Вы тут

Вышэйшая «матэматыка» сучаснага мастацтва


У колерах і адценнях Ягора Батальёнка

Цёплыя і спакойныя, паветраныя і лагодныя. Менавіта так можна ахарактарызаваць мастацкія творы жывапісца Ягора Батальёнка. На мінулым тыдні ў мастацкай галерэі «Арт-хаос» ён прадставіў выстаўку «Родныя высі», дзе аб’яднаныя творы, што дэманструюць прыгажосць беларускай прыроды.


«Атока», 1999 г.

Мастак з выразнай манерай пісьма гуляе нюансамі і адценнямі колеру. Прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў адкрыюць у работах Ягора Батальёнка блізкі сэрцу пейзаж. Колеры ў палотнах мастака не натуральна-рэалістычныя, хутчэй, гэта адценні душэўных перажыванняў. Амаль кожны твор нясе ў сабе думкі пра боскі пачатак свету і пра сэнс існавання на зямлі. Праз хрысціянскія сімвалы і знакі Ягор Батальёнак імкнецца наблізіць гледача да ўзнёслага, духоўнага.

Інтанацыя яго мастацтва музычная і эмацыянальна цёплая. Спадар Ягор знаходзіць асаблівыя каляровыя рашэнні, стварае пачуццёвы вобразны свет. Вонкава карціны простыя, ясныя і лаканічныя. Прынамсі, так падаецца з першага погляду. Акцэнт у жывапісных кампазіцыях — на ўнутраныя спружыны іх зместу.

— Лірычны пейзаж Ягора Батальёнка — унікальная магчымасць апынуцца ў свеце мар, — падкрэслівае дырэктар мастацкай галерэі «Арт-хаос» Лілія Лукашэнка. — Творца ўмее захапіць і цёплымі колерамі, і асаблівым успрыманнем наваколля. Гэта толькі здаецца, што стыль аўтара просты. Насамрэч простая форма яшчэ не азначае, што сэнс не будзе глыбокі. Кожны чалавек, які нават выпадкова трапляе на выстаўку гэтага жывапісца, можа назаўсёды палюбіць яго карціны і ніколі іх не забудзе.

Ягор Батальёнак належыць да таго пакалення творцаў, што адраджалі нацыянальную культуру, калі мастацтва стала звяртацца да беларускіх традыцый і вобразаў. Ён працуе ў класічным ключы: трохпланавая пабудова кампазіцыі, панарама, кулісы. Але ёсць аблокі Ягора Батальёнка такія, якімі іх выяўляе толькі ён. І праз асабістае жывапісец шукае, намацвае жыццёвыя формулы агульначалавечых уяўленняў і з’яў, пазначаных і вывераных стагоддзямі. Яго творы параўноўваюць з работамі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і называюць вышэйшай «матэматыкай» сучаснага жывапісу.

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што творца працуе менавіта сэрцам, якому баліць за ўсё, што звязана з роднай зямлёй. Ягор Батальёнак не піша з натуры. Ён робіць замалёўкі, але для больш сур’ёзных палотнаў ідэі збірае ўдумліва. У творчасці выкарыстоўвае выключна маленькія памеры для працы, бо манументальныя карціны, на яго думку, не даюць адчування цэльнасці. На выстаўцы прадстаўлены работы толькі апошняга часу. Больш раннія палотны цяпер убачыць складана, амаль усе знаходзяцца ў прыватных калекцыях. У пачатку творчасці мастак спрабаваў пісаць партрэты. Але ў выявах нацыянальных ландшафтаў адчуваў сябе больш свабодна.

...Калісьці хлопчык з вёскі сам вучыўся трымаць у руцэ пэндзаль, у школе не было настаўніка па маляванні. А цяпер імя мастака гучыць годна ў коле беларускага артграмадства. Мастакі паважаюць апантанага калегу, гледачы з цікавасцю прыходзяць на кожную новую выстаўку. «Родныя высі» не выключэнне: адкрыццё выстаўкі прайшло з аншлагам.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».