Вы тут

У сталіцы адкрылася дзявятая экасцежка


Вясной у Ленінскім раёне сталіцы, недалёка ад Лошыцкага парку, адкрылі экасцежку «Горад птушак». А цяпер побач з ёй з'явілася яшчэ адна — «Сярэбраны Лог». Новы «зялёны» маршрут працягласцю ў 800 метраў абсталявалі адукацыйнымі стэндамі і спецыяльнымі «кішэнямі» з лаўкамі.


Уваход на экасцежку — на перасячэнні вуліц Пляханава і Якубава, пачынаецца ён з назіральнай пляцоўкі. Далей маршрут падзелены на дзве часткі — пешаходную і веласіпедную. Мяркуецца, што хутка тут будуць праходзіць экскурсіі як для школьнікаў, так і для дарослых. Для гэтага на сцежцы ўстаноўлена дзевяць тэматычных стэндаў з інфармацыяй пра мясцовую флору і фаўну, а таксама пра некаторыя экалагічныя праблемы, напрыклад, інвазійныя віды ці лясныя пажары.

Па словах старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея Масляка, экасцежкі плануецца адкрыць у кожным раёне сталіцы, каб ніхто з жыхароў не быў абдзелены зялёнымі зонамі. Ленінскі раён у гэтым плане ўжо стаў унікальны: усяго за год тут з'явілася ажно дзве экасцежкі.

— Ідэя стварыць такія «зялёныя» маршруты ў горадзе з'явілася ўжо даўно. Нешта падобнае было зроблена ў 2010 годзе ў Цэнтральным раёне Мінска побач з заказнікам «Лебядзіны». У 2016-м гэту сцежку рэканструявалі, і ў тым жа годзе з'явілася яшчэ адна — у Каменнай Горцы. Мы ўбачылі, што жыхарам экасцежкі падабаюцца, таму фактычна ўключылі іх у праграму добраўпарадкавання горада, — падкрэсліў Сяргей Масляк.

І дадаў, што экасцежкі сёння — аб'ект не толькі рэкрэацыйны, але і адукацыйны, і ў нейкім сэнсе нават духоўны. Яны павінны вучыць людзей здаровым зносінам з прыродай і нагадваць, колькі побач прыгажосці. Гэта вельмі важна для гарадскіх жыхароў, асабліва тых, якія рэдка бываюць у лесе ці вёсцы.

Кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Пётр Шостак адзначыў, што з адкрыццём новай экасцежкі работа толькі пачынаецца.

— Мы стараемся прыслухоўвацца да жыхароў. Сёння людзі хочуць бачыць тут, напрыклад, яшчэ дзіцячую пляцоўку, і мы яе запланавалі. Але, хутчэй за ўсё, узнікнуць праблемы са смеццем. Цяпер за чысціню на тэрыторыі адказвае «Зелянбуд», тым не менш ад нас усіх залежыць, як будзе выглядаць сцежка праз некалькі гадоў, — падкрэсліў ён.

Кацярына ЦІТОВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Мінск пазелянеў!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».