Вы тут

Куточак Беларусі ў Астане


У межах Міжнароднага кангрэса чытання, які адбыўся ў Астане ў Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Рэспублікі Казахстан, па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі быў адкрыты беларускі літаратурна-культурны цэнтр.


Падчас правядзення кангрэса пісьменнікі больш як 50 краін выказалі заклапочанасць культурай чытання ў сучасным свеце. Менавіта кніга, як прагучала падчас абмеркавання гэтай праблемы, з’яўляецца той непераўзыдзенай крыніцай ведаў, якая фарміруе чалавека як асобу. Мастацкая літаратура — своеасаблівы феномен, які абуджае ў чалавеку лепшыя якасці і ўзбагачае яго духоўны патэнцыял. Творцы падкрэслівалі значнасць чытання для будучыні, бо ад гэтага шмат у чым залежыць развіццё грамадства, узаемаадносіны паміж краінамі, сяброўства паміж народамі.

Асаблівую значнасць мае нацыянальная літаратура — як культурная і духоўная спадчына народа. Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах выступіла на кангрэсе з дакладам «Традыцыі і навацыі ў сучаснай беларускай літаратуры», прадставіла айчынную літаратуру, вытокі якой ідуць з глыбыні стагоддзяў, і распавяла пра новыя тэндэнцыі беларускага мастацкага слова.

Адкрыццё беларускага літаратурнакультурнага цэнтра ў галоўным кніжным храме Астаны дазволіць бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю казахстанскаму чытачу, запэўніла дырэктар бібліятэкі Умітхан Муналбаева. Пра важнасць чытання і пра тое, што Беларусь застаецца адной з краін, якія чытаюць найбольш, паведаў другі сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Ігар Іваноў.

Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Казахстана падаравана бібліятэчка Саюза пісьменнікаў Беларусі з творамі класікаў нацыянальнай літаратуры і з кнігамі сучасных пісьменнікаў, іх аўтографамі і пажаданнямі.

Казахстанскаму боку былі перададзены і своеасаблівыя сімвалы Беларусі — макет самага вялікага кар’ернага самазвала БелАЗ і макеты трактароў Мінскага трактарнага завода.

Акрамя таго, у бібліятэчнай зале «Мастацтва» адбылася прэзентацыя творчага праекта з Беларусі — кнігі і фотавыстаўкі Уладзіслава Цыдзіка з аднайменнай назвай «Бачу Беларусь такой». Дарэчы, у выданні змешчаны вершы 65 сучасных беларускіх паэтаў. Усё гэта стала асновай для літаратурнакультурнага цэнтра, які мае намер умацаваць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Анатоль Нічкасаў. Анатоль Іванавіч выказаў жаданне папоўніць фонды акадэмічнай бібліятэкі кніжнымі навінкамі з Беларусі. Гэтаму рады і ўдзельнікі беларускага культурнага цэнтра «Радзіма», які аб’ядноўвае беларусаў Астаны. Яго старшыня Дзмітрый Астаньковіч адзначыў важнасць сувязі з радзімай і запэўніў, што і за яе межамі беларусы робяць усё магчымае, каб умацоўваць аўтарытэт сваёй Айчыны.

Падчас адкрыцця цэнтра прагучалі шчырыя песні пра Казахстан і Беларусь барда Генадзя Парыкіна, які больш як 30 гадоў пражыў у Казахстане і вярнуўся ў Беларусь.

— Наша супрацоўніцтва яшчэ раз пацвярджае вялікую дыпламатычную місію кнігі, — падкрэсліла Алена Стэльмах. — Мы вельмі рады, што літаратура служыць збліжэнню народаў, нашаму духоўнаму сваяцтву. Паміж літаратарамі Беларусі і Казахстана існуюць даўнія творчыя сувязі. Сімвалічна, што ў вельмі прэстыжным месцы Астаны — акадэмічнай бібліятэцы— будзе яшчэ адзін куточак Беларусі.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.