна: бо родныя ж людзі…

Віктар Байкачоў, Нарвскае беларускае таварыства “Сябры”, Эстонія

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».