Вы тут

Уладзімір Цвірка. Скідзель


Каб максімальна адчуць захапляльную даўніну былога мястэчка Скідзель, што ў Гродзенскім раёне, адразу трэба накіравацца далей ад сучасных пабудоў, у той куточак, які, здаецца, і сёння трымае ў моцных абдымках частку цікавага мінулага. Таму запрашаю вас у старажытны, але вельмі маляўнічы і добра спланаваны сядзібны парк шляхецкага роду Чацвярцінскіх.


Не пашкодзіць згадаць аднаго з прадстаўнікоў гэтага роду — Антонія Святаполк-Чацвярцінскага, які ў 1773 годзе разам з Тадэвушам Рэйтанам адмовіўся на сейме падпісваць ганебны акт першага падзелу Рэчы Паспалітай. А пасля падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, у якім ён браў удзел, Антоній Чацвярцінскі быў арыштаваны і павешаны.

Сёння парк падзяляецца на дзве няроўныя часткі дарогай, якая выбягае з горада на Дэмбрава, і невялічкай рэчкай Спушанкай, што потым упадае ў раку Скідзялянку. З правага боку, калі ехаць з горада, большая частка сядзібнага парку сустракае нас вельмі цікавай брамай у стылі рамантызму. Вырашана яна, можа, нечакана, вежамі, якія, здаецца, стаяць тут з далёкага Сярэднявечча, хаця насамрэч пабудаваны ў самым канцы ХІХ стагоддзя. Уздымаюцца яны на розную вышыню: адна — амаль на сем метраў, другая — на два метры ніжэй. Кожная мае свой асобны ўваход, а паміж імі месцяцца каваныя вароты, праз якія ў мінулым праязджалі карэты ды вазы. За вежамі брамы раскінуўся парк.

Першыя звесткі пра Свідзель датуюцца 1498 годам. Тады паселішча ўваходзіла ў склад Гарадзенскага павета Троцкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1516 годзе гэта была маёмасць гарадзенскага старасты Юрыя Радзівіла, а ў 1588 годзе горад стаў цэнтрам воласці.

Вельмі значны гандлёвы і культурны штуршок горад атрымаў пасля прывілея, выдадзенага каралём Уладзіславам IV Вазам у 1644 годзе, які дазволіў жыхарам мястэчка два разы на год праводзіць вялікія кірмашы. У выніку Скідзель набыў шырокую вядомасць як гандлёвы цэнтр з аднаго боку на шляху з Гародні на Шчучын ды Ліду, а з другога — на Ваўкавыск і Зэльву.

Вялікія страты панесла Рэч Паспалітая, у тым ліку Вялікае Княства Літоўскае, падчас працяглай Паўночнай вайны, якая бушавала на яе землях у 1702—1708 гадах. Шмат нашых зямель Вялікае Княства Літоўскае было спустошана і разрабавана пры вядзенні баявых дзеянняў войскамі Швецыі і Расіі. Не пазбег разбурэнняў ды пажараў і Скідзель. Толькі дзякуючы вялікім намаганням мясцовых жыхароў горад падняўся з руін ды попелу. Жыццё было мацнейшае за наступствы вайны...

За брамай, злева ў парку, выдатна захаваліся гаспадарчыя пабудовы сядзібы Чацвярцінскіх, якія сёння даюць жытло жыхарам горада. А ў будынку млына, які стаіць на ўзнятым беразе Скідзялянкі, утульна размясцілася адміністрацыйная ўстанова. Трошкі далей ад брамы — будынкі кухні. Паркавыя алеі яшчэ захавалі былую веліч, а таксама сваю непасрэдную функцыю дзяліць прастору парка на самастойныя і ў нечым асаблівыя часткі.

Сядзібны дом не захаваўся. Няма і бровара. Знішчаныя будынкі цаглянага ды вапнавага заводаў. У свой час прадукты гаспадарчай дзейнасці актыўна вывозіліся па Нёмане ў гарады Еўропы, прытым на сваіх спецыяльных суднах ці платах. А везці было што. Сяляне, акрамя працы на палетках і ў сядзібе, мелі магчымасць прафесійна займацца рознымі рамёствамі. Далёка за ваколіцамі Скідзеля ведалі мясцовых цесляроў, сталяроў... Таленавіта выраблялі тут і разнастайны скураны абутак. У шматлікіх гандлёвых лаўках яўрэяў, якія складалі амаль палову жыхароў горада, заўсёды можна было набыць якаснае хатняе печыва з начынкамі.

Развітаемся з гэтай паловай парку і пойдзем цераз дарогу праз сучасны, але вельмі ўдала стылізаваны масток, у другую (не менш цікавую) яго частку.

Тут не адчуваецца разнапланавасці, яскрава выражаных кірункаў у ландшафтным дызайне. Здаецца, усё набліжана да нябачных прыродных законаў, адчуваецца вольнасць абшараў, менш прыкладзена працы рук і чалавечай фантазіі. Затое ў гэтай частцы парку з размахам гаспадарыць прырода. Да ўсяго нас чакае яшчэ адна архітэктурная каштоўнасць былога мястэчка — капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гэта радавая пахавальня князёў Чацвярцінскіх. Пабудаваная яна была з якаснай цэглы ў 1870 годзе. Ужо другое стагоддзе ў яе вонкавым абліччы пануе выразны гатычны стыль. І, ведаеце, толькі цяпер зразумеў, наколькі яскрава перагукаюцца дзве гэтыя пабудовы: вежы брамы і капліца. Яны размясціліся ў розных куточках парку, размежаваныя дарогай ды ракой, і маюць рознае прызначэнне. Але як выразна аб’ядноўваюць сабой гэтае асяроддзе парку, навакольных краявідаў і нават сучаснага ды мінулага ў жыцці прыгожага і ўтульнага беларускага гарадка!

Слова «скідзель» (тапонім) мае балцкае паходжанне і ўтвараецца ад слова «шчыт». Значыць, гэтыя архітэктурныя помнікі з назвай горада не толькі аб’ядноўваюць мінулае і сучаснае, але і бароняць яго разам з намі. Добра, што яны дайшлі да нас, нягледзячы ні на што.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.