Вы тут

23 верасня распачаліся чарговыя Тыдні Германіі ў нашай краіне


23 верасня распачаліся чарговыя Тыдні Германіі ў нашай краіне. Іх фінальнае закрыццё запланавана аж на 18 лістапада. Чым будзе напоўнены гэты даволі працяглы перыяд? Пра гэта на прэс-канферэнцыі журналістам расказалі прадстаўнікі нямецкага пасольства і Інстытута імя Гётэ ў Мінску.


Паводле іх слоў, праграма тыдняў разнастайная, цікавая і пазнавальная. Як і раней, у першую чаргу яна прысвечана культурнаму жыццю Германіі ў яго самых розных праявах. Тыдні Германіі пройдуць у Мінску і яшчэ ў дзесяці гарадах краіны.

Увогуле, як заўважыла намеснік пасла ФРГ Аня Лютэр, жыхарам рэгіёнаў будзе што паглядзець, паслухаць, ацаніць. Напрыклад, сучаснае нямецкае кароткаметражнае кіно, выстаўкі, майстар-класы, у тым ліку кулінарныя, паслухаць лекцыі і г. д. Дарэчы, гэтыя мерапрыемствы — вынік сумеснай працы прадстаўнікоў нямецкіх культурных арганізацый і іх беларускіх партнёраў. Дзякуючы іх намаганням у жыхароў абласных і раённых цэнтраў з'явілася магчымасць больш прадметна пазнаёміцца з сённяшнім станам нямецкай культуры.

У рамках тыдняў у чатырох гарадах Беларусі пройдуць спецыяльныя паказы шэдэўра Фрыдрыха Вільгельма Мурнау «Насферату, сімфонія жаху» ў жывым музычным суправаджэнні. Музыку да фільма, дарэчы, напісала беларуская арганістка і кампазітар Вольга Падгайская. У Гродне адбудзецца канцэрт аркестра СоllеgіumMusісum і камернага хору царквы св. Міхаіла з горада Ена. Школьнікаў Баранавіч запрашаюць у творчую майстэрню «Вершы, што ажылі». Удзельнікі выбіраюць вершы нямецкіх аўтараў (сучасныя або класіку) і ствараюць відэаролік. У Пінску нямецкая пісьменніца Марленэ Родэр прачытае ўрыўкі са сваёй кнігі «Сасhе». У Полацку адбудзецца фестываль кароткаметражных фільмаў з Майнца. У Барысаве адно з мерапрыемстваў называецца «Нацыянальны нямецкі касцюм: слайд-гутарка з творчым заняткам». Яго ўдзельнікі даведаюцца, якую вопратку некалі насілі ў розных рэгіёнах Германіі, прымуць удзел у віктарыне і раскрыюць свае творчыя здольнасці ў стварэнні мадэлі нацыянальнага нямецкага касцюма.

У Мінску таксама будзе цікава: прыедуць музыканты з Берліна, дасць канцэрт хор і аркестр з горада Ена, у абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбудзецца беларуска-нямецкая вечарына, пройдзе фотавыстаўка «Кволая сіла: кветкі ў сучаснай фатаграфіі». Асобна хочацца звярнуць увагу на прэм'еру фільма «Так, Андрэй Іванавіч» (Jа, Аndrеі Іwаnоwіtsсh). Ён прысвечаны трагічнаму лёсу аднаго з апошніх беларускіх вязняў Бухенвальда Андрэя Маісеенкі, якога надзвычай цяжкія жыццёвыя абставіны не змаглі пазбавіць чалавечай годнасці і жыццярадаснасці, веры ў сябе і людзей. Пасля фільма адбудзецца сустрэча гледачоў з рэжысёрам Ханесам Фарлакам і яго галоўным героем.

Увагу і цікавасць павінны выклікаць форум па аднаўляльнай энергетыцы і архітэктурны ўрбаністычны форум.

Тыдні Германіі даўно набылі традыцыйны характар, бо ладзяцца ў нашай краіне ўжо на працягу больш чым 15 гадоў. І кожны раз яны адрозніваюцца ад папярэдніх нейкай своеасаблівасцю, творчым падыходам, тэматычнай накіраванасцю. Сёлета больш за 90 мерапрыемстваў тыдняў будуць так ці інакш датычыцца літаратуры, навукі, архітэктуры, кінамастацтва, гісторыі.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».