Вы тут

Чэмпіянат па фотабёрдынгу пройдзе ў Брэсце


Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) правядзе 7 кастрычніка ў Брэсце спаборніцтвы па фатаграфаванні птушак. Да ўдзелу ў VIII чэмпіянаце Беларусі запрашаюцца аматары фота и дзікай прыроды. Каб перамагчы ў спаборніцтвах, ім трэба будзе за пяць гадзін ( з 9.00 да 14.00) наздымаць як мага больш розных відаў птушак.


— Чэмпіянат па фотабёрдынгу вяртаецца ў Брэст. Два гады таму мы ўжо прымалі фотаанімалістаў з усёй краіны ў Брэсцкай крэпасці. Тады спаборніцтвы праводзіліся вясной, і ўдзельнікі паставілі рэкорд па колькасці сфатаграфаваных птушак – усяго сфатаграфавалі 81 від, а пераможца Валерый Кавалёнак —  59 відаў. Гэтыя рэкорды пакуль не пабітыя, — падкрэслівае супрацоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях, каардынатар чэмпіянату Сямён ЛЕВЫ.  — Упэўнены, што і гэты, ужо восьмы,чэмпіянат прынясе свае сюрпрызы і папоўніць капілкі ўдзельнікаў цікавымі кадрамі, бо Брэст — адзін з самых прывабных для птушак гарадоў у Беларусі. У спаборніцтвах можна ўдзельнічаць нават з камерай мабільнага тэлефона! Галоўнае – сфатаграфаваць птушку не блізка і прыгожа, а так, каб была бачная хаця б адна характэрная прыкмета віду. Мы абяцаем цікавы маршрут у новым месцы! Які дакладна – абвесцім 1 кастрычніка на сайце ptushki.org.

Чэмпіянат па фотабёрдынгу пройдзе ў межах Восеньскіх дзён назірання за птушкамі EuroBirdwatch-2018.


Як запісацца на Чэмпіянат?

Спампаваць форму простай заяўкі, запоўніць яе і даслаць на адрас levy@ptushki.org.

Заяўкі прымаюцца да 17.00  пятніцы 5 кастрычніка. 

Можна ўдзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек.

Удзел у чэмпіянаце бясплатны.

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама асобна будзе абраны найлепшы здымак. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы.


Даведка: 

Чэмпіянаты па фотабёрдынгу праходзілі чатыры разы ў Мінску, двойчы ў Гомелі і адзін раз у Брэсце. 

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў і валанцёраў і больш за 30 000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?