Вы тут

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»


У суботу, 22 верасня, на 53-м годзе жыцця не стала найлепшага футбольнага менеджара Беларусі, заснавальніка і нязменнага кіраўніка БАТЭ, проста Чалавека з вялікай літары.


Страшны дыягназ — рак — Анатолю Анатолевічу быў пастаўлены яшчэ ў 20, калі малады чалавек толькі заканчваў універсітэт. Тады ён здолеў яго перамагчы, аднак хвароба вярнулася праз дзесяцігоддзе. «Многія блізкія рэкамендавалі паехаць на лячэнне за мяжу, але я застаўся, інакш прыйшлося б кінуць каманду, — неахвотна казаў тады Анатоль Анатолевіч пра сваю хваробу. — Я лічыў, што павінен быць побач. Толькі лекі прывезлі з Францыі, а лячыўся тут».

За гэты час ён перанёс вялізныя дозы тэрапіі, адзін з курсаў абпраменьвання быў у вобласць сэрца. Гэта адбівалася ў далейшым, пазней Капскі перанёс дзве складаныя аперацыі на сэрцы, пасля другой, у 2013-м, ён нават тры дні ляжаў у коме. Але ніякія праблемы са здароўем не маглі адарваць яго ад любімай справы...

Анатоль Анатолевіч нарадзіўся ў вёсцы Дуброва Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Пасля школы паступіў у наргас, здабываў свае першыя грошы ў будатрадах, нават ездзіў працаваць зваршчыкам у Сібір. Пазней уладкаваўся эканамістам на 140-ы рамонтны завод, а перад развалам Савецкага Саюза пайшоў працаваць фінансавым дырэктарам у фірму, якая займалася аўтабізнесам. У сярэдзіне 1995-га Капскі ўзначаліў кампанію «Сталкер», якая стала дылерам завода БАТЭ. Фірма ўжо ўстала на ногі, калі да Анатоля Анатолевіча звярнуліся людзі з ідэяй адрадзіць заводскую каманду, якая ў сямідзясятыя гады грымела ў рэспубліцы (тройчы выйгравала чэмпіянат БССР). Да энтузіястаў падключыліся і блізкія Капскага — бацька і дзядзька, якія таксама неверагодна любілі футбол і памяталі слаўныя гады БАТЭ. У сакавіку 1996 года Анатоль Анатолевіч прыняў на сябе кіраванне створаным футбольным клубам, а «Сталкер» стаў галоўным яго спонсарам.

Такім чынам, 22 гады таму БАТЭ атрымаў другое жыццё, і ўдыхнуў яго менавіта Капскі. Каманда за год выйграла другую лігу, абагнаўшы найбліжэйшага пераследніка на дзевяць ачкоў, і пераможна ішла па першай лізе. З тых часоў барысаўчане паспелі 14 разоў стаць чэмпіёнам краіны (у тым ліку 12 апошніх гадоў запар), чатыры разы былі віцэ-чэмпіёнамі, адзін раз — бронзавымі прызёрамі. З 2008 года БАТЭ пяць разоў прабіваўся ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў, яшчэ чатыры разы выступаў у групавым раўндзе Лігі Еўропы, двойчы барысаўчане выходзілі ў 1/16 фіналу гэтага турніру. Акрамя тытулаў і званняў клуб пад кіраўніцтвам дасведчанага кіраўніка і эканаміста заўсёды ўмеў зарабляць. За час выступлення ў еўракубках БАТЭ зарабіў каля 80 мільёнаў еўра, і ў крызісныя перыяды менавіта футбольны клуб дапамагаў свайму заводу, а не наадварот.

Усё гэта заслуга Анатоля Капскага, але ён ніколі не задаваўся грашыма і сваім статусам. Пра гэта кажа цёплая атмасфера ў калектыве клуба, пераемнасць, з якой мяняліся трэнеры на працягу гэтых дваццаці гадоў. «Усе ведаюць: БАТЭ сваіх не пакідае», — не раз заяўляў Анатоль Анатолевіч.

Учора, нягледзячы на дажджлівае восеньскае надвор'е, развітацца з Анатолем Анатолевічам на «Барысаў-Арэну» прыйшлі тысячы людзей: сяброў, блізкіх, знаёмых, спартсменаў і аматараў футбола. Шмат хто ў гэтыя дні пісаў пра Капскага на сваіх старонках у сацсетках.

Аляксандр Глеб:

«Да гэтага часу не магу паверыць. У галаве блытаніна і пустата. Не магу знайсці слоў! Як такое адбылося? Анатолевіч, Вы для мяне былі тытанам, які праходзіў любыя выпрабаванні. Гледзячы на вас, верыў заўсёды, што ўсё будзе добра! Дзякуй за ўсё, што вы рабілі для ўсіх нас! Смуткуем. Светлая памяць!»

Віктар Ганчарэнка:

«Анатоля Анатолевіча было так шмат. У яго было столькі энергіі, любові. Гэтага хапала нам усім. Ён мог адначасова будаваць стадыён, заключаць кантракты, даведвацца, як здароўе мамы, будаваць нейкія бізнес-планы. І ўсё гэта на працягу дня. Мы ўсёй сям'ёй вельмі яго прасілі: «Вы павінны трошкі сябе берагчы». Але ён не прыслухоўваўся, заўсёды хацеў рухацца наперад. Гэтая энергія была несуцішнай, яе нельга было ўтаймаваць. Ён ішоў толькі наперад.

І ўсе мы ведаем, што да апошніх дзён ён будаваў нейкія планы. Ён не думаў, што яму дрэнна на дадзены момант, ён думаў, як зрабіць лепш іншым. Гэта — боль, які назаўжды са мной. І гэтая рана ніколі не закрыецца».

Вадзім Скрыпчанка:

«Анатоль Анатолевіч — выдатны чалавек і кіраўнік. Ён адрадзіў БАТЭ. За гэтыя гады каманда выйшла на высокі ўзровень. Яго заслуга ў гэтым велізарная. Усе выдатна разумеюць. Для таго каб падняцца на такі ўзровень, камандзе патрэбна была строгасць, якую меў Анатоль Анатолевіч. У той жа час ён быў патрабавальным і чалавечным.

Мы страцілі яго, але, думаю, справа яго будзе жыць».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».