Вы тут

Самыя разбуральныя ўраганы ў гісторыі


Магутныя ўраганы здаўна бушуюць на нашай планеце. Вельмі моцны і разбуральны у гісторыі быў зафіксаваны яшчэ ў кастрычніку 1780 года. «Сан-Калікста», ці Вялікі ўраган, забраў жыцці каля 27 тысяч чалавек. Глабальныя змены тэмпературы і клімату прывялі да таго, што і ў нашы дні на Зямлі бушуюць гэтыя моцныя катаклізмы.


Ураган — трапічны цыклон, які ўзнікае на тэрыторыі Атлантыкі, Карыбскага мора ці на ўсходзе Ціхага акіяна, пры якім вецер набывае вялікую разбуральную сілу. Само слова «ўраган» — гэта скажонае імя бога страху Хуракана ў індзейцаў паўднёваамерыканскага племя кічэ. На захадзе Ціхага акіяна ўраганы называюць «тайфунамі» (ад кітайскага «тай фунг», ці «тай фын», што азначае «вялікі вецер»), у Індыйскім акіяне і Бенгальскім заліве — «цыклонамі», каля берагоў Аўстраліі — «вілі вілі», у Акіяніі — «вілі вау», на Філіпінах — «багіа».

Шторм становіцца ўраганам, калі хуткасць ветру, які суправаджае яго, перавышае 119 кіламетраў у гадзіну. Імя прысвойваецца трапічнаму шторму, калі вецер, які суправаджае шторм, дзьме з хуткасцю больш за 62 кіламетры ў гадзіну. Трэцяя катэгорыя небяспекі прысвойваецца ўрагану, калі хуткасць ветру павышаецца да 178 кіламетраў у гадзіну. Стыхійнае бедства гэтай катэгорыі ўжо можа выклікаць разбурэнні будынкаў, паваліць дрэвы.

Самыя моцныя ўраганы звычайна бушуюць на ўзбярэжжах цёплых акіянаў і мораў. Ад іх больш за ўсё пакутуюць людзі ў Амерыцы, Мексіцы і на Кубе. Але клімат Зямлі змяняецца, і гэтыя стыхійныя бедствы цяпер не рэдкасць нават у Еўропе і Беларусі. Каб прадухіліць наступствы, сіноптыкі стараюцца загадзя прадказаць час і шляхі ўраганаў, а ўлады — прыняць патрэбныя меры для бяспекі людзей. Але часцяком усе старанні людзей бескарысныя перад неўтаймаванай моцай прыродных катаклізмаў. Вашай увазе прапануюцца самыя вядомыя разбуральныя ўраганы ў гісторыі чалавецтва.

«Бхола»

Бедства нябачанага маштабу абрынулася на Усходні Пакістан і Заходнюю Бенгалію (штат на ўсходзе Індыі) 12 лістапада 1970 года. Нягледзячы на тое што ўраган дасягнуў толькі трэцяй катэгорыі па шкале ўраганаў Сафіра-Сімпсана, ён стаў адным з самых пагібельных у гісторыі чалавецтва. Цыклон «Бхола» сфарміраваўся над Бенгальскім залівам яшчэ 8 лістапада, а потым стаў перамяшчацца на поўнач, адначасна набіраючы хуткасць. У момант яе піка ён дасягнуў берагавой лініі Усходняга Пакістана. Некаторыя населеныя пункты папросту сцерла ў парашок. Удар штармавога прыліву забраў жыцці мінімум 224 000 чалавек.

Ураган стаў сапраўды лёсавызначальным, паколькі змяніў карту дзяржаў. Рэзкая крытыка ўладаў за марудлівасць пры ліквідацыі наступстваў цыклона прывяла да таго, што на выбарах, якія адбыліся ў снежні таго ж года, перамагла ўсходнепакістанская апазіцыя. Працяглае супрацьстаянне, якое настала за гэтым, вылілася ў вайну. У выніку ўтварылася дзяржава Бангладэш.

«Сан-Калікста»

Ураган «Сан-Калікста», або Вялікі ўраган 1780 года, лічыцца самым смяротным штормам за ўсю гісторыю назіранняў Паўночнаатлантычнага басейна. Ён бушаваў з 9 да 20 кастрычніка і быў вельмі разбуральны. Хуткасць ветру ў момант абрушэння на Барбадас верагодна перавышала 320 км/г. Паводле сведчанняў відавочцаў таго часу, вецер быў «такі аглушальны, што людзі не чулі свайго голасу», а з дрэў, перад тым як іх паваліць, ён здзіраў кару. Нават цяжкія гарматы былі ссунутыя на адлегласць каля 30 метраў. Што ўжо казаць пра людзей — толькі на востраве Барбадас Вялікі ўраган забраў жыцці 4500 чалавек. Каля вострава Грэнада разбіліся 19 галандскіх караблёў, а ў Сент-Лусіі разнесла на трэскі флот брытанскага адмірала Джорджа Родні. Адзін з караблёў эскадры падняло і літаральна выкінула на будынак гарадской бальніцы, якая была непадалёк. Усяго «Сан-Калікста» загубіў каля 27 500 чалавек.

«Катрына»

Затоплены пасля «Катрыны» Новы Арлеан.

