Вы тут

Каму і чым дапаможа ТЦСАН


Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту

На гэтым тыдні Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло рэспубліканскую нараду з кіраўнікамі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН). Як растлумачылі ў ведамстве, такое мерапрыемства прадыктавана сучаснымі дэмаграфічнымі выклікамі і новымі задачамі, якія стаяць перад сацыяльнай сферай.

У сувязі з гэтым «Звязда» вырашыла падрабязней напісаць, хто і якую дапамогу можа атрымаць у ТЦСАН, а таксама якіх новаўвядзенняў у працы тэрытарыяльных цэнтраў варта чакаць у найбліжэйшай будучыні.


Адрасат дапамогі — пажылыя людзі

Найбольш запатрабаванай формай сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей па-ранейшаму застаецца сацыяльная дапамога на даму. Сацыяльныя работнікі і сядзелкі аказваюць пажылым гарантаваны дзяржавай пералік сацыяльных паслуг, дзякуючы чаму тыя могуць працягваць жыць дома, у звыклых умовах.

У Мінпрацы і сацабароны адзначаюць, што на сёння сацыяльна-бытавыя паслугі дома атрымліваюць больш за 90 тысяч непрацаздольных грамадзян, паслугі сядзелкі — 1,5 тысячы чалавек. І, як сказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, сацыяльная дапамога дома — гэта аснова сістэмы сацыяльнага абслугоўвання.

— Сёння 80 % грамадзян, што абслугоўваюцца, аплачваюць такія паслугі па сацыяльна нізкіх тарыфах, устаноўленых аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, — заявіў Аляксандр Румак. — Адзінокія непрацаздольныя грамадзяне з даходамі ніжэй за два бюджэты пражытковага мінімуму аплачваюць сацыяльныя паслугі часткова — 60 % сацыяльна нізкага тарыфу. Гэта каля 18 % пажылых людзей. І 2 % атрымліваюць такія паслугі бясплатна — гэта адзінокія малазабяспечаныя грамадзяне.

Для тых пажылых, якія па стане здароўя ўжо не могуць пражываць самастойна, у тэрытарыяльных цэнтрах арганізавана работа 62 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання — больш чым на дзве тысячы месцаў.

* * *

З 2012 года ТЦСАН Мінска адзінокім пажылым людзям, старэйшым за 70 гадоў, аказвае сацпаслугі дома на падставе дагавораў пажыццёвага ўтрымання за кошт мясцовых бюджэтаў. Умовай заключэння такога дагавора з'яўляецца наяўнасць ва ўласнасці ў пажылога чалавека кватэры, якая пры заключэнні дагавора перадаецца ва ўласнасць горада. Пры гэтым Мінскі гарвыканкам забяспечвае пажылому бясплатнае сацабслугоўванне дома, аплачвае камунальныя плацяжы, выдаткі па бягучым рамонце і выплачвае рэнту ў памеры не менш як дзве базавыя велічыні.

* * *

З 2018 года тэрытарыяльнымі цэнтрамі ўкараняецца новая форма сацыяльнага абслугоўвання непрацаздольных грамадзян — замяшчальная сям'я, у якой пажылы атрымлівае сацыяльныя паслугі, сумесна пражываючы і ведучы агульную гаспадарку з асобай, якая па законе не абавязана ўтрымліваць яго. За паўгода ўжо створана 13 замяшчальных сем'яў, у якіх сацыяльныя паслугі атрымліваюць 14 непрацаздольных пажылых людзей.

* * *

Ну, а тыя пажылыя грамадзяне, якія вядуць актыўны лад жыцця, залучаюцца тэрытарыяльнымі цэнтрамі ў розныя сацыяльныя праекты, адукацыйныя праграмы, гурткі і г. д.

Што ў найбліжэйшай перспектыве

Як заявіла на нарадзе міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, стаіць задача ўкараніць у паслугу сацыяльнай дапамогі дома комплексны падыход. «Таму што, акрамя сацыяльных паслуг, людзі маюць патрэбу і ў медыцынскай дапамозе. Цяпер гэты механізм прапрацоўваецца», — адзначыла Ірына Касцевіч.

Адрасат дапамогі — людзі з інваліднасцю

На ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне маецца амаль 565 тысяч людзей з інваліднасцю. Прычым за апошнія дзесяць гадоў іх колькасць павялічылася на 10 %, а ўдзельная вага ў складзе насельніцтва рэспублікі вырасла да 6 %. Цяпер на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах 26 тысяч адзінокіх і 20 тысяч адзінока пражываючых інвалідаў.

Пачынаючы з 2010 года ва ўсіх цэнтрах працуюць аддзяленні дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю. Цяпер налічваецца 156 такіх аддзяленняў, у якіх працуюць 283 рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні, больш за 1,4 тысячы гурткоў па інтарэсах. Іх на пастаяннай аснове наведваюць больш за пяць тысяч інвалідаў. Яны там развіваюць навыкі самаабслугоўвання, вучацца гатаваць, займаюцца пасільнай працоўнай дзейнасцю. Адным словам — рыхтуюцца да самастойнага жыцця.

З 2013 года тэрытарыяльныя цэнтры аказваюць прынцыпова новыя сацыяльныя паслугі — суправаджальнага пражывання людзей з інваліднасцю. Іх мэта — незалежнае пражыванне інвалідаў дома, папярэджанне пасялення іх у інтэрнаты. Сёлета такімі паслугамі карыстаецца амаль дзве тысячы інвалідаў.

