Вы тут

Абвешчаны конкурс «Мы сваёй Беларуссю ганарымся!»


У нашай краіне ёсць мноства знакавых мясцін, яркіх падзей, памятных дат і выдатных асоб, пра якія варта расказаць іншым на ўвесь голас. Гісторыя, сучаснасць, прырода, архітэктура, культура, навука, спорт, матэрыяльная і духоўная спадчына — усё гэта можа стаць тэмай для адлюстравання і ўдзелу ў адкрытым конкурсе фатаграфій і відэаролікаў «Мы сваёй Беларуссю ганарымся!», які праводзіць у Год малой радзімы філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі — Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.


Праект, які мае падтрымку Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі і Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь», стартаваў у ліпені. На сёння арганізатары атрымалі ўжо мноства аўтарскіх і калектыўных заявак: больш як 50 фотаздымкаў і 26 відэаролікаў ад удзельнікаў з розных рэгіёнаў краіны.

— Сярод канкурсантаў ёсць нават замежнік, — расказаў «Звяздзе» навуковы супрацоўнік Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці Міхаіл КАЧАН. — Грамадзянін Італіі, відаць, наведаў нашу краіну як турыст і зняў прыгожыя віды розных беларускіх замкаў, а потым зманціраваў з іх відэаролік пад назвай «Беларусь — зямля легендаў».

— А замежныя грамадзяне таксама могуць узяць удзел у конкурсе?

— Так, правіламі гэта не абмежавана.

Сярод іншых работ, якія ўразілі арганізатараў — заяўка ад футбольнага клуба «Гарадзея». Прэс-сакратар і відэааператар даслалі не толькі ролік і вялікі фотаздымак, але далучылі цэлы фотаальбом, у якім расказалі пра клуб і пра сябе. Таксама праявіў актыўнасць Цэнтр творчасці з Калінкавіч, іншыя навучальныя ўстановы.

Дарэчы, многія ўдзельнікі — а сярод іх хапае і маладых людзей, і прадстаўнікоў старэйшага пакалення — суправаджаюць фатаграфіі кароткім эсэ аб тым, чым каштоўны іхні здымак, расказваюць пра абставіны, у якіх ён быў зроблены. Гэта не абавязкова, але, пагадзіцеся, дапамагае лепш зразумець аўтарскую задумку.

Калі ў вас яна таксама ёсць, яшчэ не позна рэалізаваць ідэю і даслаць атрыманае фота ці відэа (працягласцю да трох хвілін) на конкурс. Работы прымаюцца да 30 верасня на паштовы адрас: 220030, г. Мінск, вул. Карла Маркса, 38, 4-ы пад'езд або на электронную пошту: msbg@tut.by з пазнакай «Конкурс». Абмежаванняў па жанрах і спосабу выканання няма, фота і відэа можна рабіць з дапамогай любой лічбавай ці аналагавай тэхнікі. Адзінае, што неабходна памятаць — жорсткую ўмову арыгінальнасці дасланай работы: здымкі і ролікі, узятыя з хостынгаў або сацыяльных сетак, а таксама створаныя з празмерным выкарыстаннем графічных рэдактараў, да ўдзелу не дапускаюцца.

Усе заяўкі ўважліва разгледзіць кампетэнтнае журы, у складзе якога — прадстаўнікі творчых саюзаў, органаў культуры, адукацыі і інфармацыі, органаў дзяржаўнай улады, СМІ. Пераможцы і прызёры ў розных намінацыях будуць запрошаны на цырымонію ўзнагароджання, якая адбудзецца ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў кастрычніку. Найлепшыя работы таксама плануецца прадставіць на адмысловай выставе.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.