Вы тут

Сінтэз гісторыі і сучаснасці ад Віктара Альшэўскага


Цікава, як бы прадстаўнік мінулай эпохі адрэагаваў на сучасны тэхнічны прагрэс? Знакаміты беларускі мастак Віктар Альшэўскі ўзнімае тэму трансфармацыі чалавека праз прызму часавых межаў. Яго выстаўка «Кропка адліку» працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Над ёй творца працаваў пятнаццаць гадоў, праект прымеркаваны да 65-годдзя мастака.


«Луўр. Сімфонія цывілізацый, якія зніклі», 2012—2015 гг.

Кропка — гэта цэнтр, пачатак адліку, нараджэнне новага, крыніца стваральнай энергіі жыцця і развіцця сучаснай цывілізацыі. Пасля кропкі пачынаецца новы сказ, а жыццё можа напоўніцца нечаканымі падзеямі: сустрэчамі з новымі людзьмі, новым натхненнем альбо каханнем. Экспазіцыю «Кропка адліку» Віктар Альшэўскі называе сваёй творчай аўтабіяграфіяй. Сярод дзевяноста твораў прадстаўлены тыя, што раней дэманстраваліся неаднойчы, а ёсць і невядомыя гледачу.

Арт-праект «Кропка адліку» ўключае чатыры тэматычныя кірункі: «Мой Мінск», «Музеі свету», «Фрагменты Вавілонскай вежы», «Партрэт сучасніка». Тут мясціны, добра знаёмыя большасці жыхароў беларускай сталіцы, вобразы вядомых творцаў. З’явы агульнасусветнай культуры адлюстраваныя праз сімвалічныя ўвасабленні мастацкіх дамінант розных народаў і эпох. Дзякуючы гэтаму праекту аб’ядноўваюцца мінулае, сучаснасць і будучыня, гістарычная памяць і працяг эвалюцыі.

На адкрыцці пабывалі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч і старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, якім вельмі спадабалася эксцэнтрычная і неардынарная творчасць мастака.

— Віктара Альшэўскага ведаюць і любяць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Ён прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, але пры гэтым не спыняецца на дасягнутым, працягвае ствараць, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Што важна, у яго карцінах адлюстравана гісторыя нашай краіны. Мы бачым, што чалавек, які праехаў увесь свет і заваяваў аўтарытэт таленавітага творцы, памятае пра сваю радзіму і захоўвае яе вобразы на палотнах.

Цэнтральнае месца сярод прадстаўленых работ займаюць «Фрагменты Вавілонскай вежы». Гэта 52 палотны розных формаў і памераў, на якіх, як у яркім калейдаскопе, паўстаюць вобразы гістарычных помнікаў і артэфактаў, сімвалы розных краін і эпох, аб’екты архітэктуры, геаметрычныя фігуры. Карціны сабраны ў трохкутныя канструкцыі вышынёй 4,5 метра, якія па форме нагадваюць вежу.

Уражваюць героі твораў. На палотнах мастака старажытнагрэчаскія статуі выяўленыя ў спадніцах і абцасах, са смартфонамі і кубкамі кавы. Некаторыя персанажы намаляваны на фоне Мінска. Глядач бачыць горад розных гадоў. Аўтар адлюстраваў знакавыя архітэктурныя аб’екты ў новых сэнсава-нечаканых вобразах. І цяпер кожны, хто прыйшоў на выстаўку, у абрысах стадыёна «Дынама» можа прыкмеціць рымскі Калізей, а Палац культуры прафсаюзаў нараджае асацыяцыі з афінскім Акропалем, будынак ГУМа — з класічнай італьянскай палацавай архітэктурай.

— Мінск — самы прыгожы горад у свеце. Я ў 1966 годзе прыехаў сюды з вёскі Угольшчына. І за гэты перыяд ён моцна змяніўся, — расказвае Віктар Альшэўскі. — У 1977 годзе я ўпершыню паехаў за мяжу. Тады ўжо бачыў, як развіваецца свет у адпаведнасці з прагрэсам. Я думаў пра тое, калі ж Беларусь зможа перасягнуць іншыя краіны па прыгажосці і чысціні. І вось ужо апошнія 20 гадоў мы бачым, наколькі Мінск змяніўся. І не толькі ён, а яшчэ і маленькія гарады. Зразумеў: жыць трэба там, дзе нарадзіўся. І вольным можна быць толькі ў сваёй краіне.

Многія палотны мастака прысвечаныя яго сям’і. Можна ўбачыць яго жонку Святлану і дачку Вікторыю. Аднак творца падкрэслівае, што жаночыя партрэты даюцца яму з пэўнай цяжкасцю: каб пісаць жанчыну, трэба яе кахаць і адчуваць, у чым яе сапраўдная прыгажосць.

«Кароль-Сонца», 2016 г.

Віктар Альшэўскі ўпэўнены, што кожны мастак павінен рухацца ў тым напрамку, які падказвае сэрца: хтосьці можа напісаць карціну ў адзін колер і стаць легендай, а камусьці трэба шукаць сябе гадамі. Спадар Віктар лічыць, што ў яго жыцці не было проста шчаслівых выпадкаў, яму дапамагла працавітасць і любоў да справы. Сёння Віктар Уладзіміравіч шырока вядомы ў Беларусі і за яе межамі. Ён удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выставак, ініцыятар і куратар нацыянальных і міжнародных арт-праектаў.

— Мы з Віктарам Альшэўскім знаёмыя ўжо 18 гадоў. Рэалізавалі разам не адзін міжнародны творчы праект, — падкрэсліў на адкрыцці выстаўкі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі, па сумяшчальніцтве ў Іспаніі, Партугаліі і Манака Павел Латушка. — Ён — філосаф у мастацтве і ў жыцці. Спадзяюся, што гэтая выстаўка — не кропка і не адлік. Гэта шматкроп’е альбо наогул клічнік.

Праект «Кропка адліку» — працяг Міжнароднага творчага праекта «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» (2016—2017). Ён увасабляе новы магутны імпульс да інтэграцыі культур у духоўнай прасторы ўсіх краін еўразійскага кантынента, пошук новага міжнароднага інтэлектуальнага дыялогу, працяг дыскусій і аўтарскіх праектаў на платформе ўзаемаразумення.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Кропка ў клічніку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».