Што ў найбліжэйшай перспектыве

— У цяперашні час вядзецца распрацоўка праекта закона з працоўнай назвай «Аб правах і сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў», — заявіў Аляксандр Румак. — Нам трэба будзе выбудаваць сістэму сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, пайсці далей аддзяленняў дзённага знаходжання, ствараючы цэнтры працоўнай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі, у якіх людзі з інваліднасцю будуць не толькі вучыцца самастойнаму, незалежнаму пражыванню ў грамадстве, але і змогуць праходзіць прафарыентацыю, набываць прафесійныя навыкі. Акрамя таго, мы будзем удасканальваць паслугі суправаджальнага пражывання, ствараючы інстытут персанальнага асістэнта інваліда, — гэта задачы на найбліжэйшую перспектыву.

Адрасат дапамогі — сем'і

На ўліку ў ТЦСАН маецца амаль 279 тысяч сем'яў з непаўналетнімі дзецьмі, у тым ліку 29 тысяч сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Пачынаючы з 2005 года тэрытарыяльнымі цэнтрамі аказваюцца паслугі пагадзіннага дзённага догляду за дзецьмі ці паслугі няні сем'ям, што выхоўваюць дваіх і больш дзяцей, якія нарадзіліся адначасова (двайняты, трайняты), а таксама сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. У гэтым годзе катэгорыі сем'яў, якім даюцца такія паслугі, пашыраныя, і права на паслугі няні даецца сем'ям, у якіх абодва бацькі з'яўляюцца інвалідамі.

У ведамстве заяўляюць, што сёлета паслугамі няні скарысталіся амаль дзве тысячы сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, у тым ліку 208 сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Таксама больш за 1,2 тысячы сем'яў атрымалі сёлета паслугі сацыяльнага патранату. Як кажуць спецыялісты, гэта спецыяльная праграма ўзаемадзеяння розных дзяржаўных органаў і арганізацый (адукацыі, аховы здароўя, унутраных спраў, камісій па справах непаўналетніх), накіраваная на пераадоленне цяжкай жыццёвай сітуацыі ў сям'і і аднаўленне яе нармальнай жыццядзейнасці.

ТЦСАН таксама ўдзельнічаюць у рабоце па папярэджанні хатняга гвалту і аказанне дапамогі сем'ям, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі. Каб дапамагчы пацярпелым ад гвалту ў сям'і, у ТЦСАН створана і развіваецца сетка «крызісных» пакояў. З 2010 года колькасць «крызісных» пакояў павялічылася больш чым у чатыры разы.

Што ў найбліжэйшай перспектыве

На рэспубліканскай нарадзе з ТЦСАН гаварылася аб неабходнасці пераходзіць на выяўляльны прынцып аказання дапамогі. З першых дзён, як толькі дзіцяці вызначаецца ступень страты здароўя, такая сям'я павінна станавіцца аб'ектам увагі тэрытарыяльнага цэнтра. «Гэта наша праца — дапамагчы такой сям'і наладзіць сваё жыццё, атрымаць усе дапамогі, якія гарантуюцца дзяржавай, — сказаў Аляксандр Румак. — Пры гэтым самым найважнейшым напрамкам павінна стаць праца па стварэнні ўмоў для выхавання дзяцей-інвалідаў у сям'і, папярэджанне адпраўлення дзяцей-інвалідаў у стацыянарныя ўстановы.

Адрасат дапамогі — людзі з залежнасцю

Тэрытарыяльныя цэнтры аказваюць сацыяльныя паслугі ўсім грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у тым ліку асобам, якія пакутуюць на залежнасці, і асобам, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. На ўліку ў ТЦСАН цяпер знаходзіцца амаль 3,5 тысячы грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, 106 чалавек, якія пакутуюць на залежнасць. На іх базе ў цесным кантакце з грамадскімі аб'яднаннямі арганізавана работа восем груп самадапамогі.

Дадатковыя функцыі ТЦСАН

Дзейнасць тэрытарыяльных цэнтраў ужо даўно выйшла за рамкі сацыяльнага абслугоўвання. Яны дапамагаюць мясцовым органам улады ў вырашэнні практычна ўсіх сацыяльных праблем насельніцтва.

Так, намаганнямі тэрытарыяльных цэнтраў штогод праводзяцца абследаванні адзінокіх і адзінока пражываючых непрацаздольных грамадзян з мэтай стварэння бяспечных умоў іх пражывання. Цэнтры арганізоўваюць работу па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, рамонт пячнога ацяплення, электраправодкі і гэтак далей.

Таксама на ТЦСАН ускладзены тэхнічныя функцыі па ажыццяўленні такіх адміністрацыйных працэдур, як выдзяленне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі; выдача пасведчання шматдзетнай сям'і; прызначэнне і распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу; забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.

Акрамя таго, ТЦСАН таксама аказваюць садзейнічанне ў афармленні дакументаў для пасялення непрацаздольных грамадзян у дамы-інтэрнаты і займаюцца пытаннямі аказання матэрыяльнай дапамогі са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам

Лукашэнка: Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам

У Беларусі праходзіць афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Судан.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.