Вы тут

«Знайсці ў сабе сябе самога». Думкі пра паэзію


Паэзія і ёсць тая самая рэч, дзе ўсё падпарадкавана пошуку. Яна нават не прапануе, а загадвае: «Ідзіце і шукайце!» А дзе ж шукаць? Найперш за ўсё — у сабе самім, чаго і дамагаўся вялікі А. Твардоўскі і чые словы я вынес у загаловак.


У паэзію кожны прыходзіць сваім шляхам, але заўсёды праз таямніцу, разгадваючы яе, блытаючыся, расчароўваючыся, шмат разоў перакрэсліваючы ўсё, а таямніца і пасля адыходу паэта так і застаецца таямніцай. Але шукаць разгадку варта і трэба.

Даўно, яшчэ на самым пачатку, прамовілася: «Я з пушчы». Так і верш назваўся. Так і кніга. Але ў паэзіі нешта толькі прамаўляць — вельмі мала. Трэба жыць гэтым прамоўленым. Я і жыву. А таму і пушча жыве ў кожным маім вершы, пра што б ні пісалася. Нават калі гэта будзе самае найдалікатнейшае, скажам, тое ж каханне. А таму я сваю каханую запрашу не ў нейкую там сучасную кавярню, а туды, у пушчанскія сховы, дзе будзе і зялёна, і спеўна, і сумна, і першародна. З усіх нашых паэтаў я, напэўна, самы лясны. Толькі таму «хоць рос я, гледзячы на лес, а вырас, лес шануючы». Шаную яго, малюся на яго і за яго плачу, бо часта бачу, як не шкадуюць яго самі леснікі. Гэта не пахвальба. Памятаю, як некалі таленавіты Міхась Стральцоў (а мы з ім працавалі ў адным аддзеле часопіса «Полымя»), зусім не расхвальваючы маіх вершаў, казаў мне: «Падабаецца мне твая вернасць пушчы». І гэтага было дастаткова, каб сцвярджаць сабе і іншым тую вернасць. І сёння дастаткова. І слова «карані» для мяне значыць ой як шмат! Я нарадзіўся ў былым Івянецкім (цяпер Стаўбцоўскім) раёне, у самым пачатку Налібоцкай пушчы. Мая малая радзіма, мая малая вёсачка так і называецца — Малыя Навікі. Тут, у самой назве, столькі месца для жарту: «Ці будзеш паэтам вялікім, калі ты з Малых Навікоў!..» Яшчэ да з’яўлення на гэты свет край наш называлі панскай Польшчай. Але калі я аднойчы на гэты свет з’явіўся, ніякіх паноў тут і заваду не было. Але быў панскі маёнтак. Панскія пакоі нам аддалі пад школу. Так і называлі нашу школу — пакоямі. Меўся на ўвазе пад гэтым увесь будынак. На палац ён, магчыма, не цягнуў, але быў увесь белы, як цукар. Дождж часу потым змые яго белізну, але пакіне ў памяці светлы ўспамін пра далёкае дзяцінства, дзе і пачыналася тая самая паэзія.

Ад былога палаца засталіся толькі шэрыя сцены ды старая лістоўніца. Я часта прыходжу да гэтых сцен, прыхіляюся да старога зморшчыстага ствала лістоўніцы, і з кроны яе, як і тады ў дзяцінстве, сцякае за каўнер лагодны дожджык добрых згадак, сумнага, светлага і незваротнага. Пад струмені выціраеш на вачах і слязу. Так шмат светлага, белага і чыстага змыта бязлітаснымі дажджамі часу!

Часу можна ўсё дараваць. Можна шмат чаго дараваць і паэту, які ў старасці любіць выціснуць з сябе сентыментальную слязу. Нельга толькі дараваць раўнадушша, якое ад чытача ніколі не схаваеш. Там, дзе вакол шмат абыякавасці, чэрствасці, неахайнасці, звычайнага хамства, паэт павінен падаваць свой голас першым, а не быць нейкім пабочным сузіральнікам. Вядома, крок першапраходцы заўсёды цяжкі і адказны, часам нават рызыкоўны. Але паэзія здольная на ўсё, на што здольны сам чалавек.

Добра, што паэзія не здае сваіх вышынь, заваяваных яшчэ нашымі папярэднікамі. Два пакаленні вялікіх паэтаў, два паэтычныя выраі прамільгнулі перад маімі вачыма. Першыя прайшлі праз цяжкія выпрабаванні вайны, праз шэрыя засценкі ГУЛАГа, другія падалі свой трубагучны голас ужо ў часы славутай хрушчоўскай адлігі. Да гэтага, другога, выраю далучыліся і мы, крыху маладзейшыя за іх.

