Вы тут

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы


Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР. Яно і не дзіўна — акруга прыкрывала заходні, найважнейшы стратэгічны напрамак той краіны. І спадчынай той эпохі сталі ў тым ліку і тысячы вагонаў боепрыпасаў, тэрмін прыдатнасці якіх даўно скончыўся. Натуральна, паўстала пытанне — што з імі рабіць? Здавалася, самы лагічны спосаб — выкарыстаць па прызначэнні. Гэта значыць, узарваць на палігонах. Але ў такім выпадку губляюцца два каштоўныя рэсурсы.


Фота: topwar.ru

Па-першае, горныя работы немагчымыя без выкарыстання выбуховых рэчываў. У Беларусі яны актыўна выкарыстоўваюцца, напрыклад, на мікашэвіцкім «Граніце», віцебскім «Даламіце», шчэбеневым заводзе ў Глушкавічах. Па-другое, незваротна губляўся б каштоўны рэсурс у выглядзе металу. Што асабліва важна для Беларусі, дзе буйных радовішчаў жалезнай руды не выяўлена. І таму быў прыняты курс на ўтылізацыю боепрыпасаў. Гэта значыць, на максімальнае выкарыстанне іх кампанентаў у якасці другаснай сыравіны.

Аб тым, як жа гэта адбываецца, расказаў начальнік аддзела нагляду за бяспекай утылізацыі боепрыпасаў, вырабу і выкарыстання выбуховых матэрыялаў упраўлення нагляду за бяспекай горных і выбуховых работ, металургічных вытворчасцяў і ўтылізацыі боепрыпасаў Дзяржпрамнагляду Уладзімір Боеў.

10 тысяч вагонаў

Старт утылізацыі боепрыпасаў у Беларусі быў дадзены ў 1992 годзе. У сістэме Міністэрства абароны было створана сумеснае беларуска-амерыканска-англійскае прадпрыемства «Белканверс». Яно распачало сваю дзейнасць на тэрыторыі арсеналу пад Добрушам, дзе, па прыблізных падліках, захоўвалася каля 10 тысяч (!) вагонаў боепрыпасаў, у многіх з якіх выйшаў тэрмін прыдатнасці. Работа тут жа набыла істотны камерцыйны размах.

— Напрыклад, адзін кілаграм латуні каштаваў у тыя часы 1,7 долара, — кажа Уладзімір Боеў. — Здаецца, на першы погляд, няшмат. Але сярэдні заробак на прадпрыемствах тады складаў 20—30 долараў. Гільза ў снарадзе калібрам 122 міліметры змяшчае ў сабе 10 кілаграмаў латуні. Толькі за адну змену прадпрыемства магло перапрацаваць 600 снарадаў. Там працавала лінія, якая дазваляла разукамплектаваць артылерыйскія снарады гідрадынамічным метадам. Снарад «раздзіраўся», а выбуховае рэчыва адтуль проста вымывалася. Самае галоўнае, што гэтая трацілавая пульпа не перапрацоўвалася ў прамысловае выбуховае рэчыва, а проста ішла на склад мёртвым грузам. І гэта пры тым, што горназдабыўныя прадпрыемствы былі вымушаны закупляць узрыўчатку за мяжой!

Гісторыя першапраходцаў скончылася ў кастрычніку 1995 года. На прадпрыемстве пачалі асвойваць драбненне трубчастых бяздымных порахаў. Спроба гэтая мела трагічны фінал: здарыўся выбух і — пажар, загінулі чатыры работнікі сумеснага прадпрыемства.

Гэтая аварыя і стала тэмай першага пасяджэння Камісіі па надзвычайных сітуацыях, якое адбылося праз два месяцы. Было прынята рашэнне аб тым, што неабходна распрацаваць Дзяржаўную мэтавую праграму ўтылізацыі звычайных боепрыпасаў. А на ўзбраенне ўзялі досвед Расіі. Справа ў тым, што з-за геастратэгічнага месцазнаходжання ў Беларусі ніколі не было прадпрыемстваў збройнай прамысловасці. Натуральна, адсутнічалі і тэхнічныя нарматыўна-прававыя акты, і лабараторыі па даследаваннях, і навуковыя арганізацыі па распрацоўцы і вывучэнні ўласцівасцяў выбуховых рэчываў. Так у Беларусі і з'явіліся два цэнтры ўтылізацыі боепрыпасаў. Пад Добрушам вытворчасць была перазапушчана праз некалькі гадоў. Другой пляцоўкай стала мясцовасць непадалёк ад Віцебска.

