Вы тут

Чым небяспечная сустрэча чалавека з асой


Сёлетняя восень правакуе шмат канфліктаў вос з чалавекам, некаторыя з іх, на жаль, заканчваюцца не вельмі шчасліва. Не абышлося і без ахвяр — ад анафілактычнага шоку пасля ўкусаў памерла 53-гадовая жанчына. Чым выклікана такая актыўнасць насякомых і як засцерагчыся ад іх, расказаў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наземных беспазваночных жывёл НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Алег БАРАДЗІН.


Як і людзі, любяць фрукты

Восы — жалючыя перапончатакрылыя насякомыя. Усяго прадстаўнікоў гэтай групы налічваецца каля 400 відаў. Але для людзей больш прыкметныя так званыя складкаватакрылыя восы — іх каля 15 відаў.

— Большасць вос з'яўляецца адзіночнымі насякомымі, але складкаватакрылыя восы адносяцца да прадстаўнікоў групы так званых грамадскіх насякомых (туды ўваходзяць пчолы, чмялі, мурашкі), якія жывуць калоніямі, — расказвае Алег Барадзін. — Менавіта гэта іх асаблівасць часта становіцца прычынай канфліктаў з чалавекам.

Па словах навукоўца, колькасць вос залежыць ад пары года. Зімой насякомыя знаходзяцца ў стадыі спакою — гэты перыяд яны перажываюць у выглядзе палаваспелых самак (заснавальніц будучай калоніі). Вясною апошнія выходзяць са сховішчаў і раздзяляюцца, каб стварыць новыя калоніі. Спачатку менавіта на гэтыя мэты выкарыстоўваюцца ўсе асіныя час і энергія. Але паступова колькасць насякомых у гняздзе павялічваецца, а яе пік назіраецца ў канцы лета — першай палове восені.

У канцы вегетацыйнага сезона дарослыя восы часцей сустракаюцца ў садах і агародах, дзе паспелі ягады, фрукты і іншыя плады, каб дадаткова падсілкавацца вугляводамі (лічынак яны выкормліваюць жывёльнай ежай, пераважна насякомымі-шкоднікамі). Менавіта тады часцей за ўсё і адбываюцца небяспечныя сустрэчы з людзьмі, якія таксама займаюцца нарыхтоўкай ураджаю.

— На актыўнасць гэтых насякомых уплываюць таксама і ўмовы надвор'я. Калі вясной яны былі спрыяльнымі для фарміравання калоній вос на перспектыву, то варта чакаць іх значнай колькасці ў канцы вегетацыйнага сезона, што мы сёлета і назіраем, — адзначае Алег Барадзін.

Небяспечна для здароўя

Свае гнёзды восы любяць будаваць у якім-небудзь укрыцці. Некаторыя з іх селяцца пад зямлёй — у мышыных норах і іншых натуральных утварэннях, некаторыя — у лясах, дзе выбіраюць дуплаватыя дрэвы. А на тэрыторыі населеных пунктаў восы часта жывуць у закінутых, паўразбураных будынках, на гарышчы, у нішах, пустотах сцен. Так, па словах Алега Барадзіна, яны атрымліваюць ад чалавека ўскосную абарону для сваіх гнёздаў.

Але такое суседства людзям звычайна не даспадобы. Яны адганяюць вос, чым правакуюць насякомых абараняцца і джаліць сваіх ворагаў.

Як адзначае навуковец, паводзяць сябе агрэсіўна многія віды вос, але найбольш вядомыя выпадкі з рудымі, звычайнымі, германскімі восамі і шэршнямі. Масавы напад апошніх можа прывесці да лятальнага канца ад інтаксікацыі нават без анафілактычнага шоку.

— Шэршні — даволі буйныя насякомыя, таму пры ўкусе ўводзяць сваёй ахвяры дастаткова вялікую дозу таксіну, — расказвае Алег Ігаравіч. — Пры гэтым восы, у адрозненне ад пчол, не гінуць пасля першага ўджалення, бо маюць гладкае, невызубленае джала, таму могуць джаліць шмат разоў.

Па словах фельчара хуткай медыцынскай дапамогі Ільі КУРЭЙЧЫКА, самае небяспечнае ва ўджаленнях вос — развіццё алергічнай рэакцыі аж да анафілактычнага шоку ў людзей з індывідуальнай непераноснасцю на кампаненты асінага яду. Мае значэнне і колькасць насякомых, якія напалі на чалавека, — з іх павелічэннем, адпаведна, цяжэйшая і рэакцыя арганізма. Апошняя таксама залежыць і ад месца ўджалення — вас укусілі, напрыклад, у руку ці ў вобласць шыі. У апошнім выпадку ўкус можа выклікаць удушша.

— Калі ў чалавека робіцца цяжкім дыханне, пагаршаецца самаадчуванне, трэба тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу, — гаворыць Ілья Курэйчык. — Калі ж пасля ўджалення, напрыклад, на руцэ ўтвараецца толькі невялікая прыпухласць, можна не звяртацца да ўрачоў, а прыняць антыгістамінны прэпарат і нанесці на зону ўджалення спецыяльныя гелі ці мазі.

Як засцерагчыся ад нападу?

Алег Барадзін раіць заўсёды імкнуцца пазбягаць кантакту з восамі і абыходзіць іх гнёзды на адлегласці ў некалькі метраў. Калі ж гэта немагчыма, лепш выклікаць МНС, спецыялісты дапамогуць пазбавіцца ад небяспечных «суседзяў». Алег Барадзін таксама ўпэўнены — лепш з асцярожнасцю карыстацца парадамі, якія даюцца ў інтэрнэце:

— Часам прапануюць «заліць» уваход у гняздо дыхлафосам, але трэба разумець, што такая адтуліна там можа быць не адна. Хтосьці раіць ноччу зрэзаць гняздо з роем і знішчыць яго. Але ночы ў нас пакуль адносна цёплыя, таму і восы яшчэ актыўныя. І ў першым, і ў другім выпадку можна сустрэцца з раз'юшаным роем насякомых, таму лепш не рызыкаваць і даверыць гэту справу спецыялістам.

Ёсць і прэвентыўныя меры. Каб штогод восы не рабілі побач сваё жытло, трэба вясной з дапамогай ферамонных пастак (прадаюцца ў некаторых крамах) злавіць каля гнязда заснавальніцу. Тады і рой не сфарміруецца.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Аляксандра РАКОВІЧА

Загаловак у газеце: Злосны «сусед»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».