Ледзь не ўсё жыццё блукае са мной па дарогах і прыстанішчах адна вельмі дарагая для мяне кніга. Гэта першая айчынная анталогія пазіі («Беларуская савецкая паэзія»). Яна выдадзена ў 1949 годзе, а ў рукі мне трапіла недзе ў пачатку пяцідзясятых. Я назаўсёды «пазычыў» яе ў сваёй цёткі Ванды, першай астраўской пасляваеннай бібліятэкаркі. Добра пацерліся, набраліся змрочнасці моцна пераплеценыя цвёрдыя вокладкі, пажоўклі, як восеньскі ліст, старонкі, а кніга жывая, чытэльная і дарагая. Церлася яна і ў маёй вучнёўскай сумцы, і лёгка гарталася ў студэнцкім інтэрнацкім пакойчыку на Свярдлова, дзяліла са мной армейскія будні ў ваенных гарнізонах Падмаскоўя, пераязджала з кватэры на кватэру ў Мінску і нідзе ні разу не згубілася. Ёй вельмі цёпла са мной там, у роднай бацькоўскай хаце. Адгарну яе першую вокладку. А там алоўкам выведзеныя нейкія няўпэўненыя радкі пра даўнія вясковыя будні. Паперы тады бракавала, і першыя свае паэтычныя практыкаванні я тварыў пад сховамі школьных падручнікаў ды іншых кніг. Я часта гартаю гэты мой жыццёва-дарожны паэтычны «дапаможнік», дзе шчыра ўсміхаюцца мне з маладых фотаздымкаў і Аркадзь Куляшоў, і Пімен Панчанка, і Анатоль Вялюгін. У ваенным кіцелі прыўсміхаецца капітан Пятро Прыходзька. І падае голас усмешлівы Адам Русак з яго песняй «Бывайце здаровы». Першыя два галоўныя месцы адведзены песнярам Янку Купалу і Якубу Коласу. У большасці вершаў гучыць тое сталёвае слова «Сталін», ад якога яны потым будуць настойліва пазбаўляцца, там, дзе можна, замяняючы яго на слова «Партыя». «Быў час, быў век, была эпоха», — сцвярджае ананімны паэтычны летапісец. Але і была паэзія. Залатыя драбніцы яе так шчодра рассыпаны па кнізе. Мабыць, я сам надзяліў чымсьці магічным гэту старую кнігу, бо калі бывае самотна на душы, калі не пішуцца вершы, я звяртаюся толькі да яе, і дапамагае.

Сённяшнія маладзейшыя за мяне, і мала мала-дзейшыя, і добра маладзейшыя, рэдка згадваюць іх, добрыя два пакаленні і цікавых, і таленавітых, і розных паэтаў, творчасць якіх прыпала і на вайну, і больш як на чатыры пасляваенныя дзесяцігоддзі. А там якія імёны! Во ў каго трэба вучыцца! А ў паэзіі, як і наогул у жыцці і ў любой творчасці, без вучобы, без шчырага ўдзелу настаўніцтва, відаць, немагчыма. Няма ў нас пакуль што паэтычных акадэмій, хоць з’яўляюцца ўжо нейкія паэтычныя тэатры, няма звання дактароў і кандыдатаў паэтычных навук, але ёсць вялікія імёны. Перад імі я нізка схіляю галаву, у іх мушу вучыцца. Нездарма ж калісьці таленавіты і патрабавальны Я. Вінакураў усклікнуў: «Художник. Научи ученика, что б было у кого потом учиться!»

Калі размова заходзіць пра паэзію, ёсць такая патрэба душы: заўсёды хочацца вярнуцца ў сваю маладосць. Да самага пачатку. У маладыя гады я сапраўды меў нейкія паэтычныя крылы, што рэдка адчуваю сёння. Бо шмат было тых, хто пазычаў сілы для ўзлёту. Той жа Алег Лойка з нашага ўніверсітэта, які так і назваў літаб’яднанне — «Узлёт». Узляталі! І яшчэ як дружна. А Іван Калеснік з «Чырвонай змены», якога згадвалі ўдзячна многія, у тым ліку Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Паўлаў. Сам І. Калеснік пісаў мала і даволі цяжка. А іншых вельмі шчыра падтрымліваў. Руку падтрымкі падалі мне ў маладосці два вялікія майстры слова — Анатоль Вялюгін і Мікола Аўрамчык. Дзякуй ім за гэта!

