Вы тут

Лукашэнка: Трэба ўзварушыць усю сістэму спажыўкааперацыі


Такое меркаванне выказаў беларускі лідар на сустрэчы са старшынёй праўлення Белкаапсаюза Валерыем Івановым.


Прэзідэнт адзначыў, што ім было прынята рашэнне падрыхтавацца па выніках гэтага года і ў лютым правесці нараду на самым высокім узроўні па сітуацыі ў спажывецкай кааперацыі.

"Таму справаздачы ў вас сёння быць не павінна. Калі ў вас ёсць нейкія пытанні, якія трэба вырашаць цяпер, я гатовы на іх адказваць, дапамагаць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Па-першае, трэба ўзварушыць усю сістэму".

Пасля праверкі Камітэтам дзяржаўнага кантролю і іншымі арганізацыямі высветлілася, што "інфармацыя больш негатыўнага плана, чым станоўчая", падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў яго няма падстаў не давяраць спецыялістам, якія падалі інфармацыю, аднак ён не хоча ўжо занадта перабольшваць звесткі. "Таму мы да гэтага пытання яшчэ вернемся. Тая праверка, якую прайшла спажыўкааперацыя, будзе асновай для таго, каб па выніках года, вывучыўшы работу спажывецкай кааперацыі, раз і назаўжды вызначыцца з яе месцам і роляй ў сучасных умовах", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У прыклад беларускі лідар прывёў сітуацыю, калі спажыўкааперацыя "ваюе за месца пад сонцам", у той час як наступаюць прыватныя гандлёвыя арганізацыі. Паводле слоў Прэзідэнта, сёння прыватнікі выходзяць нават і ў вёскі.

"Можа быць спажыўкааперацыі варта цяпер займацца сваёй дзейнасцю, для чаго яна была першапачаткова прызначана, — работай з насельніцтвам", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Узяць тыя ж яблыкі, ураджай іх сёлета небывалы, "дрэвы ламаюцца". Дзесьці іх прадаюць, але многія людзі папросту не могуць справіцца з вывазам свайго ўраджаю і наступным продажам на рынках" — дадаў беларускі лідар. Ён прапанаваў купляць гэтую прадукцыю ў людзей, выдаць скрыні для тых жа яблыкаў. Пры гэтым набываць усё гэта трэба за прымальную цану.

Прэзідэнт падкрэсліў: трэба вызначыцца, чым будзе займацца спажыўкааперацыя, і падтрымаць яе. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў вывучыць кадравы склад: каб на аднаго прадаўца не прыпадала паўтара чыноўніка.

Варта прыгледзецца да схемы прыватніка: зрабіць цэнтральны магазін у раённым цэнтры, які павінен забяспечваць завоз тавараў па іншых крамах на вёсцы. "Калі яны не зрабілі — вы паспрабуйце зрабіць. Вы павінны быць канкурэнтаздольнымі. Калі гэтай канкурэнтаздольнасці не будзе, які сэнс нам штучна трымаць нейкую арганізацыю?" — пацікавіўся ён.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: ён не прыхільнік знішчэння спажыўкааперацыі, а раней рабіў усё для яе захавання, аднак настаў час вызначыцца — што нам трэба, што не трэба, якой ёй быць наогул, каб у лютым прыняць рашэнне.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Валерыя Іванова абсалютна аб'ектыўнай ацэнкі і рэкамендацый, бо "начальнікі прыходзяць і сыходзяць, а людзі застаюцца, з імі трэба жыць і працаваць".

У адказ Валерый Іваноў адзначыў, што большасць рашэнняў і даручэнняў, якія былі дадзены Прэзідэнтам, выкананы.


Прыватнік не жадае працаваць у маленькіх населеных пунктах — Белкаапсаюз

Такое меркаванне выказаў старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў.

Паводле яго слоў, сёння на нарадзе ў Прэзідэнта ў тым ліку ўздымалася тэма арганізацыі гандлю ў сельскіх населеных пунктах. Так, амаль 25 тысяч населеных пунктаў абслугоўваецца спажыўкааперацыяй. «Мы праводзім досыць вялікі аб'ём работы па перафарматаванні нашых гандлёвых кропак», — адзначыў кіраўнік праўлення Белкаапсаюза.

Ён дадаў, што сёння гэтыя аб'екты імкнуцца зрабіць больш прывабнымі, праца вядзецца і над лінейкай тавараў, і над цэнавай палітыкай. «Робім усё, каб чалавеку было прыемна зайсці ў нашу краму і набыць тавары», — дадаў Валерый Іваноў.

На пытанне аб тым, ці варта саступаць прыватнікам дробныя населеныя пункты, Валерый Іваноў звярнуў увагу на той факт, што адпаведны прэзідэнцкі ўказ дае магчымасць любому жадаючаму адкрываць гандлёвую кропку ў любым населеным пункце. Паводле яго слоў, спажыўкааперацыя не мае магчымасці камусьці нешта забараняць, але і больш за тое — у некаторых выпадках падтрымлівае прыватніка, дамаўляецца на забеспячэнне некаторых кропак таварамі. "Але асабліва жадаючых няма. Таму што праца ў такіх населеных пунктах да 200 чалавек любой гандлёвай кропкі пры ўмове вытрымлівання патрабаванняў асартыменту і коштаў стратная, — падкрэсліў ён. — А ёсць яшчэ населеныя пункты і да 100 чалавек, і 50. Там нашы гандлёвыя кропкі ёсць ".

Валерый Іваноў падкрэсліў: ніводны прыватнік не будзе адчыняць гандлёвую кропку ў населеным пункце, у якім пражывае 50 або 100 чалавек, а спажыўкааперацыя такія кропкі мае.

Якія праблемы ёсць у Белспажыўкааперацыі? Не заўсёды атрымоўваецца ўстойлівае забеспячэнне сельскага насельніцтва усімі відамі тавараў, што пазначыў і кіраўнік дзяржавы, аднак гэты аспект вырашаецца. Што тычыцца коштаў, то яны ў спажыўкааперацыі не вышэйшыя, чым у прыватнікаў і іншых прадпрыемстваў. Акрамя таго, ёсць праблема забеспячэння імпартнымі таварамі дробных населеных пунктаў, аднак цяпер аптова-лагістычныя цэнтры адпрацоўваюць і гэты момант, дадаў Валерый Іваноў. Яшчэ адна складанасць — замена парка аўтакрам. Толькі за мінулы год гэтыя аўтамабілі прайшлі 150 мільёнаў кіламетраў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».