Вы тут

Містыка elite


Найбольш яркая прэм’ера Вялікага тэатра здарылася напрыканцы мінулага года — «Багема» Джакама Пучыні ў пастаноўцы расійскага рэжысёра Аляксандра Цітэля, інтэрв’ю з якім мы прапаноўвалі вясной. Але тэатр атрымаў у рэпертуар той спектакль, пра які можна гаварыць бясконца, і пастаноўка вартая асобнага разгляду. Таму цяпер, каб час у чаканні «Саламеі» не прайшоў дарэмна, можна паглядзець «Багему». Спектакль, які бясспрэчна задаволіць як шырокую публіку, так і знаўцаў опернага мастацтва. Ды і наогул аматараў прыгожага: тут створана атмасфера Парыжа пачатку ХХ стагоддзя.


...Гэта быў горад магчымасцяў для розных творцаў, куды іх прыводзілі надзеі паказаць сваё мастацтва, знайсці аднадумцаў, якія таксама жывуць мастацтвам. І тыя, хто гатовы быў пацярпець за мастацтва, атрымалі сваю славу — своечасова, калі пашчасціла, ці ўжо пазней...

У атмасферу таго Парыжа, куды імкнуліся нашы Марк Шагал і Хаім Суцін, паглыбіцца проста — праз оперу «Багема» Джакама Пучыні ў пастаноўцы народнага артыста Расіі, лаўрэата тэатральнай прэміі «Залатая маска», прафесара Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва Аляксандра Цітэля. Яго пастаноўка здолела не проста ўвесці ў свет оперы Пучыні, яна перадала сапраўдны дух тагачаснай багемы. І нават больш — паказала Парыж, стварыла яго вобраз, які фактычна становіцца яшчэ адным, асобным — і нават бачным — дзейным персанажам спектакля, які жыве на сцэне, радуецца і нават пакутуе разам з героямі.

Яны асаблівыя: бедныя, з тонкай душой, рамантычныя, натхнёныя і багатыя на пачуцці. Паэт Рудольф, мастак Марсель, філосаф Кален і музыкант Шанар. Творчыя і вельмі рамантычныя асобы. А гэта цікава. Магчыма, у тым і прычына запатрабаванасці оперы «Багема» Джакама Пучыні: прадстаўлена трэцяя яе пастаноўка на сцэне нашага опернага тэатра. Дагэтуль «Багему» ставілі ў 1968 і 2002 гадах. Яна кранае музыкай — вельмі лірычнай, што ўводзіць у свет пачуццяў галоўных герояў Рудольфа і Мімі. Таму, відаць, «Багема» — адна з найпапулярнейшых опер, якую любяць ва ўсім свеце. І сапраўды, дагэтуль здавалася, што, як бы яе ні ставілі, усё адно слухаць яе прыемна.

Але вялікім культурным уражаннем стала магчымасць не проста слухаць яе ў новай пастаноўцы. Цяпер гэтую оперу прыемна яшчэ і разглядаць — кожны куточак сцэны, кожны сюжэт, на фоне якога разгортваюцца падзеі, кожную дэталь і кожнае імгненне хочацца ўхапіць ва ўсіх падрабязнасцях, імкнешся паспяваць за зменлівасцю і трансфармацыяй карцін на заднім плане... І разумееш: каб ацаніць увесь маштаб, прыгажосць, нават фантастычнасць гэтай пастаноўкі, на «Багему» трэба будзе хадзіць яшчэ і яшчэ, і будзе магчымасць кожны раз адкрываць у гэтым спектаклі нешта новае. Гэта ж цудоўна! Каб опера так вабіла і чапляла не толькі музыкай... Гэта той варыянт, калі сышлося ўсё: рэжысёрскае прачытанне, мастацкае адлюстраванне і спевы салістаў — аказваецца, усе нашы, усе працуюць выдатна, калі адчуваюць — дзеля чаго. І аркестр часам (здаецца!) адчувае, як дыхае спектакль, і ідзе ўслед за ім — тут менавіта гэта і трэба. Сышлося ўсё — і нарадзілася мастацтва.

Для Аляксандра Цітэля праца над «Багемай» не першая. Ён узначальвае оперную трупу Маскоўскага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, на сцэне якога ідзе гэты твор у яго ж пастаноўцы. Чым асаблівая беларуская версія?

