Вы тут

Калі трапіць на вялікі экран — не значыць дасягнуць поспеху


Фестываль кароткаметражных фільмаў Kіnоsmеnа, здавалася б, увасобіў апрыёры шыкоўную ідэю: акумуляваў сілы неабыякавай да кіно каманды, знайшоў спонсараў, сфарміраваў унікальныя конкурсныя праграмы беларускіх і замежных карцін, арганізаваў іх паказы ў кінатэатрах і даў магчымасць гледачу вызначаць пераможцаў нараўне з журы. На трэці па ліку фэст — у Мінску ён праходзіць з 19 да 23 верасня — было пададзена 4500 заявак са 125 краін. Паказы пачаліся з нацыянальнага конкурсу пад прывабнай назвай «Bеlаrusіаn rеflесtіоn», які ўключыў у сябе пяць карцін. Выключна ён мяне і зацікавіў: я схадзіла на сеанс і, скажу вам, гэта прафанацыя.


Kіnоsmеnа патрыятычна выдзеліла асобнае месца беларускаму кіно, але правяла адбор яўна не ў яго інтарэсах. Праграма аказалася пэўным міксам, дзе паспрабавалі сумясціць падкрэслена аднамернае/забаўляльнае кіно і работы, створаныя, скажам так, дзеля ідэі. Конкурс, дзе адзін фільм выглядае тызерам, другі больш падобны на сацыяльны ролік, трэці разыгрывае нясмешную любоўную камедыю накшталт бульварнага чытва, стварае дзіўнае ўражанне, таму што я крыху арыентуюся ў нашым кінематографе і ведаю — беларускі конкурс мог бы быць лепшы.

Праўда, не з такімі драконаўскімі крытэрыямі адбору: кажуць, «Bеlаrusіаn rеflесtіоn» адразу адсейвала карціны, ужо паказаныя ў Нацыянальным конкурсе міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» (і праўда, перасячэнняў няма). Улічваючы, што апошні кожны год збірае маштабную праграму найлепшага ў айчыннай кінасферы, Kіnоsmеnа моцна страчвае. Тут жа ўзнікае пытанне, ці сапраўды тут дбаюць пра беларускае кіно і разумеюць яго кантэкст? Пляцовак для нашых фільммейкераў няшмат, таму крыўдна, што ўдзел ў адным фестывалі аўтаматычна закрывае магчымасць удзельнічаць у другім.

У выніку атрымалася, што атрымалася. Першым у конкурсе «Bеlаrusіаn rеflесtіоn» быў паказаны фільм «Людзі ў шэрым» Сяргея Куклова. Работа ў жанры фантастыкі доўжыцца дзевяць хвілін і нагадвае той адрэзак поўнаметражнай карціны да цітраў (завязку), закліканы стварыць інтрыгу і прымусіць глядзець далей. Супрацоўнік ДАІ бачыць машыну з крывёй на капоце і шукае яе ўладальніка, які ў гэты момант нешта закапвае. Асуджаная істота аджывае і кусае даішніка, які ў выніку і сам у некага ператвараецца. Уладальнік машыны хлусіць вайсковаму начальніку, што спаліў аб'ект без сведак. Адрэзак сапраўды інтрыгуе, забяспечвае напружанне, вытрымлівае паўзы і застаецца зачынам, але ніяк не фестывальным фільмам.

«Сапрамат» Андрэя Цімафеева размывае межы паміж мужчынамі і жанчынамі і прымушае сваіх герояў — дзяўчаты іграюць хлопцаў, хлопцы — наадварот — расказваюць пра стасункі і іх сэнс. Часам даволі смешна. «Пляж/лес/тамбур» Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай расказвае пра ўзрушэнне галоўнай гераіні, да якой на пляжы нахальна прычапіўся незнаёмы хлопец і з некаторымі прыгодамі суправадзіў яе да Мінска. Вытрыманая, лаканічная гісторыя пры ўсёй прастаце змяшчае ў сабе цэлы спектр псіхалагічных нюансаў, але не выходзіць за межы, крыху выкшталцонага і нешаблоннага, але загараднага выпадку.