Толькі аднаго вопыту ў літаратуры малавата. Трэба мець заўсёды свежае, абвостранае адчуванне часу. Узрост часам тут не лепшы дарадчык. Ну а маладзейшым хацелася б пажадаць большай заземленасці. Тым, хто спрабуе адарвацца ад зямлі, сягнуць за айчынныя далягляды, варта памятаць, што вяртацца на зямлю ўсё ж некалі давядзецца. Няважна, якім чынам. Не чужое, запазычанае, але пасаджанае ў нашу глебу дадае нам нашасці, — толькі сваё роднае, сакаўное ды караністае. Трэба заўсёды памятаць і пра наш багаты фольклор. Колькі разоў паэзія ўцякала ад яго і зноў туды ж вярталася. Бо там жа вытокі. Добра, што паэзія не здае сваіх вышыняў, як я ўжо казаў раней. Шкада, што цяжкавата заваёўвае новыя. Радасна, што ў ёй па-ранейшаму вельмі плённа твораць такія паэты, як Мікола Маляўка, Мар’ян Дукса, Уладзімір Скарынкін, Валянціна Паліканіна, Ганад Чарказян, Алесь Бадак, Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп. Спіс можна доўжыць. З маладзейшых хачу назваць Ірыну Дубашынскую, Кацярыну Масэ, Максіма Кішчанку, Алену Карасёву. Магчыма, самыя галоўныя вышыні яшчэ наперадзе.

Зноў вяртаючыся да сваіх родных мясцін, хачу засведчыць, што чалавеку, народжанаму ў вёсцы, у ёй, малой, заўсёды ўтульней, чым у вялікім і шумлівым горадзе, куды мы заўсёды так імкнёмся, куды рваўся некалі і я. А калі ехаў нядаўна ў Іванава на юбілейнае свята нашага пісьменства, напісаліся такія радкі:

Як маці родная, яна адна,

На свет вачыма яе глядзім мы.

Вучыць, турбуе, шануе нас

Яе вялікасць МАЛАЯ РАДЗІМА.

Я часта думаю пра сваё пушчанскае паходжанне. Калі і забраць у мяне ўсё гэта пушчанскае, усё адно буду спяваць голасам пушчы, бо яна прарасла праз мяне сваімі птушкамі і дрэвамі, сцяжынамі і гушчарамі, і я прарос праз яе сваімі думкамі. І самыя вясёлыя, і самыя сумныя акорды жыцця мне даводзілася чуць толькі тут, у пушчы.

Часам я кажу сам сабе: «Свет вялікі, а Малыя Навікі малыя. Але малыя яны толькі ў параўнанні з вялікім светам». Усё вялікае вырастае з малога. Гэта заўсёды варта памятаць. І ўсё маё творчае кожнай жылкай знітавана з родным пушчанскім куточкам. Не трэба забывацца, што ў маленькай вёсачцы жывуць людзі, якія прапісаны сэрцам да вялікай краіны. А яна, Беларусь, не такая ўжо і малая. Толькі адна Налібоцкая пушча мае плошчу каля 140 тысяч гектараў. А з пушчаў у нас не яна адна.

Паэты любяць параўнанні. Некалі і Беларусь параўноўвалі то з дубовым, то з кляновым лістком, то з выявай белавежскага зубра. У кожнага паэта сваё асабістае ўяўленне. Цяжка параўноўваць краіну з чымсьці, калі яна сама сабе — найлепшае параўнанне. А гэта значыць — яна непаўторная. Яе дарагі абрыс добра акрэслены ліловым пяром маланкі — самы лепшы малюнак нашай непаўторнасці і вечнасці. Відаць, і паэту нялішне будзе памятаць, што ў жыцці мудрэйшага за само жыццё нічога не бывае, бо яно створана па сваім мудрым чарцяжы самым наймудрэйшым Творцам.

А сутнасць самой творчай задачы паэта я сфармуляваў у тым самым кароткім вершы, які ўключаны ў кнігу «Высокі бераг»:

Шукаць у кветак залаты нектар

І спелай ягадцы глядзець у твар,

Травінкай ціха вусны саладзіць,

Лавіць пылінак залатую ніць,

І чуць, што ўсім, як і табе, баліць

І хопіць.

Дастаткова.

Бо ўсё гэта

Каштуе многа —

Сутнасці паэта!..

Казімір КАМЕЙША

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».

Грамадства

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Алене хутка будзе 44, яна выкладае ў адным са сталічных універсітэтаў. 

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю.