Вы тут

22 верасня ў Беларусі праходзіць Дзень без аўтамабіля


Сёння, 22 верасня, у Беларусі пройдзе акцыя «Дзень без аўтамабіля», якой завершыцца правядзенне Еўрапейскага тыдня мабільнасці. Мэта акцыі — акцэнтаваць увагу на пытаннях забруджвання атмасферы шкоднымі выкідамі ад транспарту.


— Па даных на 18 верасня, аб удзеле ў Еўрапейскім тыдні мабільнасці заявілі 64 беларускія гарады (летась удзельнічалі 47 гарадоў), — паведаміў журналістам намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змены клімату і экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ПІЛІПЧУК.

— Папулярнасць Еўрапейскага тыдня мабільнасці расце з кожным годам. Гэта адбываецца таму, што гэта Мерапрыемства адпавядае ўніверсальным інтарэсам людзей: мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб жыць без аўтамабільных затораў, каб была добрая экалогія, каб нашы дзеці былі ў бяспецы, — упэўнена намеснік старшыні праўлення Беларускага саюза транспартнікаў Валянціна ЛЯВОНЧЫК.

Падтрымаць экалагічную акцыю можна, адмовіўшыся ў гэты дзень ад выкарыстання асабістых і службовых аўтамабіляў. У рамках мерапрыемства ў Мінску з пасажыраў грамадскага транспарту не будуць спаганяць плату за праезд пры прад'яўленні пасведчання кіроўцы і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку.

Акрамя таго, у сталіцы ў рамках акцыі 22 верасня пройдзе масавы велапрабег, у якім могуць прыняць удзел усе ахвотныя, калі яны прыйдуць на
мерапрыемства з падсветленым веласіпедам, няхай гэта будзе нават просты ліхтарык.

Дарэчы, як адзначыў старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК, летась у «Дзень без аўтамабіля» 16,5 тысячы сталічных аўтаўладальнікаў пераселі ў грамадскі транспарт. Гэтыя лічбы былі атрыманы з дапамогай сталічнага метрапалітэна, які дазволіў дакладна падлічыць, хто скарыстаўся правам бясплатнага праезду.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Штогадовы «Дзень без аўтамабіля»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?