Зусім ненатуральнай, прытарнай, прадказальнай, шаблоннай і па-кіношнаму наіўнай стала работа «Пагавары са мной» Ігната Качана. Яе галоўны герой — пятнаццацігадовы хлопец — не адчувае духоўнай сувязі з бацькам і з гэтай праблемай прыходзіць да псіхолага. Той у сваю чаргу мучыцца ўласнымі перажываннямі, якія справакаваў кліент, і аддае запіс размовы з хлопцам яго бацьку. «Прафнепрыгодны», — сказала мая сяброўка. Але ўсё дзеля кіно і яго салодкага фіналу, у якім бацька з сынам плачуць адзін у аднаго на плячы.

Нарэшце, камедыя «Наша ўсё» — доказ таго, што прымітыўны стыль і густ рэжысёра Аляксандры Бутар (фільм зняты ў яе кінамайстэрні і пад яе мастацкім кіраўніцтвам) распаўсюджваецца па беларускім вялікім экране. Па сюжэце жанчына з трыма вышэйшымі адукацыямі і брутальны байкер жывуць па-суседстве і не тое каб знаходзяцца ў згодзе. Неяк на балкон байкера падае латарэйны білет, які, як лічыць суседка, выйграў кватэру. Спробы вярнуць білет заканчваюцца — гэтага варта было чакаць — у пасцелі.

Мне ўжо не першы раз даводзіцца адчуваць глыбокае расчараванне, калі на вялікім экране я гляджу пэўную праграму пад эгідай сучаснага беларускага кіно. Штампы, дробнасць здольнасцяў і інтарэсаў, недапрацаванасць у кантэксце конкурсу, фестывалю, кінатэатра выдзяляюцца мацней і ярчэй. Таму адборшчыкі, што фарміруюць праграму і даюць маладым аўтарам кароткаметражак шлях да «фестывальнай» публікі, не заўсёды робяць добрую справу. Кожная рэч, у прыватнасці кіно, павінна змяшчацца ў адпаведным «антуражы», за кошт якога, дарэчы, можа значна выйграць, а можа і паблякнуць.

Зараз мяне закідаюць камянямі, бо чуллівым аўтарам быццам бы патрэбная пляцоўка для паказу і выказвання — я з гэтым згодная. Але апроч чарговай рэкамендацыі адпавядаць кантэксту (паняцце фестывалю, на маю думку, павінна разумець пад сабой і пэўную якасць) магу нагадаць пра нетрывалую рэпутацыю беларускага кіно. Тую сціплую колькасць гледачоў, якой айчынным работам прыходзіцца задавольвацца, можна лёгка страціць праз паказы тызераў/сацыяльнай рэкламы/танных камедый. У выніку глядач не хутка даведаецца, што нешта ў беларускім кінематографе ўсё ж вартае ўвагі.

Калі беларускі конкурс выглядае не надта прадстаўнічым, узнікае пытанне да заявак, дасланых адборшчыкам: ці было ўвогуле з чаго фарміраваць варты ўвагі конкурс і, адпаведна, ці давяраюць рэжысёры кінафестывалю, дзе старшынёй журы трэці год з'яўляецца Дзмітрый Астрахан, які на «Bеlаrusіаn rеflесtіоn» нават не з'явіўся? А калі ў наборы заявак бачыцца пэўная недасканаласць, ці запрашаюць арганізатары да ўдзелу па ўласнай ініцыятыве?

Так ці інакш, цудоўная з'ява — самастойны кінафестываль Kіnоsmеnа — пакуль што моцна прасядае з беларускім кіно, хоць можа стаць зайздроснай для яго пляцоўкай. Работам, якія гэтым разам аказаліся на фестывальным вялікім экране, варта знайсці сваё месца, а іх аўтарам — скарыстацца досведам здымак для стварэння прадуманага, шмат-узроўневага, нешаблоннага кіно. Чакаем, што наступны фестываль прадэманструе нешта, ад чаго па спіне пабягуць мурашкі

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Філалагіня і байкер дзеляць латарэйны білет

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».