Адметна, што новыя боепрыпасы, якія праектуюцца цяпер, робяцца з улікам магчымай утылізацыі іх у будучыні. Ствараць тэхнічную базу з «нуля» ўжо няма патрэбы.

На дапамогу прыходзіць парафін

У снарадзе ёсць тры віды ўзрыўчаткі. Перапрацаваць з іх можна на сёння толькі два. Па-першае, гэта выбуховае рэчыва ў самім снарадзе. Напрыклад, снарад калібрам 203 міліметры важыць больш за 100 кілаграмаў. Выбуховага рэчыва ў ім — больш за 16. Да таго ж магутнейшага за траціл больш чым у паўтара раза. Па-другое — порах, які выступае ў якасці метальнага зараду. І па-трэцяе, зарад у самім капсулі ці ўзрывальніку. Калі ўдарнік б'е па капсулі, то зарад у ім узрываецца і стварае полымя, якое падпальвае парахавы зарад. Вось гэты самы капсуль пакуль перапрацаваць немагчыма. Таму ён адпраўляецца толькі на знішчэнне.

 Фота: БелТА

— Сучасная тэхналогія ўтылізацыі досыць простая, — гаворыць Уладзімір Боеў. — Снарад разрываюць. У сістэму падаецца парафін з высокай тэмпературай, які плавіць траціл. Гэтая маса пераліваецца ў спецыяльны раздзяляльнік. Траціл больш цяжкі за парафін і таму асядае ўнізе. Парафін застаецца зверху і... падаецца на новы цыкл работы. Траціл жа выліваецца ў спецыяльны паддон, дзе ён крышталізуецца. А далей ён ідзе на выраб новай узрыўчаткі.

Метал, які застаецца ад снарада, правяраецца. Калі слядоў узрыўчаткі ў ім няма, то яго адпраўляюць на пераплаўку. Як правіла, снарад дае тры тыпы металу — жалеза, медзь і латунь. Адзінае выключэнне з гэтага правіла — цвердасплаўныя наканечнікі бранябойных снарадаў. Пакуль яны толькі назапашваюцца з-за таго, што няма тэхналогіі па іх перапрацоўцы.

Навошта пілаваць?

Стаўка за парушэнне тэхналагічнага працэсу ў справе перапрацоўкі боепрыпасаў — жыццё. Так, у пачатку нулявых гадоў прагрымеў выбух на заводзе ліцця і нармаляў у Гомелі. Туды на пераплаўку паступілі карпусы былых боепрыпасаў. Нехта недагледзеў, і разам з абясшкоджанымі балванкамі трапіў баявы, неразукамплектаваны снарад. У металургаў жа ёсць сваё правіла перад тым, як адпраўляць метал у печ на пераплаўку. У любой ёмістасці павінны быць прасвідраваны дзве дзіркі. Гэта трэба для таго, каб унутры, акрамя металу, нічога не было. Справа ў тым, што ад высокай тэмпературы ў плавільнай печы любое рэчыва расшыраецца і можа справакаваць выбух. Што і адбылося. Загінуў рабочы...

А аднойчы бацька і сын знайшлі невялікую 50-кілаграмовую бомбу, у якой не было ўзрывальніка. Крыху менш за палову вагі гэтай бомбы прыходзілася на траціл. Бацька працаваў зваршчыкам. Невядома чаму яму прыйшла ў галаву думка разрэзаць гэтую бомбу з дапамогай зварачнага апарата. Авантура скончылася трагічна для абодвух.

— А што рабіць са снарадамі часоў вайны, якія і дагэтуль знаходзяць падчас раскопак у нашай краіне?

— Іх можна толькі падрываць на палігонах, — адказвае Уладзімір Боеў. — Тыя снарады вельмі шмат часу праляжалі ў зямлі. І ў іх пайшла карозія элементаў. У якім яны стане, невядома. Асаблівую небяспеку ўяўляюць бомбы, якія ляжаць у зямлі. Калі ўзведзены ўзрывальнік, то любога неасцярожнага дотыку дастаткова, каб яна пасеяла вакол смерць... Знішчэннем такіх выбухованебяспечных прадметаў займаюцца ўнутраныя войскі МУС і інжынерныя войскі Міністэрства абароны.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: На бочцы з порахам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?