Адзін з самых вядомых у свеце і самы разбуральны за ўсю гісторыю ЗША. Фарміраванне «Катрыны» пачалося ў вобласці Багамскіх астравоў 23 жніўня 2005 года. Яшчэ да таго, як ён дасягнуў узбярэжжа Злучаных Штатаў, яму быў прысвоены пяты (апошні) узровень небяспекі па шкале Сафіра-Сімпсана. Праўда, за 12 гадзін да таго, як абрынуцца на ЗША, ураган усё ж аслабеў да чацвёртай катэгорыі. І ўсё роўна хуткасць ветру «Катрыны» дасягала 280 км/г. 27 жніўня ўраган дасягнуў узбярэжжа Фларыды, а затым павярнуў у бок Мексіканскага заліва. Штаты Луізіяна, Алабама, Фларыда і Місісіпі былі абвешчаныя зонай стыхійнага бедства, пачалася масавая эвакуацыя.

Новы Арлеан і яго наваколлі пакінула больш за мільён чалавек (каля 80 % усяго насельніцтва). Перад крамамі і аўтазапраўкамі выстраіліся кіламетровыя чэргі. Але пакінуць горад змаглі не ўсе — каля 150 000 гараджан, якія пражывалі за мяжой беднасці, не мелі магчымасці з'ехаць. Грамадскі транспарт спыніў работу, таму тым, у каго не было машыны, заставалася толькі схавацца ў крытым стадыёне пад назвай «Супердоўм», як параілі зрабіць гарадскія ўлады. 29 жніўня 2005 года ўраган дасягнуў Луізіяны і Місісіпі. Дамбы Новага Арлеана, 70 % тэрыторыі якога знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора, былі пашкоджаныя, пачалося затапленне горада. Дах «Супердоўма» моцна пашкодзіў вецер. «Катрына» забрала жыцці 1836 чалавек (з іх — звыш 720 у Новым Арлеане), эканамічны ўрон склаў каля $125 млрд.

«Ніна»

Гэта нават не тайфун, а супертайфун, які пранёсся над Кітаем і Тайванем у пачатку жніўня 1975 года. Ураган, хуткасць ветру якога дасягала 250 км/г, выклікаў моцную паводку, разбурыў найбуйнейшую ў кітайскай правінцыі Хэнань дамбу Баньцяа (прычым яна была сканструяваная такім чынам, каб перажыць паводкі, якія здараюцца не часцей за адзін раз у 1000 гадоў) і яшчэ 62 больш дробныя плаціны, сцёр з твару зямлі без малога 6 млн будынкаў. За ўвесь час катастрофы ўцечка вады склала 15,7 млрд м3. Паводка выклікала хвалю вышынёй ад 3 да 7 м і шырынёй 10 км.

Ураган «Ніна» забраў жыцці 26 000 чалавек (гэта толькі тыя, хто патануў) і стаў адным з самых разбуральных у гісторыі. Але гэтых ахвяр яму аказалася мала: больш за 145 000 людзей памерла пазней — ад голаду (загінулі пасевы і звыш 300 000 галоў жывёлы). Поўная колькасць ахвяр, па розных ацэнках, склала ад 171 000 да 230 000 чалавек, шкода ад урагану ацэньваецца ў $1,2 млрд.

«Айк»

Гэтаму ўрагану, які бушаваў у пачатку верасня 2008 года, была прысвоена чацвёртая катэгорыя небяспекі. Праўда, калі «Айк» 13 чысла дабраўся да паўднёвых раёнаў Тэхаса, ён аслабеў да другой катэгорыі, хуткасць ветру складала «ўсяго» 135 км/г. Тым не менш «Айк» змог разбурыць няўдачлівы гарадок Галвестан (у 1900 годзе тут таксама прайшоўся ўраган). Ад урагану загінула 195 чалавек. Аднак у гісторыю ён увайшоў як самы вялікі па памеры трапічны цыклон у Атлантыцы за ўсю гісторыю назіранняў — дыяметр шторму, па розных звестках, склаў ад 900 да 1450 км.

Акрамя гэтых глабальных стыхійных бедстваў вялікія разбуральныя наступствы пакінулі ў гісторыі і некаторыя іншыя прыродныя катаклізмы.

У 1900 годзе ў штаце Тэхас бушаваў ураган «Галвестан». Вецер дзьмуў з хуткасцю 215 км/г (4 катэгорыі). Гэта самае смяротнае бедства ў ЗША забрала жыцці 6000 людзей і разбурыла 3600 дамоў.

У жніўні 1969 года ўраган «Каміла» прайшоўся па Кубе і Мексіканскім заліве. Хуткасць ветру дасягала 310 км/г, вышыня хваляў — 7,3 м. Ён прывёў да паводкі і гібелі 259 чалавек. «Каміла» разбурыла ўсе будынкі ў вусці ракі Місісіпі і прынесла шкоду каля $9,14 млрд.

Ураган «Мітч» прайшоўся ў 1998 годзе па тэрыторыях Гандураса, Сальвадора і Нікарагуа. Хуткасць ветру дасягала 280 км/г. Загінула 11 тысяч чалавек, без прытулку засталіся 3 млн.

Супертайфун «Яланда» пранёсся над тэрыторыяй В'етнама і Філіпін у 2013 годзе, хуткасць ветру дасягала 389 км/г. Стыхія забіла 8 тысяч чалавек, 11 млн засталіся без жылля.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Гнеў прыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.