Вы тут

Афтальмолаг, дыетолаг і кухар расказалі, як клапаціцца пра здароўе вачэй


У Мінску прайшоў незвычайны майстар-клас ад дабрачыннага праекта «Я бачу!». Урач-афтальмолаг, дыетолаг і прафесійны кухар расказалі, як клапаціцца пра здароўе вачэй з дапамогай правільна падабранага рацыёну, і падзяліліся сакрэтамі прыгатавання нескладаных і карысных страў. Майстар-клас стартаваў у межах інфармацыйнай кампаніі «Я бачу ўсё, таму што харчуюся правільна».


Скумбрыя, запечаная з садавіной, прыгатаваная ўдзельнікамі майстар-класа.

Праект «Я бачу!», які рэалізуюць Беларускі дзіцячы фонд і кампанія velcom, аднавіў сваю дзейнасць пасля перапынку на летнія канікулы ў школах Брэсцкай вобласці. Мабільныя афтальмалагічныя брыгады абследавалі дзяцей у Жабінкаўскім раёне. Пасля гэтага эстафету прыняў Пружанскі раён — тут агляды пройдуць да 28 верасня. А з 1 кастрычніка брыгады ўрачоў-афтальмолагаў працягнуць выезды ў школы Бярозаўскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.

— Рэалізуючы гэты праект, мы імкнёмся зрабіць дыягнастычную дапамогу ўрачоў-афтальмолагаў больш даступнай для дзяцей, якія жывуць у сельскай мясцовасці: медыкі прыязджаюць у тыя населеныя пункты, дзе дзеці жывуць і вучацца, — кажа дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан. — Эфект гэтай дапамогі велізарны, бо чым раней будуць выяўлены парушэнні зроку, тым раней іх можна лячыць і не дапусціць сур'ёзных паталогій. Важнай з'яўляецца і інфармацыйная работа: і дзеці, і дарослыя павінны ведаць, што многіх захворванняў можна пазбегнуць, калі правільна харчавацца і рабіць зарадку для вачэй.

Праект «Я бачу!» рэалізуецца ўжо трэці год запар. За гэты час афтальмалагічныя брыгады абследавалі школьнікаў у Магілёўскай, Гомельскай, а сёлета — і ў Брэсцкай абласцях. Больш за 30 тысяч дзяцей атрымалі неабходную, але раней не заўсёды даступную ім кваліфікаваную дапамогу ўрачоў-афтальмолагаў. У 32,7 % школьнікаў былі выяўлены розныя паталогіі зроку. Больш чым палову гэтых выпадкаў — 54,3 % — складаюць парушэнні, якія ўдалося дыягнаставаць упершыню менавіта дзякуючы абследаванню мабільных брыгад афтальмолагаў. Ужо сёлета на першым этапе праекта «Я бачу!» абследавана 5835 дзяцей з 66 сярэдніх школ Маларыцкага, Камянецкага і Кобрынскага раёнаў.

— У захаванні добрага зроку харчаванне іграе не апошнюю ролю. Незбалансаваны рацыён, недастатковае ўжыванне гародніны, садавіны, зеляніны, нездаровыя перакусы могуць прывесці да многіх праблем — ад паніжанага тонусу вочнай мышцы і сіндрому сухога вока да парушэнняў у абменных працэсах сятчаткі і іншых сур'ёзных наступстваў, — расказвае ўрач-афтальмолаг Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы Крысціна Белянічава.

Дарэчы, карыснымі і неабходнымі для нашых вачэй з'яўляюцца такія прадукты, як рыба, морква, спаржавая фасоля, гарбуз, тварог, арэхі. На майстар-класе прыгатавалі некалькі нескладаных і смачных страў: ад запечанай з гароднінай скумбрыі да гарбузова-тварожнай запяканкі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Добра бачу, бо харчуюся правільна!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?