 Опера была створана Пучыні ў канцы ХІХ стагоддзя і расказвала пра жыццё маладых творцаў, што імкнуліся ў Парыж у надзеі рэалізавацца. Гэта бліжэй да часу імпрэсіяністаў. А ўжо на пачатку ХХ стагоддзя Парыж стаў нефармальным цэнтрам мастацтва Еўропы, дзе віравалі розныя мадэрнісцкія ідэі і плыні. Менавіта гэты часавы перыяд больш прывабіў рэжысёра: у спектаклі дзеянне адбываецца прыкладна ў 20-я гады мінулага стагоддзя.

Мадэрнісцкія настроі ХХ стагоддзя, пошукі мастацкай свабоды і чалавечай шчырасці і праз сто гадоў прыцягальныя. Пастановачная група робіць рэверанс у бок Беларусі: на сцэне — творы Шагала, Суціна, Малевіча...

Час тут відаць не толькі як антураж — сам кантэкст існавання мастацтва і творчага асяроддзя для гэтай оперы вельмі важны. Таму праз гэтую гульню з часам праступае яшчэ вобраз самой творчасці: яна ў адмысловых і неверагодных строях артыстаў у масавых сцэнах — вы нібыта назіраеце за вуліцамі Парыжа з лавамі ды мінакамі. Творчасць увасабляе і кожны з сяброў: іх род заняткаў рэжысёр акцэнтуе ці то аркушамі паперы альбо кнігай, пэндзлем ці музычным інструментам. Кожны з чацвёркі імкнецца выжыць у гэтым горадзе, не губляе аптымізму: іх паглынаюць мары пра будучую выстаўку. І, здаецца, мы гэтыя мары «бачым» на свае вочы — карціны на заднім плане трансфармуюцца, перацякаюць адна ў адну, перадаючы настрой герояў, фактычна, жывуць разам з імі. Яны сугучныя і каханню, падкрэсліваючы рознасць яго праяў. Мімі змагаецца з хваробай, баіцца страціць каханага. Мюзэта — наадварот: нібыта гуляе пачуццямі свайго сябра.

Аўтар сцэнаграфіі Юрый Усцінаў, мастак па касцюмах Ірына Акімава згодна з рэжысёрскай канцэпцыяй стварылі мінімалістычныя дэкарацыі, якія могуць «ажываць» (дзякуючы прыёму «кінетычнага жывапісу»). Побытавы фактар мінімалізаваны: прадстаўнікі парыжскай багемы жывуць у вялікім памяшканні, знятым для правядзення выстаўкі. І ўсё на гэта працуе. Пераказваць мастацкі складнік новай «Багемы» — няўдзячная справа. Бо гэта трэба бачыць — мы ж ідзём на цікавую выстаўку.

Наогул, у гэтым спектаклі творчасць — ва ўсім: у дэталях, якія абазначаюць прастору, — ці гэта прыдуманая «чарачная» на заднім плане (які Парыж без кавярняў?), ці балкон для рамантычных прызнанняў у выглядзе пантофліка на высокім абцасе, ці кранальны ложак для апошняга ўздыху галоўнай гераіні. Тут прадуманы кожны момант, кожная мізансцэна: як героі знаёмяцца і як размаўляюць, што ў іх на стале, нават калі на сцэне сметніца, то яе існаванне абгрунтаванае дзеяннямі персанажаў, а калі патрэбна, з’яўляецца прыбіральшчыца, а за ложкам Мімі, нібыта за катафалкам, ідуць верныя сябры...

Чула оперу не адзін раз, але стрымацца было складана. І стала зразумела, што значыць пачуццёвасць оперы: калі за некалькі гадзін спектакля перажыў палітру адчуванняў, кожнае з якіх было рэальнае, бо нараджалася ў сэрцы, а ты сам з’яўляўся часткай гэтай чароўнай атмасферы, — і тады навошта стрымлівацца? І як магчыма не крычаць «брава» выдатнай Мімі ў выкананні маладой спявачкі Марты Данусевіч, якая шмат для каго можа стаць асабістым адкрыццём (выхаванка беларускай вакальнай школы, дарэчы). І Рудольф Аляксандра Міхнюка ды Марсель Уладзіміра Громава былі такія ж пераканаўчыя (не толькі ў спевах, але і ў акцёрскай ігры). І аркестр (дырыжор-пастаноўшчык — заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна) здолеў падкрэсліць ціхі момант развітання назаўсёды.

І карціны на сцяне перацяклі ў чорны квадрат, за якім, магчыма, нічога няма, акрамя самой містыкі мастацтва.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».